Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Ісландзкія пясочнікі (Calidris canutus canutus) штогод мігрыруюць паміж месцамі гнездавання ў Арктыцы і месцамі зімоўкі ў Заходняй Афрыцы. З-за пастаяннага паляпцення клімату, птушаняты ў гэтага віду перад адлётам на зімоўку не вырастаюць да патрэбных памераў таму што прапускаюць пік колькасці насякомых у Арктыцы. У выпадку, калі яны далятаюць на зімоўку ў тропікі, яны сутыкаюцца там з іншымі нязручнасцямі: іх больш кароткія дзюбы не дасягаюць да самай лепшай ежы – ракападобных і малюскаў. Таму даследчыкі лічаць, што натуральны адбор будзе прыводзіць да памяншэння памераў ісландзкіх пясочнікаў адначасова з павелічэннем іх дзюбы.

Гэтыя высновы былі апублікаваныя ў часопісе Science міжнароднай камандай даследчыкаў з Нідэрландаў (NIOZ і University of Groningen), Аўстраліі (Deakin University), Францыі (CNRS), Польшчы (University of Gdansk), і Расіі (Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт).

Змяншэнне памераў цела ў жывёл было адкрыта параўнальна нядаўна, аднак адразу пачало лічыцца ўніверсальным адказам на глабальнае пацяпленне клімату і адзначана ў прадстаўнікоў многіх таксонаў. Цяпер існуюць дзве гіпотэзы, якія тлумачаць гэтую з’яву па-рознаму. Адна кажа пра тое, што меншыя памеры цела дазваляюць больш эфектыўна рассейваць цяпло з-за таго, што паверхня цела адносна большая пры меншых памерах. Другая тлумачыць змяншэнне цела тым, што змены клімату змяншаюць магчымасці знайсці дастаткова адпаведнай ежы за адпаведны час, што прыводзіць да парушэнняў развіцця на ювенільнай стадыі, і, адпаведна, да меншых памераў дарослага арганізма.

За Палярным колам пацяпленне клімату адбываецца найхутчэй, таму змяншэнне памераў цела жывёл тут можна чакаць найбольш. Многія віды, якія тут размнажаюцца, ёсць далёкадыстанцыйнымі мігрантамі, якія праводзяць іншы час далёка ад Арктыкі – нават у тропіках, дзе пацяпленне клімату заўважна найменш.

Ян ван Гілс (Jan van Gils), першы аўтар артыкулу (Каралеўскі інстытут Нідэрландаў па вывучэнні мораў) тлумачыць: "Ісландзкі пясочнік – адна з самых далёка на поўнач гняздуючых птушак і адначасова далёкадыстанцыйны мігрант. Від гняздуе на поўначы Таймыру (Расія) і зімуе ў трапічных прыбярэжных экасістэмах, дзе асабліва вядомы на Banc d'Arguin ў Маўрэтаніі (Заходняя Афрыка). Аналіз спадарожнікавых здымкаў паказаў, што за апошнія 33 гады снег на гнездавых тэрыторыях гэтых кулікоў растае раней ў тэмпе паўдня штогод. Такім чынам розніца за гэты час ужо два тыдні! Сыход снегу звязаны там з пачаткам піку колькасці насякомых, а гэта – асноўная крыніцы ежы птушанят да таго, як яны пакінуць Арктыку. Маладыя пясочнікі, якіх мы адлаўлівалі ўздоўж балтыйскага ўзбярэжжа на іх шляху ў Заходнюю Афрыку былі меншымі і мелі карацейшую дзюбу пасля гарачых арктычных летаў”. 

Пасля прылёту на месцы зімоўкі ў Афрыку найменшыя памерамі маладыя птушкі расплачваліся за сваю кароткую дзюбу – іх смяротнасць там была ўдвая большая, чым у маладых пясочнікаў нармальнага памеру.

ісландзкі пясочнік на зімоўцы

Ян ван Гілс тлумачыць і гэтыя паказчыкі: "Прычына такой прамой залежнасці велічыні смяротнасці ад даўжыні дзюбы параўнальна простая: толькі большыя памерамі птушкі з доўгімі дзюбамі могуць дабрацца да двухстворчатых малюскаў на дне затокі Banc d'Arguin. Кулікі з карацейшымі дзюбамі вымушаныя харчавацца вадаростамі. А яны не з’яўляюцца аптымальнай ежай для гэтага віду. Такім чынам нізкая выжывальнасць птушак першага году жыцця яўна ёсць прычынай цяперашняга змяншэння папуляцыі ісландзкага пясочніка”.

З-за таго, што адбор падтрымлівае кулічкоў з доўгай дзюбай супраць птушак з кароткай, у апошнія гады з’явіліся невялікія пясочнікі з доўгай дзюбай.

З-за таго, што кулікі з меншымі памерамі цела выжываюць горш, чым з большымі, навукоўцы адкінулі гіпотэзу аб эвалюцыйных перавагах меншых памераў пры пацяпленні клімату. Наадварот, атрымліваецца, што прычынай меншых памераў цела ў гэтых птушак з’яўляецца неадпаведны пачатак гнездавання з-за хутчэйшага пачатку вясны і недахоп жывёльнай ежы птушанятам – цяпер птушаняты вылупляюцца пасля таго, як пік насякомых сыходзіць.

Таму навукоўцы прыходзяць да больш агульных несуцяшальных высноваў: змены ў памерах цела і дзюбы будуць адбывацца і надалей разам з негатыўнай папуляцыйнай дынамікай у многіх арктычных відаў птушак як мінімум у бліжэйшай будучыні.  Гэты вельмі сур’ёзны экалагічны эфект глабальнага пацяплення, які чакае на нашу адпаведную і хуткую да сябе ўвагу.

Крыніца:

J A. van Gils, S Lisovski, T Lok, W Meissner, A Ozarowska, J de Fouw, E Rakhimberdiev, M Y. Soloviev, Th Piersma, M Klaassen (2016). Body shrinkage due to Arctic warming reduces red knot fitness in tropical wintering range, ScienceDOI: 10.1126/science.aad6351 .

Паводле www.rarebirdalert.co.uk (тэкст і здымак на зімоўцы) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак з www.newsdesk.si.edu

 

На гэтую тэму:

Кулікі адсоўваюцца на поўнач

Клімат і маўрыкійская пустальга

Марскія віды птушак у вялікіх клопатах

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

 Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?

ДАКАЗАНА: Ў БАТАЛЁНАЎ МОРФА САМЦА ВЫЗНАЧАЕЦЦА ГЕНЕТЫЧНА