Дзякуючы доўгатэрміновым назіранням на станцыях кальцавання птушак, якія размешчаныя на поўначы Еўропы і Паўночнай Амерыкі, навукоўцы змаглі ацаніць як хутка прыспешваецца міграцыя ў розных відаў птушак. Аказалася, што ў блізкадыстанцыйных мігрантаў (тых відаў, якія зімуюць у той самай кліматычнай зоне, што і гняздуюць) вясновая міграцыя кожную дэкаду ў сярэднім пачынаецца на 1,5-2 дні раней! Далёкадыстанцыйныя мігранты (тыя віды, якія зімуюць у іншай кліматычнай зоне, чым гняздуюць – т.зв. пералётныя птушкі) таксама прыспешылі пачатак сваёй міграцыі, аднак у сярэднім (толькі) на 0,6-1,2 дні за дэкаду.
"На аснове зменаў у сярэдніх датах міграцыі, птушкі ляцяць цяпер вясной у сярэднім раней трошкі больш за тыдзень у параўнанні з канцом 1950-х гадоў” – сказаў Алексі Легікоінен (Aleksi Lehikoinen) з Фінскага музею натуральнай гісторыі ўніверсітэту Хельсінкі.
Аднак некаторыя віды – напрыклад, лебедзь-клікун (Cygnus cygnus) - прыспешыў вяртанне на месцы гнездавання ў Фінляндыю значна ў большай ступені, у параўнанні з 1980-мі гадамі нават на два тыдні!
Аднак прыспешванне дат міграцыі адбываецца нераўнамерна для ўсіх асобін таго ж віду на працягу сезону вясной. Існуе заўважальная розніца паміж самымі раннімі мігрантамі і самымі познімі “ўнутры” віду: першыя прыспешылі прылёты значна больш, чым другія. Магчыма, гэта звязана з тым, што гняздуючыя асобіны стараюцца вярнуцца на месцы гнездавання як мага хутчэй, тады як познія мігранты – звычайна негняздуючыя (маладыя) птушкі, якім спяшацца на поўнач няма прычын. Такая асіметрыя ў ступені прыспешвання міграцыі адлюстроўваецца на агульным яе падаўжэнні ці расцягванні.
Звычайна першыя даты прылётаў блізкадыстанцыйных мігрантаў моцна карэлююць з лакальнымі тэмпературамі: чым раней наступае вясна, тым раней вяртаюцца птушкі і атрымліваецца большая агульная працягласць міграцыі. Геаграфічныя адрозненні ў зменах клімату таксама добра тлумачаць рэгіянальныя адрозненні ў прыспешванні вясновай міграцыі.
"Птушкі прыспешылі свае прылёты больш у Еўропе, чым у Канадзе – таму што вясновыя тэмпературы павялічыліся ў нас больш, чым у Канадзе” – сказаў Андрэас Ліндэн (Andreas Lindén) з птушынай абсерваторыі Yrkeshögskolan Novia (Фінляндыя).
Атрыманыя і апублікаваныя вынікі былі сабраныя на аснове дадзеных з 21 паўночнаеўрапейскай і канадзкай станцый кальцавання птушак і абсерваторый для больш, чым 200 відаў. Самая доўгая серыя назіранняў працягваецца з 1959 году, большасць – з пачатку 1960-х.
Крыніца:
Aleksi Lehikoinen et al. Phenology of the avian spring migratory passage in Europe and North America: Asymmetric advancement in time and increase in duration. Ecological Indicators, 2019; 101: 985 DOI: DOI: 10.1016/j.ecolind.2019.01.083
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак лебедзяў-клікуноў – Валерыя Юрко
На гэтую тэму:
Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?
Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы
Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак
ЗА МІНУЛАЕ СТАГОДДЗЕ ПТУШКІ КАЛІФОРНІІ ПАЧАЛІ ГНЕЗДАВАЦЬ НА ТЫДЗЕНЬ РАНЕЙ
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
МІГРЫРУЮЧЫЯ ВЕРАБ’ІНЫЯ ПТУШКІ ТАГО Ж ВІДУ ВЫЖЫВАЮЦЬ ЛЕПШ, ЧЫМ АСЕДЛЫЯ
“ВЯСНА ЛЯЦІЦЬ-2019”: СУСТРАКАЕМ ПТУШАК РАЗАМ 10 ГОД ЗАПАР!
ВЯСНА: У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ПЕРШЫЯ ПАЛЯВЫЯ ЖАЎРУКІ
Нашы птушкі вяртаюцца з тропікаў, каб пазбегнуць тамтэйшых хваробаў?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ