Штогод гракі (Corvus frugilegus) будуюць новыя, або значна папраўляюць свае старыя гнёзды. Гэта патрабуе ад птушак часу і значных энергетычных затрат. У ідэале гракі павінны аптымізаваць час будаўніцтва да ўмоваў наваколля, асабліва надвор’я. Больш таго, іх біялогія размнажэння, уключна з часам пачатку будовы гнёздаў, ад якога шмат залежыць час вылуплення птушанят, павінна прыстасоўвацца да кліматычных зменаў. Але гэтай залежнасці камандзе польскіх арнітолагаў знайсці не атрымалася.
Каманда польскіх навукоўцаў на працягу трох гнездавых сезонаў (у 2015-17 гг) назірала за вялікай калоніяй гракоў у г.Беласток на паўночных усходзе Польшчы. Галоўнай мэтай было знайсці ўзаемасувязь павелічэння актыўнасці пабудовы гнёздаў гракамі ад розных паказчыкаў надвор’я (тэмпературы паветра, сілы ветра, інтэнсіўнасці выпадзення асадкаў (дажджу ці снегу)) і працягласці светлай часткі сутак.
Аказалася, што ў параўнанні з дадзенымі аб пачатку гнездавання гракоў з канца 1950-х гадоў з Варшавы, дзе феналогію размнажэння віда звязвалі з комплексам праяўлення надвор’я і датай, мінімальная, сярэдняя і максімальная сутачная тэмпература паветра, інтэнсіўнасць ападкаў і моц ветру не маюць для гэтага вялікага значэння.
Незалежна ад таго, як выглядае ў дадзеным годзе пачатак вясны, гракі пачынаюць будаваць свае гнёзды на прыканцы лютага, а пік гэтай актыўнасці адбываецца паміж канцом сакавіка і пачаткам красавіка. Гракі добра вядомыя тым, што маюць разумовыя здольнасці яўна большыя за многіх іншых відаў птушак, але адзінае, што атрымалася знайсці як універсальны рэгулятар іх гнездавой актыўнасці – гэта працягласць светлай часткі сутак, якая, у адрозненне ад клімату, у тыя ж даты не змянілася.
Арнітолагі мяркуюць, што такія неадаптыўныя паводзіны гракоў могуць быць адной з прычын рэзкага змяншэння іх колькасці ў Польшчы ў апошнія тры дзесяцігоддзі. У мінулым стагоддзі птушаняты гракоў вылупляліся у час, калі расліннасць на лугах і палях, сярод якой дарослыя птушкі шукаюць ежу, толькі пачынала адрастаць пасля зімы, і вясновыя палявыя працы людзей дазвалялі карыстацца з вялікіх плошчаў свежаўзаранай зямлі. Але зараз вясна і звязаныя з ёй вегетацыя раслін і сельскагаспадарчыя працы пачынаюцца значна раней – нават калі ў асобныя гады яе прыпыняюць часовыя вяртанні зімовага надвор’я. Такім чынам, птушаняты гракоў вылупляюцца і патрабуюць найбольш ежы для свайго росту і развіцця ў час, калі травяністая расліннасць ужо даволі высокая і шчыльная. А гэта можа значна змяншаць даступнасць ежы для дарослых гракоў.
Крыніца: Adam Zbyryt, Karol Zub i Cezary Mitrus 2022 The development of the Rook's (Corvus frugilegus) colony in the face of shifting spring phenology Avian Research 13, 2022, 100029 https://doi.org/10.1016/j.avrs.2022.100029
Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі
З-за пацяплення клімату змяніўся не толькі пачатак гнездавання птушак, але і яго заканчэнне ў сезоне
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ