Новая гадавая справаздача, якая падводзіць вынікі стану папуляцый рэдкіх гняздуючых відаў (Rare Breeding Birds Panel (RBBP)) на Брытанскіх астравах за 2020 год, між іншага сцвярджае, што поплаўны лунь (Circus pygargus) у гэты год перастаў гнездаваць у Вялікабрытаніі.
Гэта першы падобны сезон для віда пасля 1975-га, калі таксама не было падцверджана ніводнага выпадку гнездавання ў краіне. Хаця ў гнездавы сезон 2020-га ў розных частках Брытаніі адзначалі агулам трох самак і шэсць самцоў, ніводнай пары яны не стварылі і спробаў гнездавання не было.
Поплаўны лунь для Вялікабрытаніі, як і іншых краін Еўропы, пералётны від і дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам, якія атрымалася выкарыстаць для адсочвання перамяшчэнняў асобін, якія гнездавалі на астравах, брытанскія луні зімуюць у Сенегале. Пад час міграцыі ім пагражае не толькі браканьерства ў краінах Міжземнамор’я і Паўночнай Афрыкі, але часам і экстрэмальнае надвор’е.
Большасць папуляцыі віда ў Еўропе, і Вялікабрытанія не была выключэннем, апошнія дзесяцігоддзі гняздуе на сельскагаспадарчых палетках. У Брытаніі луні выбіралі для гнездавання азімые зерневыя і рапс і часта вярталіся ў тыя самыя месцы з году ў год. Аднак інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і больш раннія тэрміны ўборкі ставяць пад пагрозу поспех гнездавання віда, таму што птушаняты ў многіх гнёздах (а ў некаторыя гады нават ва ўсіх) не паспяваюць з іх выляцець да пачатку ўборкі ўрадажаю. Таму знойдзеныя гнёзды патрабуюць спецыяльных мераў па іх агароджванню і ахове не толькі пад час сельсагаспадарчых прац, але і ад наземных драпежнікаў.
На жаль, нават падобная інтэнсіўная ахова не дае ўпэўненасці ў захаванні віда ў Вялікабрытаніі, таму што ў апошнія гады дзве гняздуючыя самкі са спадарожнікавымі перадатчыкамі зніклі ў той самай мясцовасці ў графстве Норфалк і навукоўцы падазраюць, што яны былі застрэленыя.
Тым не менш, справаздача RBBP адзначае і некаторыя пазітыўныя змены сярод рэдкіх гняздуючых птушак краіны і ў 2020-м годзе зарэгістраваныя максімумы колькасці для 12 такіх відаў, сярод якіх рэінтрадукаваныя ў папярэднія гады арлан-белахвост (Haliaetus albicilla) і шэры журавель (Grus grus). З самастойна пашыраных відаў, гэта чапля-бугай (Botaurus stelaris), колпіца (Platalea leucorodia) і вялікая белая чапля (Egretta alba). Навукоўцы лічаць, што гэта вынік больш эфектыўнай аховы і менеджмента водна-балотнымі ўгоддзямі.
Вельмі добры гнездавы сезон аказаўся для егіпецкай чаплі (Bubulcus ibis), від быў зарэгістраваны як гняздуючы ў 5 новых месцах так далёка на поўнач, як графства Cheshire. Егіпецкая чапля працягвае каланізаваць новыя тэрыторыі на поўнач ад асноўнага гнездавога арэалу ў кантынентальнай Еўропе і ўпершыню адзначана як гняздуючая ў Брытаніі ў 2008 годзе.
Круцігалоўка. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
На поўначы Шатландыі атрымаўся рэкордна добры сезон гнездавання ў кругланосага плывунчыка (Phalaropus lobatus). А ўпершыню за шмат гадоў пара круцігаловак (Jynx torquilla) адзначана ва Уэльсе. І хаця невядома, ці птушкі там гнездавалі, гэта першая пара ў гнездавы сезон у краіне з 2002 году.
Маніторынг рэдкіх гняздуючых відаў птушак у Вялікабрытаніі праводзіцца, у асноўным, дзякуючы бёрдэрам-валанцёрам, аднак у 2020-м годзе з-за абмежаванняў, звязаных з пандэміяй COVID-19, не атрымалася праверыць некаторыя аддаленыя тэрыторыі і асобныя рэзерваты. Магчыма таму для некаторых рэдкіх відаў былі атрыманы самыя нізкія лічбы за ўвесь час маніторынгу.
Гадавая справаздача RBBP, якая фундуецца Joint Nature Conservation Committee, RSPB і BTO і публікуецца ў часопісе British Birds, адсочвае змены ў колькасці і статусе найбольш рэдкіх гняздуючых птушак Вялікабрытаніі. Апошняя змяшчае звесткі пра 101 від мясцовых птушак і 12 відаў-інтрадуцэнтаў.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак самца поплаўнага луня, на якога прымацоўваюць спадарожнікавы перадатчык, яго ж
На гэтую тэму:
Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі
Чорнагаловая чайка працягвае рэзка павялічваць колькасць у Брытаніі
Караткахвосты паморнік знікае ў Вялікабрытаніі
Драматычныя змены ў вадаплаўных птушак Вялікабрытаніі
Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі
У Брытаніі ўпершыню за 600 гадоў ізноў загнездавалі белыя буслы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ