У Брытаніі ўпершыню за 600 гадоў ізноў загнездавалі белыя буслы

Паспяхова адбываецца чарговы этап рэінтрадукцыі белых буслоў (Ciconia ciconia) на Брытанскіх астравах – ўпершыню за мінулыя стагоддзі пара гэтых птушак самастойна збудавала гняздо на старым дубе і наседжвае кладку з трох яек. Гэта чарговы від, які атрымалася вярнуць у мясцовую прыроду, хаця наперадзе яшчэ некалькі гадоў да таго часу, калі буслы створаць тут самастойную папуляцыю.

Падзеі адбываюцца ў маёнтку Knepp, які знаходзіцца ў графстве Sussex на паўднёвым усходзе Англіі. “Гэта абсалютна неверагодна!” – кажа Ізабэла Тры (Isabella Tree), ўладальніца маёнтка. “Буслы сядзяць на яйках, а мы таксама як бацькі – пасля навальніцы бяжым з мужам глядзець ці вецер не скінуў іх гняздо”.

Хаця час ад часу белыя буслы залятаюць на Брытанскія астравы, лічыцца, што апошняе вядомае гнездаванне віду адбылося тут у 1416 годзе ў Эдынбургу – гэта значыць больш, чым 600 гадоў таму!

Від вяртаецца ў Злучанае каралеўства дзякуючы супрацы ўладальнікаў маёнткаў у паўднёва-усходняй Англіі і адміністрацыі Cotswold Wildlife Park, Варшаўскага заапарка, Roy Dennis Wildlife Foundation і Durrell Wildlife Conservation Trust. Птушкі з падрэзаннымі крыламі былі выпушчаныя ў вялікую па плошчы, ачышчаную ад лісаў, адкрытую і агароджаную мясцовасць тры гады таму. Удзельнікі праекту спадзяваліся, што гэтыя буслы прыцягнуць увагу дзікіх птушак, якія будуць пралятаць побач – так і атрымалася. Негледзячы на тое, што для буслоў былі растаўленыя гнездавыя платформы, пара, якая загнездавала, збудавала гняздо на дубе самастойна.

Іншыя буслы, разведзеныя ў няволі, будуць выпушчаныя на гэтую тэрыторыю ў наступныя пяць гадоў – такім чынам будзе дасягацца асноўная мэта праекту рэінтрадукцыі віду – стварэнне да 2030 году папуляцыі, якая будзе здольная самастойна падтрымдіваць сваю колькасць на астравах.

Рос Кенэрлі (Ros Kennerley), мэнэджэр праектаў фонда Дарэла на Вялікабрытанію, сказаў: “Хаця беламу буслу не пагражае знікненне, але гэта вельмі харызматычны від, які сымбалізуе аднаўленне і можа служыць інспірацыяй людзям да аховы прыроды”.

Адна з магчымых праблем рэінтрадукцыі – рэальныя апасенні прыродаахоўнікаў таго, што выпушчаныя тут белыя буслы не змогуць самастойна міграваць на зімоўку ў Афрыку. Бліжэйшая будучыня пакажа, ці так гэта, тым больш адзін з выпушчаных тут буслоў самастойна пераляцеў праз Ла-Манш у паўночную Францыю, а потым вярнуўся. Аднак нават для зімуючых на поўдні Англіі буслоў павінна ўзімку хапіць ежы.

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Аўдзіт англійскай прыроды – прапалі 500 відаў!

Як запрацаваць на рэінтрадукцыі птушак – прыклад Шатландыі

Рэінтрaдyкаваныя птушкі прыносяць мільёны фунтаў прыбылі

Першы поспех у рэітрадукцыі дропаў ў Вялікабрытаніі