Куды і як ляцяць на зімоўку поплаўныя луні з Усходняй Беларусі: вынікі спадарожнікавага сачэння + мапы + VIDEO

поплаўны лунь

У ліпені 2014г. намі былі прымацаваныя спадарожнікавыя перадатчыкі РТТ-100 на 5 дарослых поплаўных луней (Circus pygargus) (3 самкі і 2 самцы) на той самай полукалоніі віду ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці (У Беларусь). Усе луні, якіх атрымалася прасачыць да месцаў зімоўкі ў зоне Сахель і назад на месцы гнездавання, выкарыстоўвалі т.зв. петлявыя міграцыі. Нашы птушкі зімавалі ў Чадзе, Камеруне, Нігеры і Нігерыі на найбольшай адлегласці ад 4944 да 5180 км па прамой ад месцаў гнездавання. Некаторыя з лунёў выкарыстоўвалі штогод амаль тыя самыя месцы зімоўкі і найбольш аддаленыя там адна ад адной кропкі склалі 261 км, іншыя карысталіся рознымі месцамі пад час зімавання з найбольш аддаленымі кропкамі нават да 950 км у розныя зімы.

 

Уводзіны. Дзякуючы мініатурызацыі спадарожнікавых перадатчыкаў, іх выкарыстанне для вызначэння асблівасцяў міграцыі і зімоўкі становіцца ўсё больш папулярным і даступным для большай колькасці відаў птушак. Для Беларусі ўпершыню гэтыя прылады былі выкарыстаныя намі на поплаўных лунях у 2007 г., калі перадатчыкі былі замацаваныя на ad. самцы і juv. самцы з той самай полукалоніі ў Гродзенскім раёне; частка інфармацыі пра іх шляхі міграцыі і месцы зімоўкі ў Афрыцы была апублікаваная [2].

У 2008 г. праект быў працягнуты ў розных месцах і ў Гродзенскім і Бераставіцкім раёнах былі павешаныя перадатчыкі на 2 ad. і 1 juv. самку і на 1 ad. самца. У 2014 годзе ва Усходняй Беларусі перадатчыкі атрымалі 3 ad. самкі і 2 ad. самца. На момант публікацыі працаваў толькі адзін перадатчык, які атрымала ad. самка (Ludmila) з апошняй групы і за яе перамяшчэннямі можна сачыць он-лайн дзякуючы рэгулярным абнаўленням інфармацыі ТУТ [1].

птушка

Матэрыялы і метады. У трэцяй дэкадзе ліпеня 2014 г на адной полукалоніі, гнездаванне луней на якой адбывалася ў пустырнай расліннасці вакол былой жывёлагадоўчай фермы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці недалёка ад мяжы з Расійскай федэрацыяй, намі былі злоўленыя і забяспечаныя спадарожнікавымі перадатчыкамі 3 ad. самкі і 2 ad. самца поплаўнага луня. Асаблівасці гнездавання віду ў розных раёнах Магілёўшчыны даследаваліся намі ў той самы гнездавы сезон і былі апублікаваныя раней [3]. На ўсіх птушках выкарыстоўваліся перадатчыкі тыпу РТТ-100 (Platform Transmitter Terminal), якія выпускае кампанія Microwave Telemetry, Inc. (http://microwavetelemetry.com). Разам з тэфлонавай цясьмой, клеем і металічнымі зажымамі перадатчык такога тыпу важыць 14 г, што складае 4-5% ад масы дарослага поплаўнага луня і змяшчаецца ў межах бяспечнай для нармальных паводзін птушак дадатковай для іх пастаяннай вагі. Перадатчык замацоўваецца на спіне птушкі як заплечнік, прычым цясьма абхоплівае плечавыя косткі як лямкі. Ён не змяшчаецца пад час рухаў птушкі і не раздражняе скуру.

птушка

Для вызначэння месцазнаходжання птушкі з перадатчыкам з дакладнасцю пр. 150 м выкарыстоўваецца некалькі спадарожнікаў, якія ўдзельнічаюць у праграме Argos. Перадатчык ў зоне дасягаемасці спадарожнікаў мог дасылаць да 24 пазіцый птушкі ў суткі. Адлегласць паміж рознымі пунктамі з дакладнасцю да 1 км вызначалася ў праграме Google Earth як ‘ground length’ і як адлегласць па прамой лініі (калі ў тэксце не ўказана іншае).

https://youtu.be/GbVN-MY49DA

https://youtu.be/sYlg_Kd8Flo

https://youtu.be/I_6JWtsx6Eo

Вынікі. Самка Мсціслава (Mstsislava). Дадзеныя ёсць толькі да пачатку восені 2014 г., калі перастаў працаваць перадатчык. Пасля пачатку восеньскай міграцыі 02.08, калі самка праляцела за дзень на поўдзень пр. 172 км, птушка знаходзілася да 06.08 у Бранскай вобл. Расіі і розных абласцях Украіны. Потым з Днепрапетроўскай вобл. Украіны нечакана да 10.08 праляцела амаль беспасрэдна на ўсход 565 км і апынулася ў Валгаградскай вобл. Расіі, адкуль павярнула назад, на захад, і з раніцы 06.09 да раніцы 07.09 з Крыма пераляцела над вадой у адным з самых шырокіх месцаў Чорнае мора ў Турцыю. За 22 гадзіны палёту над вадой адлегласць паміж некалькімі атрыманымі спадарожнікам кропкамі-каардынатамі склала 425 км, па прамой - 388 км. Перадатчык гэтай самкі перастаў працаваць 22.09.2014 г. у Паўднёвай Турцыі, параўнальна недалёка ад мяжы з Сірыяй і ўзбярэжжа Міжземнага мора. (Мал. 1)

мапа міграцыі

Малюнак 1 – Восеньская міграцыя 2014 г. самкі поплаўнага луня (Circus pygargus) Мсціславы.

Самка Наталія (Natalia). Яе перадатчык перастаў дасылаць сігналы 11.08.2014 г. Перад гэтым, пад час перадміграцыйнай качоўкі, яна 03.08. найдалей адляцела на паўночны ўсход ў Смаленскую вобл. Расіі на 59 км ад месца гнездавання.

https://youtu.be/_MZArmi1KWY

https://youtu.be/Ck1FNRODOxA

Самец Leen. Яго перадатчык перастаў працаваць троху больш, чым праз год работы - 01.09.2015 г. За гэты час самец злятаў усходне-еўрапейскім шляхам (праз Турцыю) на зімоўку ў зону Сахель і зімаваў там ў Паўднёва-Заходнім Чадзе, Паўночным Камеруне і Усходняй Нігерыі на найбольшай адлегласці ў 5180 км ад месца гнездавання ў 2014 г.. найбольшая адлегласць паміж месцамі зімоўкі там была 346 км па прамой. Вяртанне вясной на месца гнездавання ў Смаленскую вобл. Расіі атрымалася тыповым прыкладам т.зв. петлявой міграцыі (‘loop migration’) – калі птушкі вяртаюцца выразна іншым шляхам з месцаў зімоўкі, чым ляцяць туды. Гэты самец вяртаўся праз Сіцылію і Італію – адзін са шляхоў міграцыі луней з цэнтральна-еўрапейскіх папуляцый. Найбольшая адлегласць паміж дакладнымі кропкамі восеньскай і вясновай міграцыі ва Усходнім Егіпце і Цэнтральнай Лівіі склала 1216 км, а паміж месцамі перасячэння афрыканскага ўзбярэжжа Міжземнага мора з лініямі найбольш імавернага палёту луня увосень і вясной нават 1479 км! (Мал. 2)

мапа міграцыі

Малюнак 2 – Петлявая міграцыя 2014-15 гг. самца поплаўнага луня (Circus pygargus) Leen`a.

Самец Юра (Yura). Яго перадатчык перастаў дасылаць сігналы 14.06.2016 г. За амаль два гады работы перадатчыка самец двойчы злятаў усходне-еўрапейскім шляхам (праз Турцыю) на зімоўку ў зону Сахель і зімаваў там ў Заходнім Чадзе і Паўночным Камеруне на найбольшай адлегласці ў 4944 км ад месца гнездавання ў 2014 г.. Найбольшая адлегласць паміж месцамі зімоўкі - 261 км па прамой лініі. Вяртанне вясной на месца гнездавання ў Магілёўскую вобл. двойчы было петлявой міграцыяй: гэты самец вяртаўся праз Грэцыю – адзін са шляхоў міграцыі луней з усходне-еўрапейскіх папуляцый. Найбольшая адлегласць паміж дакладнымі кропкамі восеньскай і вясновай міграцыі ў 2014-15 гг. у Паўночным Егіпце і Цэнтральнай Лівіі склала 1548 км і ў 2015-16 гг. у Цэнтральным Егіпце і Заходняй Лівіі адпаведна 1392 км, а паміж месцамі перасячэння афрыканскага ўзбярэжжа Міжземнага мора з лініямі найбольш імавернага палёту луня увосень і вясной 2014-15 гг. 1310 км і ў 2015-16 гг. – 1286 км (Мал. 2). Аднак месцы найбольш імавернага перасячэння Міжземнага мора на афрыканскім узбярэжжы ў вёсны 2015-16 гг. адрозніваліся толькі на 48 км, а ўвосень 2014 і 2015 гг. – на 88 км, г. зн. іх можна лічыць параўнальна блізкімі і пастаяннымі, як і шляхі восеньскіх міграцый (як мінімум з Турцыі да месца зімоўкі) і само месца зімоўкі.

мапа міграцыі

Малюнак 3 – Петлявыя міграцыі 2014-16 гг. самца поплаўнага луня (Circus pygargus) Юры.

Самка Людміла (Ludmila). Перадатчык працуе ўвесь час з моманту актывацыі ў ліпені 2014 г. [1]. Тут мы аналізуем дадзеныя, атрыманыя да 23.07.2017 г. За гэты час самка тройчы ляцела усходне-еўрапейскім шляхам (двойчы праз Турцыю і адзін раз праз Грэцыю) на зімоўку ў зону Сахель. Найбольшай стала адлегласць паміж месцам зімоўкі ў Паўднёва-Заходнім Чадзе і месцам гнездавання ў Віцебскай вобласці ў 2015 г. – 4958 км.

Трасы вясновай міграцыі вельмі адрозніваліся ўсе тры гады і найбольшая адлегласць паміж імі ў 2016 і 2017 гг. ў Афрыцы была нават 1765 км! Паміж трасамі пралёта ў 2015 і 2016 гг. найбольшая адлегласць была 820 км і паміж 2017 і 2015 гг. 947 км адпаведна.

Таксама не былі пастаяннымі і месцы зімоўкі гэтай самкі: яна зімавала ў 2014-17 гг. у Чадзе, Камеруне, Нігеры і Нігерыі. Найбольшая адлегласць паміж месцамі зімоўкі ў Заходнім Чадзе і Паўднёвым Нігеры склала ажно 950 км (студзень 2015 і студзень 2017 гг.) (мал. 4)!

мапы міграцыі

Малюнак 4 – Петлявыя міграцыі 2014-17 гг. самкі поплаўнага луня (Circus pygargus) Людмілы.

Падзякі. Мы ўдзячныя за апрацаванне дадзеных з перадатчыкаў Raymond’у Klaassen’у з Werkgroep Grauwe Kiekendief і іншым сябрам і калегам за дапамогу ў правядзенні даследаванняў віду, а таксама WWF-Deutschland, WWF-Netherlands, Deutsche Bundesstiftung Umwelt за супрацу і фінансавую дапамогу, асабліва ў набыцці спадарожнікавых перадатчыкаў і аплату дадзеных з іх.

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. SATELLIETROUTE GRAUWE KIEKENDIEVEN 2017/2018 [Электронны рэсурс] – Рэжым доступа: http://werkgroepgrauwekiekendief.nl/index.php?id=207&action=satelliet/2… – Дата доступа: 30.09.2017.

2. Винчевский, Д. Е. Спутниковое слежение за луговыми лунями (Circus pygargus (L.)) из Западной Беларуси: предварительные данные / Д. Е. Винчевский, B. J. Koks, C. Trierweiler, E. Visser // Новітні досліження Соколоподібніх та Сов. – материалы ІІІ Міжн. наук. конф. “Хижі птахі Украіни”. м. Кривий Ріг, 24–25 авг. 2008. – Кривий Ріг, 2008. – С. 65–72

3. Вінчэўскі, Дз.Я. Некаторыя асаблівасці гнездавання поплаўнага луня (Circus pygargus) на Магілёўшчыне (Усходняя Беларусь) / Дз. Я. Вінчэўскі, B.J.Koks, A.Schlaich, Ю.Лукашэнка // Зоологические чтения – 2017: Сборник статей Международной научно-практической конференции (Гродно, 15–17 марта 2017 г.) / О. В. Янчуревич (отв. ред.) [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2017. – C. 46-48

 

Flight ways and wintering grounds of the Montagu`s harriers (Circus pygargus) from Eastern Belarus on the base of data received from satellite transmitters

by Dz.Vincheuski, B.J.Koks, A.Schlaich, Y.Lukashenka

During breeding season in July 2014 we attached satellite transmitters on 5 ad. birds (3 females and 2 males) from the same semicolony situated at Krychau district of Mahiliou region (E Belarus) as a continuation of our study on the migration routes and winter grounds of the species from Europe. We found that all our satellite tracked harriers used loop migrations comparing autumn and spring flight ways as well as all of them wintering in Sahel zone in Chad, Cameroon, Niger and Nigeria at distances from 4944 up to 5180 km in straight line far from nesting place. Some of the birds seem to use quite constant wintering grounds with the most distant points up to 261 km, the others used quite different places in winter up to 950 km in different years. We are thankful to Raymond Klaassen from Werkgroep Grauwe Kiekendief and other our friends who helped in field, as well as for WWF-Deutschland, WWF-Netherlands, Deutsche Bundesstiftung Umwelt for cooperation and financial support.

 

Апублікавана:

Дз.Я.Вінчэўскі, B.J.Koks, A.Schlaich, Ю.А.Лукашэнка Шляхі міграцыі і месцы зімоўкі поплаўных луней (Circus pygargus) з Усходняй Беларусі па дадзеных, атрыманых дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам // Актуальные проблемы зоологической науки в Беларуси: Сб. статей XI Зоолог. Международ. научно-практ. конференции, приур. к десятилетию основания ГНПО «НПЦ НАН Беларуси по биоресурсам», Беларусь, (Минск), 1-3 ноября 2017 г. / редкол.: О.И. Бородин и др. - Т. 1. Минск: Издатель А.Н. Вараксин, 2017. - с. 32-38

Здымкі Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

 

На гэтую тэму:

Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?

НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАПАМАГАЮЦЬ АТРЫМАЦЬ ВАЖНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ДЛЯ АХОВЫ ПТУШАК

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Спадарожнікавыя перадатчыкі аслабляюць качак-шылахвостак?