Нядаўна апублікаваны агляд параўнальна хуткай эвалюцыі звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris) y Паўночнай Амерыцы, дзе яны з’яўляюцца інвазійнымі інтрадуцэнтамі. Аказалася, што найбольш заўважна ў іх змянілася даўжыня дзюбы і перадплюсны (tarsus).
Звычайны шпак - абарыгенны від для Палеарктыкі (Еўразіі), аднак дзякуючы чалавеку, апынуўся на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На жаль, паўсюль па-за межамі свайго першапачатковага арэалу ён павялічвае сваю колькасць. У некаторых месцах інвазіі шпакоў настолькі паспяховыя, што гэтыя птушкі лічацца шкоднікамі. Гэта кантрастуе з некаторымі краінамі Еўропы, дзе шпакі заўважна скарацілі сваю колькасць на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
За апошнія прыкладна паўтары стагоддзя шпакі змаглі засвоіць разнастайныя біятопы па ўсяму Свету і дзякуючы гэтаму сталі зручным аб’ектам для вывучэння эвалюцыі і пластычнасці. Від апынуўся ў Паўночнай Амерыцы ўпершыню ў 1890 і 1891 гадах, калі прыкладна 100 птушак былі выпушчаныя ў Цэнтральным парку Нью Йорка.
Каманда даследчыкаў з розных навуковых устаноў ЗША і Вялікабрытаніі выкарыстала прамеры розных частак цела больш, чым 1200 скурак шпакоў з музеяў і паказала, што ў птушак з абарыгенных частак арэалу даўжыня дзюбы за апошнія 206 гадоў не змянілася. А вось ў паўночнаамерыканскіх асобін віда за гэты час яна павялічылася ажно на 8%. Таксама аказалася, што ў шпакоў з Паўночнай Амерыкі зменшылася даўжыня перадплюсны.
Прычына адзначаных і параўнальна хуткіх марфалагічных зменаў застаецца невядомай. Напрыклад для вялікіх сініц (Parus major) ў Вялікабрытаніі, дзе існуе інтэнсіўнае і круглагадзічнае выкладанне людзьмі для путшак дадатковага харчавання, лічыцца, што гэта стала прычынай падаўжэння дзюбы ў брытанскіх прадстаўнікоў віда ў параўнанні з птушкамі з кантынентальнай Еўропы.
Крыніца: Zichello, J M, DeLiberto, S T, Holmes, P, Pierwola, A A, & Werner, S J. 2024. Recent beak evolution in North American starlings after invasion. DOI: https://doi.org/10.1038/s41598-023-49623-y
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц
Нечакана хуткая эвалюцыя змяняе дзюбу каршуноў-смоўжаедаў
Хуткія змены ў ізаляванай папуляцыі сцярвятніка
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ