Яшчэ не скончыўся нават жнівень, а ‘Рэгістрацыя 2021 году’ ужо адбылася

У жыцці не варта загадзя падводзіць вынікі, тым больш – у назіраннях птушак. Але часам можна зрабіць выключэнне, каб зразумець маштаб падзеі. Так атрымалася, што 22 жніўня быў адзначаны (і правільна вызначаны!) не толькі 338-ы від для Спісу птушак Беларусі, арлан-даўгахвост (Haliaeetus leucoryphus). Але і з’явілася выдатная нагода, каб паразважаць пра значнасць гэтай рэгістрацыі ў маштабах назіранняў птушак у Еўропе.

У навіне пра гэтую падзею, якая атрымалася дзякуючы супольнай рабоце групы назіральнікаў у складзе Андрэя Барадзiна, Аляксандры Кудзiнавай, Сяргея Анохiна, Дар'і Уруцiнай, Кацярыны i Аляксандра Вараб’ёвых, мы падрабязна распавялі пра абставіны. Цяпер жа хацелася б больш напісаць пра яе нешараговасць і прапанаваць свой погляд на гэта.

Увогуле ў мяне атрымалася знайсці інфармацыю пра наступныя рэгістрацыі віда ў Еўропе (ці ў Заходняй Палеарктыцы):

У 1910-м і 1926-м адзначаны ў Фінляндыі (першая птушка здабытая);

У 1943-м маладая птушка здабытая ў Польшчы;

У 1949-м маладая птушка здабытая ў Нарвегіі;

У 1976-м дарослы арлан, якога палічылі хутчэй уцекачом з прыватнай гадоўлі ці калекцыі, чым дзікай птушкай, назіраўся ў Нідэрландах, Даніі і Германіі;

У 1910 (у запаведніку Асканія-Нова) і 1964 (на Палтаўшчыне) арланы-даўгахвосты забітыя ва Украіне; яшчэ адна рэгістрацыя віда, у 2011 годзе (таксама на Палтаўшчыне), многімі ставіцца пад сумнеў з-за недастаткова выразных для адназначнага вызначэння птушкі здымкаў.

Такім чынам, гэта можа быць другой (пасля рэгістрацыі 1964 года), трэцяй (калі лічыць даказанай назіранне 2011 году), ці чацьвёртай (калі птушка ў 1976 годзе ўсё ж была дзікай) рэгістрацыяй віду ў Заходняй Палеарктыцы пасля 1950-га году і 7-9-й для нашага зоагеаграфічнага рэгіёну ўвогуле!

Арлан-даўгахвост – малавывучаная драпежная птушка з незвычайнай біялогіяй, якая, на жаль, знаходзіцца на рэальнай мяжы знікнення. Невялікая гняздуючая папуляцыя віда, хутчэй за ўсё, застался толькі на паўночным усходзе Індыі і ў Бангладэшы. Вельмі працяглы час арлан-даўгахвост заставаўся ў многім загадкавым відам, у асноўным з-за сваёй рэдкасці і незвычайнага ладу жыцця. На сённяшні дзень гэта адзіны, вядомы нам від прынамсі драпежных птушак, які размнажаецца ў зімовыя месяцы, а вясну і лета праводзіць на поўнач ад месцаў гнездавання. З-за гэтага ў многіх нават сучасных публікацыях з адной у другую перапісваецца састарэлае і яўна памылковае меркаванне пра вялікі гнездавы арэал арлана – ад Казахстана і Манголіі, праз Паўночны Кітай, Бутан, Пакістан, Паўночна-Усходнюю Індыю да Мьянмы. Справа ў тым, што больш ці менш шматлікія сустрэчы дарослых птушак у гэтых краінах менавіта летам лічыліся за непацверджаныя выпадкі гнездавання, тады як у большасці гэтых мясцін птушкі як раз праводзяць ці праводзілі свой негнездавы сезон.  

птушка

Міжнародны звяз па ахове прыроды (IUCN) у 1994 г. прызнаў статус арлана-даўгахвоста ‘уразлівым’ (VU), а ў 2017 г. глабальны статус быў падвышаны да віда, якому пагражае знікненне (EN) (BirdLife International, 2018). Так ці інакш агульна прызнана, што ў другой палове мінулага стагоддзя па невядомых дагэтуль прычынах адбылося рэзкае змяншэнне колькасці арланаў, што адлюстравалася і на больш рэдкіх сустрэчах птушак па-за сезонам гнездавання. На жаль, памылковыя ўяленні аб параўнальна вялікім арэале віда прывялі да яўна запаздалай змены ахоўнага статуса. Сучасная ацэнка колькасці арланаў-даўгахвостаў была перагледжана ў бок змяншэння з 2,5 - 10 тысяч да 1 - 2,5 тысяч дарослых асобін, аднак і яна прызнаецца вельмі прыблізнай і хутчэй блізкай да мінімальнага значэння (BirdLife International, 2018).

птушка

Паводле дадзеных пра перамяшчэнні трох, пазначаных спадарожнікавымі перадатчыкамі маладых птушак (Steele, 2017), дзве з якіх паходзяць з таго ж гнязда з запаведніка Казіранга (Усходняя Індыя), а трэцяя, таксама неполаваспелая птушк,а была пазначана зімой у Манголіі, старт вясновай міграцыі на поўнач пачынаецца з канца сакавіка па сярэдзіну мая, а пералёты працягваюцца ад 21 да 37 дзён. За гэты час, канешне, можна заляцець вельмі далёка. Восеньская міграцыя да патэнцыйных месцаў размнажэння стартавала з 23 верасня да 10 кастрычніка і працягвалася пасля пачатку ад 26 да 40 дзён.

Адлегласці адсочаных міграцый склалі паміж 4,5 і 8 тысячамі км кожная. Таму тое, што ‘наша’ птушка змагла даляцець да цэнтральнай часткі Беларусі пад час летняй міграцыі не дзіўна, хаця наўрацці напрамак пералёту для віда – паўночны захад - можна лічыць звычайным.

За мінулы тыдзень паглядзець на маладога арлана на рыбгасе “Волма” прыязжалі не менш сотні чалавек з розным досведам назіранняў птушак. У англійскай мове менш і больш дасведчаных назіральнікаў называюць ‘бёрдутчарамі’ і ‘бёрдэрамі’, пэўна тыя ж тэрміны можна выкарыстоўвываць і нам) . Спецыяльна паглядзець гэты від у нас прыязжаў бёрдэр с Масквы і вядома, што збіраюцца падаць паперы на афармленне візы ў Беларусь, каб паглядзець на арлана, і польскія калегі.

Але ці былі раней у Беларусі, у апошнія дзесяцігоддзі, назіранні птушак, якія мелі не меншую цікавасць бёрдэраў з Еўропы? Так, і параўнальна нядаўна: 26.12.2012 г. на Нёмане ў цэнтры Гродна была адзначана першая для нашай краіны і пятая для Заходняй Палеарктыкі камчацкая чайка (Larus schistisagus). Каб трапіць у Гродна, чайка праляцела яўна не менш з Далёкага Усходу Расіі ці Аляскі, чым арлан-даўгахвост з Індыі ці Бангладэшу. Навіна пра яе залёт з’явілася ў вядучых часопісах і на сайтах бёрдэраў у розных краінах. Паглядзець на яе і занесці ў свае асабістыя спісы – хаця і не ў такой колькасці – таксама прыехалі бёрдэры з розных канцоў Беларусі, а калегам з іншых краін, найперш Польшчы, зрабіць візы каб прыехаць, перашкодзілі навагоднія святы. Адно важнае адрозненне ад рэгістрацыі арлана-даўгахвоста – від чайкі быў вызначаны не мной, яе першым назіральнікам, і не сябрамі з Беларусі, а калегамі з Польшчы. Таму прыемна, што ў гэты раз птушку правільна вызначыў самастойна Андрэй Барадзін, адзін з яе першых назіральнікаў, хаця і спатрэбілася пацверджанне арнітолага Андрэя Каваленкі з Казахстана.

Ну і нарэшце – ці магчыма зрабіць у нас яшчэ назіранні, больш значныя для Еўропы, чым камчацкая чайка і арлан-даўгахвост? Тэарэтычна так, бо нават у суседняй Літве ў апошнія дзесяцігоддзі атрымалася зарэгістраваць ажно два новых для Заходняй Палеарктыкі віда: камчацкую чайку (у 2008 годзе) і азіяцкую гарадзкую ластаўку (Delichon dasypus) - у 2016-м.

 

Так што спадзяемся, што Назіранне дзесяцігоддзя яшчэ наперадзе.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Усе здымкі Дзьмітрыя Якубовіча

 

Выкарыстаны дадзеныя з www.tarsiger.com ;

кнігі Stawarczyk et al. (2017) "Rzadkie ptaki Polski";

публікацый: Гавриленко Н.И. Находки некоторых птиц на Украине // Орнитология. – Изд-во Моск. ун-та, 1967. – С. 340-341;

Надточий А.С. Залет орлана-долгохвоста в Украину // Хищные птицы в динамической среде третьего тысячелетия: состояние и перспективы. Труды 6 Международной конфер. по соколообразным и совам Северной Евразии, г. Кривой Рог, 27-30 сентября 2012 г. – Кривой Рог: Издатель ФЛ-П Чернявский Д.А., 2012. – С. 512-514 ;

Андреенков О.В., Андреенкова Н.Г.ОБЗОР СОВРЕМЕННЫХ ДАННЫХ О СОСТОЯНИИ ПОПУЛЯЦИИ ОРЛАНА-ДОЛГОХВОСТА // Пернатые хищники и их охрана 2018, 37: 54-65

 

 

На гэтую тэму:

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК, АРЛАН-ДАЎГАХВОСТ, АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ!

Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна

Новы для Заходняй Палеарктыкі від птушак адзначаны … ў Літве!

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 337 ВИДОВ: ПРОТОКОЛ ЗАСЕДАНИЯ БОФК ОТ 11.03.2021 И ОБНОВЛЕННЫЙ СПИСОК ПТИЦ БОФК

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак

Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне

На Гарадзеншчыне адзначаны яшчэ адзін новы для Беларусі від птушак – шэры жаўрук!