Адна з самых нечаканых і адначасова чаканых навін прыйшла з невялікага, але знакамітага атола Мідуэй (Midway Atoll) у Ціхім акіяне. Туды ў чарговы раз прыляцела гнездаваць самая старая, вядомая нам, дзікая птушка. Гэта самка лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis), якую называюць Wisdom (Мудрасць).
Wisdom – самая старая птушка не толькі на атоле, але і ў Свеце, на сённяшні дзень ёй не менш 73 гадоў. Яна была закальцаваная ў 1956 годзе, калі хутчэй за ўсё пачала размнажацца і адклала яйка. Дагэтуль невядомыя самкі лайсанскага альбатроса, якія б пачалі гнездаваць раней за 6-ы год жыцця, таму мы можам вылічыць толькі яе мінімальны ўзрост.
Кальцаванне альбатросаў на атоле пачалося яшчэ ў 1936 годзе. З таго часу больш за 275 тысяч гэтых птушак атрымалі свае кольцы. Амаль 70% усіх лайсанскіх альбатросаў (каля 450 тысяч) і прыкладна 40% чорнаногіх альбатросаў у Свеце гняздуюць тут. Гэта самая вялізарная калонія альбатросаў на Зямлі. Акрамя іх, на атоле адзначана гнездаванне яшчэ 21 віду акіянічных птушак і агульная колькасць прадстаўнікоў усіх відаў тут больш за 3 мільёны асобін.
У гэты сезон (2023-24гг) гнездавання Wisdom была заўважана ля гнязда даволі позна, толькі перад Калядамі. Звычайна ж пара сустракаецца ў тым самым месцы, дзе гнездавала ў папярэднія гады яшчэ ў лістападзе і на пачатку снежня самкі адкладваюць ў гняздо адзінае яйка. Праз 65 дзён наседжвання абодвумя бацькамі вылупляецца птушанё, якое кормяць да яго ўпэўненых палётаў яшчэ наступныя 7-8 месяцаў. Таму звычайна альбатросы і гняздуюць раз на два гады.
Wisdom з 2006 году гнездавала толькі з самцом, які атрымаў мянушку Akeakamai, аднак у гэты раз яе заўважылі ля гнязда разам з новым, неакальцаваным самцом. Магчыма вымушаная змена партнёра прычынілася да позняга пачатку гнездавання ў гэтым сезоне.
Паводле www.medium.com і www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самкі Wisdom (з правага боку) і яе папярэдняга партнёра зроблены USFWS
На гэтую тэму:
У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!
Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання
Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!
Самая старая брытанская палярная крычка была знойдзена мёртвай у Шатландыі
Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка
Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі
Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ