У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!

Хаця дакладны ўзрост гэтай самкі лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis) невядомы, ёй не менш 70 гадоў і чарговы год запар яна прылятае размнажацца на амерыканскі атол Мідуэй (Midway Atoll national wildlife refuge). Амаль штогод адсюль распаўсюджваюцца радасныя навіны пра тое, што ў яе паспяхова вылупілася чарговае птушаня. Не выключэнне і гэты, бо малы альбатрос з’явіўся на свет 1 лютага.

Як ужо дарослую самку, гэтага лайсанскага альбатроса акальцаваў амерыканскі біёлаг Chandler Robbins у 1956 годзе на тым самым атоле, дзе і зараз гняздуюць каля мільёна лайсанскіх альбатросаў і іншых марскіх птушак. А гэта значыць, што ўжо тады ёй было не менш 5 гадоў, бо самкі гэтага віда не размнажаюцца ў больш маладым узросце.

Самка атрымала мянушку Wisdom (Мудрасць) і апошнія 11 гадоў вяртаецца на атол з тым самым самцом Akeakamai, паведамляе Амерыканская служба рыбалоўства і прыроды (US Fish & Wildlife Service (USFWS)).

“Хутчэй за ўсё ў Wisdom былі і іншыя партнёры,” сказаў Dr Beth Flint, біёлаг з USFWS. “Хаця звычайна альбатросы стараюцца знайсці партнёра на ўсё жыццё, аднак могуць і змяніць яго калі ўзнікае неабходнасць – напрыклад, калі папярэдні партнёр памірае”.

Sean Dooley, прадстаўнік арганізацыі BirdLife Australia, каментуе вядомасць пра вылупленне яшчэ аднаго птушаня гэтай самкі:

“З-за таго, што звычайна самкі альбатросаў гняздуюць праз год, яе вяртанне ў такім узросце штораз выклікае радаснае здзіўленне для ўсіх аматараў птушак. Пераадолець насуперак усяму столькі цяжкасцяў і зноў размнажацца -гэта, канешне, важкі повад для святкавання”.

Акрамя таго, што альбатросы вельмі павольна размнажаюцца, іх чакаюць шматлікія небяспекі ў акіяне з-за нашай дзейнасці: тралавае доўгаліневае рыбалоўства і іншае здабыццё т.зв. морапрадуктаў у прамысловых маштабах. Акрамя гэтага, глабальнае пацяпленне змяняе тэмпературу вады ў акіянах і такім чынам уздзейнічае на цячэнні і распаўсюджанне марскіх арганізмаў і іх даступнасць, і не толькі для альбатросаў.

Цікава, што паводле спецыялістаў, альбатросы як і іншыя птушкі, могуць размнажацца нават да самай смерці ў паважным узросце. Толькі сланы і прыматы вядомыя тым, што жывуць яшчэ параўнальна доўгі час пасля страты фертыльнасці. Так што вельмі магчыма, што Wisdom яшчэ не раз вернецца для гнездавання на атол Мідуэй.

 

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.npr.org

 

 

 

На гэтую тэму:

Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!

Самая старая ў Свеце дзікая птушка, якой каля 70 гадоў, ізноў адклала яйка!

Самая старая ў Свеце птушка загнездавала ізноў!

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Новы рэкорд самай старай дзікай птушкі, якая ўсё яшчэ размнажаецца

Шасцідзесяцігадовы альбатрос яшчэ размнажаецца !

Самая старая птушка ў прыродзе ізноў выгадоўвае птушаня