Вельмі важна, каб час размнажэння максімальна адпавядаў аптымальнай колькасці рэсурсаў для адпаведных відаў птушак. Таму розныя аспекты размнажэнне вельмі адчувальныя да розных фактараў навакольнага асяроддзя. Фінскія навукоўцы праверылі: ці адбываюцца змены не толькі пачатку гнездавання розных відаў, але і яго заканчэння ў сезоне.
З-за зменаў клімату могуць адбывацца не толькі змены ў пачатку размнажэння, але і ў яго заканчэнні, а таксама ў агульнай працягласці. Каманда навукоўцаў выкарыстала дадзеныя пра больш, чым 820 тысяч выпадкаў гнездавання 73 відаў птушак з розных атрадаў у зоне ўмераных шырот Фінляндыі за перыяд больш, чым 40 гадоў (з 1975 па 2017 гг).
Даследчыкі знайшлі, што агулам тэрміны сезонаў размнажэння птушак нязначна скарачаюцца. Для 31% відаў атрымалася паказаць, што канец сезону размнажэння адсунуўся ў бок больш ранніх дат, больш, чым пачатак. Не атрымалася знайсці статыстычна даставернай розніцы ў феналагічных адказах на змены клімата паміж відамі з рознай стратэгіяй міграцыі ці рознай колькасцю вывадкаў за сезон. Тым не менш, скарачэнне працягласці гнездавога сезону было знойдзена амаль выключна для аселых відаў і кароткадыстанцыйных мігрантаў, якія пачынаюць гнездаваць параўнальна рана ў сезоне. Такія змены ў пачатку і працягласці сезону гнездавання патэнцыйна могуць прывесці да таго, што ў пачатку сезону будзе гнездаваць больш пар і гэта павялічыць канкурэнцыю.
На працягу 40 гадоў пачатак сезону гнездавання ссунуўся на больш раннія даты ў сярэднім на 4,6 дня, канец сезону гнездавання ў сярэднім ссунуўся ў тым жа напрамку яшчэ больш – на 6,3 дні і, такім чынам, агульная працягласць сезону размнажэння скарацілася ў сярэднім на 1,7 дня.
Як ні дзіўна, таксанамічна далёкія віды з розных груп паказалі вельмі падобныя феналагічныя змены. Так, совы і дразды заўважна раней у сезоне пачынаюць гнездаваць, тады як чайкі, крумкачовыя і сініцы заўважна раней заканчваюць сезон размнажэння.
Хутчэй за ўсё, блізкія па паходжанні віды будуць падобным чынам адказваць феналагічнымі зменамі на змены клімату. Гэта дазволіла б лепш прадказваць змены ў феналогіі для большай колькасці відаў, чым гэта вядома зараз.
Крыніца: Hällfors, M H, Antão, L H, Itter, M, Lehikoinen, A, Lindholm, T, Roslin, T & Saastamoinen, M. 2020. Shifts in timing and duration of breeding for 73 boreal bird species over four decades. Proceedings of the National Academy of Sciences. DOI:10.1073/pnas.1913579117
Паводле www.pnas.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак асаеда – Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
За мінулае стагоддзе птушкі Каліфорніі пачалі гнездаваць на тыдзень раней
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне
Клімат і маўрыкійская пустальга
Крычкі-чэгравы ўпершыню загнездавалі на Алясцы ў выніку глабальнага пацяплення?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ