Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне

Каманда даследчыкаў з універсітэту Лунда (Швецыя) і універсітэту Tromsø (Нарвегія) правярала змены ў імуннай сістэме тундравых пардваў (Lagopus muta hyperborea) з вострава Svalbard паміж зімовым і вясновым перыядамі. Гэтыя пардвы – адзіныя птушкі, якія асела жывуць так далёка ў Арктыцы.

"Атрымалася, што на працягу арктычнай зімы, якая доўжыцца тут прыкладна пяць месяцаў, калі круглыя суткі навокал цёмна, гэтыя птушкі амаль ‘выключаюць’ сваю імунную сістэму. Вельмі магчыма, гэтак адбываецца для таго, каб эканоміць энергію. Яна ў гэты час вельмі патрэбная для захавання пастаяннай тэмпературы цела і для пошукаў ежы. Калі светлавы дзень вясной пачынае павялічвацца, імунная сісітэма вяртаецца ў папярэдні стан” – сказаў Andreas Nord, даследчык з універсітэту Лунда.

Акрамя гэтага атрымалася паказаць, што калі птушкі захворвалі зімой, іх запатрабаванне энергіі падала ў параўнанні са здаровым станам. Наадварот адбывалася вясной – у хворым стане энергіі патрабавалася больш, чым у здаровым.

"Больш слабая імунная сістэма хутчэй за ўсё – адна з адаптацый арктычных жывёл да таго, каб максімальна эканоміць энергію пад час тутэйшай зімы. Зразумела, што рызыка заразіцца якой небудзь хваробай пад час зімы так далёка на поўначы мінімальная, але павялічваецца з набліжэннем лета і павелічэннем тэмпературы навокал” – сказаў Andreas Nord.

Цікава, што і вясной, і летам імунная сістэма тундравых пардваў не вельмі моцная – як і патэнцыйная колькасць патагенаў за палярным колам у Арктыцы. "Гэта можа мець негатыўныя наступствы, калі змены клімату будуць адбывацца хутка і пералётныя птушкі, якія таксама гняздуюць у Арктыцы, пачнуць прылятаць сюды раней і адлятаць пазней. Яшчэ адна небяспека, адзначаная ў апошнія гады – гэта турысты, колькасць якіх увесь час узрастае. Усё гэта павялічвае небяспеку з’яўлення патагенаў і заражэння імі арктычных жывёл, якія дагэтуль не патрабавалі моцнай імуннай сісітэмы каб выжыць у Арктыцы” – сказаў Andreas Nord.


Крыніца:

 Andreas Nord et al. Reduced immune responsiveness contributes to winter energy conservation in an Arctic bird, The Journal of Experimental Biology (2020). DOI: 10.1242/jeb.219287

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Кулікі адсоўваюцца на поўнач

Клімат і маўрыкійская пустальга

Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам