Клімат і маўрыкійская пустальга

Новае даследаванне паказала, што нават трапічныя віды птушак могуць мець непрыемныя наступствы з-за змены клімату.

Глабальнае пацяпленне даказана ўздзейнічае на месцы зімовак розных відаў птушак з умеранага кліматычнага поясу. Аднак не гледзячы на глабальны яго эфект, работаў наконт наступстваў для трапічных птушак амаль няма.
У разглядаемым артыкуле параўноўваліся доўгатэрміновыя дадзеныя для часу пачатку гнездавання для маўрыкійскай пустальгі (Falco punctatus) і магчымасць звязаць гэтыя змены са зменамі клімату.
Раней гэты крытычна пагражаемы від сокала знік у дзікай прыродзе і ўзнаўленне яго папуляцыі адбылося толькі дзякуючы развядзенню птушак у няволі і наступнай рэінтрадукцыі ў прыроду ў канцы 1980-х гг.. Цяпер памер папуляцыі сокалаў стабілізаваўся на прыкладна 100 птушках, з якіх больш за 40 пар гняздуюць. Гэтая адноўленая папуляцыя дэталёва назіраецца навукоўцамі, амаль усе птушкі пазначаныя каляровымі пластыкавымі кольцамі і індывідуальна распазнаюцца, для іх сабраны вялікі матэрыял па асаблівасцям гнездавання.
Даследчыкамі аналізаваліся дадзеныя пра жыццёвы цыкл 570 сокалаў і 600 спробаў гнездавання, якія адбыліся паміж 1987 і 2005 гг. Звычайна маўрыкійскія пустальгі пачынаюць гнездаваць у пачатку жніўня, выкарыстоўваючы мясцовую вясну і лета Паўднёвага паўшар’я. Птушаняты звычайна вылятаюць на пры канцы лютага.
Даследаванне паказала, што з часам усё больш самак пачынаюць адкладку яек пазней - у канцы жніўня, калі ідуць моцныя дажджы. Аднак у такіх менш спрыяльных умовах іх поспех гнездавання меншы. Гэта звязана не толькі з наступствамі кепскага надвор’я для выжывання птушанят, аднак і з меншым поспехам палявання самцоў у дождж. А менавіта выключна самец забяспечвае самку пад час інкубацыі яек і птушанят у першыя 10 дзён іх жыцця ўсёй здабычай.
Павелічэнне вясновых дажджоў было адзначана на Маўрыкіі з 1960-х гадоў.
 

Крыніца:
Senapathi, D, Nicoll, M A C, Teplitsky, C, Jones, C G and Norris, K. 2011. Climate change and the risks associated with delayed breeding in a tropical wild bird population. Proceedings of the Royal Society B doi:10.1098/rspb.2011.0212.   


Здымак з www.arkive.org
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Кулікі адсоўваюцца на поўнач

Вандроўны сокал зноў загняздуе ў Беларусі
 

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

Ці магчыма перамога?
Адна з найбольш драматычных гісторый па выратаванні птушак адбылася ў 1970-я гады і звязана з маўрыкійскай пустальгой.
У 1973 годзе на востраве Маўрыкій склалася крытычная сітуацыя – адзіны тут від драпежных птушак павінен быў знікнуць у наступныя 2-3 гады. Ўся сусветная папуляцыя віду налічвала 5-6 птушак. Пасля рашэння, прынятага арганізацыяй - папярэднікам BirdLife International і дазволу мясцовых уладаў, адна з параў была адлоўлена ў надзеі на паспяховае размнажэнне ў няволі.
Аднак надзеям не атрымалася спраўдзіцца – ў першы год адзінае птушаня загінула, калі лопнуў ртутны тэрмометр, які знаходзіўся каля гнязда. На наступны год кладка разбілася, а на трэці ад хваробы загінула самка. На шчасце, ў 1975 годзе, пасля перапынку ў некалькі гадоў, адна з дзвюх пар, якія засталіся на волі, паспяхова вырасціла ажно трох птушанят. Справа ў тым, што маўрыкійскія пустальгі, як і іншыя сокалы, самі не будуюць гнёзды. А птушак падобнага памеру, старыя гнёзды якіх маглі б займаць пустальгі, на востраве няма. Адзінай магчымасцю выводзіць патомства для сокалаў заставаліся нешматлікія дуплістыя дрэвы, аднак там іх гнёзды пастаянна руйнавалі інтрадукаваныя на Маўрыкіі індыйскія макакі. І вось адна з параў здагадалася загнездаваць на недаступным для малпаў стромым абрыве. Людзі хутка размясцілі ў гэтым месцы некалькі штучных гнездавых скрыняў, і справы пачалі памалу паляпшацца – ў 1977 годзе там гнездавалі ўжо тры пары сокалаў. І дзякуючы паспяхова выляцелым птушанятам памер папуляцыі павялічыўся ў амаль чатыры разы – і дасягнуў 21 асобін.
У 2007 годзе маўрыкійскай пустальзе усё яшчэ пагражае знікненне, аднак яе колькасць дасягнула небывалага да гэтага ўзроўню - амаль 100 птушак!
 

З кнігі: Дз.Вінчэўскі. Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі. Мн.: АПБ, 2008. – 198 с.
Цалкам кнігу можна спампаваць тут:
www.nastaunik.info/files/f/320_Puciavod.pdf (7 МБ)