Вялікабрытанія страціла 73 мільёны птушак за мінулыя 50 гадоў

палявы жаўрук

Нядаўняе маштабнае даследаванне паказала, што за апошнія паўстагоддзя Брытанія страціла амаль трэцюю частку сваіх дзікіх птушак. Калі гэты працэс будзе працягвацца падобнымі тэмпамі, то зусім не выключана, што наступныя пакаленні брытанцаў могуць не пачуць ці не ўбачыць там, дзе жывуць, прадстаўнікоў многіх відаў, якія яшчэ не так даўно лічыліся звычайнымі.

Каб прыйсці да гэтых высноваў, каманда даследчыкаў з British Trust for Ornithology (BTO) адпаведным чынам нтэрпрэтавала дадзеныя з 1970-х і параўнала іх з улікамі птушак, якія праводзіліся ў апошнія гады. Такім чынам, за апошнія прыкладна 50 гадоў Брытанія страціла 30 мільёнаў дамовых вераб’ёў, 20 мільёнаў шпакоў, 4 мільёны палявых жаўрукоў, 2 мільёны чорных драздоў і 1 мільён берасцянак, а таксама сотні тысяч асобін іншых відаў птушак.

Прафесар Juliet Vickery, дырэктар BTO, сказала: "Дзякуючы сабраным BTO дадзеным, мы можам упэўнена пацвердзіць трывожнае змяншэнне брытанскіх папуляцый розных гняздуючых відаў птушак.

За апошнія некалькі гадоў у маім родным сельскагаспадарчым рэгіёне Cambridgeshire адбылося самае значнае для Брытанскіх астравоў і Ірландыі знікненне многіх відаў птушак. Я больш не магу там спадзявацца пачуць спеў салаўя ці атрымаць задавальненне ад таго, што гарадзкія ластаўкі будуць дзяліць са мной той самы дом.

Наступныя пакаленні могуць ужо не пачуць ці не ўбачыць драздоў-спевуноў, зязюляў або сокалаў-пустэльгаў. Мы ўсе павінны рабіць больш, каб прыпыніць адмоўныя тэндэнцыі і павінны зрабіць гэта неадкладна.”

Адзін з галоўных драйвераў знікнення брытанскіх птушак і біяразнастайнасці ўвогуле - гэта сучасная сельская гаспадарка і іншая практыка выкарыстання зямлі. За апошнія 50 гадоў менавіта птушкі сельскагаспадарчых палеткаў зменшылі сваю колькасць найбольш, прычым самае рэзкае змяншэнне адбылося яшчэ на прыканцы 1970-х і ў 1980-я гады, але, на жаль, працягваецца і цяпер. Лічыцца, што такія наступствы адбыліся з-за радыкальных зменаў у практыцы вядзення сельскай гаспадаркі ў 1950-60-х гады.

Нядаўна ўрад Вялікабрытаніі апублікаваў дадзеныя, што 48% усіх відаў птушак, якія гняздуюць у краіне, змяншалі сваю колькасць паміж 2015 і 2020 гадамі. Хаця тэмпы змяншэння колькасці былі найбольшымі ў лясных відаў, аднак у найгоршым становішчы апынуліся віды, звязаныя з сельскагаспадарчымі біятопамі.

Дадзеныя BTO паказваюць, як атрымалася лічба ў 73 мільёны птушак, якіх стала менш у небе Брытаніі. Аказваецца, агульныя страты сягаюць нават 114 мільёнаў асобін, аднак за гэтыя ж паўстагоддзі стала на 41 мільён асобін больш вялікіх галубоў, крапіўнікаў і лесак-чарнагаловак.

Хаця самі па сабе гэтыя лічбы вельмі важныя, не менш важна, што атрымалася вызначыць і асноўныя прычыны, якія прывялі да такіх негатыўных наступстваў. Гэта спрашчэнне і дэградацыя біятопаў, якія асабліва хутка адбываліся ў сельскагаспадарчым ландшафце, інтэнсіўнае выкарыстанне пестыцыдаў і змены ў сельскай гаспадарцы, якія прывялі да значнага змяншэння відаў ‘культурных’ раслін, якія вырошчваюць на сваіх палетках фермеры.

"Акрамя агульнай карціны, мы зрабілі магчымым паглядзець на змены, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі навокал кожнага з нас на рэгіянальным узроўні. Для гэтага трэба толькі ўвесьці свой паштовы індэкс на нашым сайце Birds on your doorstep’, і можна ўбачыць, што брытанскія птушкі знікаюць паўсюль навокал нас і нам трэба рабіць значна больш, каб прыпыніць гэта” – сказала Juliet Vickery.

Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак палявога жаўрука на фоне поля азімага рапса яго ж

 

 

На гэтую тэму:

ПЕСТЫЦЫДЫ І ГЕРБІЦЫДЫ – НАЙВАЖНЕЙШАЯ ПРЫЧЫНА ЗМЯНШЭННЯ КОЛЬКАСЦІ ПТУШАК У ЕЎРОПЕ

Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў

Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі

Поплаўны лунь знік як гняздуючы ў Брытаніі, але 12 іншых рэдкіх відаў там павялічваюць колькасць

Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі

Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю

Амаль траціна дзікіх птушак знікла ў Паўночнай Амерыцы за апошнія 50 гадоў

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі