Крычкі-чэгравы ўпершыню загнездавалі на Алясцы ў выніку глабальнага пацяплення?

Навукоўцы сёлета ўпершыню назіралі за гнездаваннем крычак-чэграваў (Hydroprogne caspia) на паўночна-заходнім узбярэжжы Аляскі. Гэта амаль 1600 км далей на поўнач, чым звычайна!

У ліпені даследчыкі, якія працуюць ў прыродным манумэнце “Мыс Крузэнштэрна” (Cape Krusenstern national monument)  заўважылі пару гэтых вялікіх крычак і нават знайшлі іх гняздо на пляжы.

“Для нас гэта быў шок і вельмі неверагодны выпадак” – сказаў д-р Марцін Робардс (Dr Martin Robards), дырэктар Арктычнай праграмы Таварыства аховы прыроды (Wildlife Conservation Society), які знайшоў гняздо. “Мы звярнуліся да экспертаў, і ўсе яны былі вельмі здзіўлены такім далёкім паўночным гнездаваннем віду. У нас тут звычайна гняздуюць палярныя крычкі, але яны нашмат меншыя”.

Гэтая пара чэграваў паспяхова выгадавала птушанят. І хаця цяпер яшчэ немагчыма сказаць – ці стане гэтае гнездаванне рэгулярным за Палярным колам, але гэты выпадак узняў агульныя пытанні праяўлення глабальнага пацяплення на прыроду Аляскі.

“Я тут 25 год, і колькасць зменаў, якія адбыліся, шакіруе. Мы прызвычаіліся ўспрымаць іх у выглядзе даволі абстрактных лічбаў як сярэдняе павелічэнне тэмператруы паветра або ўзроўню мора. Аднак цяпер гэта вельмі заўважна і на прыкладзе жывой прыроды” – сказаў д-р Робардс. Аляска “награваецца” у два разы хутчэй, чым іншыя штаты ЗША і зімовыя тэмпературы тут у апошнія гады на 3,30 С вышэйшыя, чым былі 60 год таму. Гэта між іншым значыць, што лёд і снег таюць раней і раней пачынаецца вясна. Змяняецца наваколле і яго жыхары.

“Толькі 1500 км на поўнач заўважна, як моцна змяняецца свет з-за глабальнага пацяплення” – кажа Тэры Рут (Terry Root), біёлаг з універсітэту Стэнфорда (Stanford University). “Птушкі толькі карыстаюцца гэтым дзякуючы сваёй мабільнасці. І падобны хаос у прыродзе Аляскі будзе толькі павялічвацца”.

Іншыя групы жывёл не могуць рабіць так хутка далёкія перамяшчэнні, аднак і сярод іх заўважаныя значныя змены. Ласі і бабры ўжо праніклі на арктычную раўніну, дзе перад гэтым пачала мяняцца і расліннасць на адпаведную для іх.

Лісы таксама прасунуліся на поўнач і ў некаторых месцах пачалі выцясняць пясцоў. Падобнае выцясненне можа пачацца і ў выпадку канкурэнцыі за ежу і месцы гнездавання паміж большай памерамі крычкі-чэгравы і палярнай крычкі.

Аднак змены на раўніне яшчэ не дасягнулі такіх маштабаў, як у гарах. За апошняе дзесяцігоддзе Аляска страціла 850 гігатон вады сваіх леднікоў. Гэтага аб’ёму дастаткова, каб павялічыць узровень сусветнага акіяна на 2,9 мм. Па меркаванні д-ра Марціна Шарпа (Dr Martin Sharp), прафесара ўніверсітэту Альберты (University of Alberta) (Канада), сёння мы жывем у перыяд самага актыўнага таяння леднікоў у Артыцы за апошнія 6 тысяч гадоў. 

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чэгравы Аляксандра Эрдмана

 

На гэтую тэму:

Кулікі адсоўваюцца на поўнач

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?

Клімат і маўрыкійская пустальга