Чорнагаловая чайка працягвае рэзка павялічваць колькасць у Брытаніі

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) параўнальна нядаўна з’явілася як гняздуючы від у арнітафауне Вялікабрытаніі. Першы выпадак гнездавання адзначаны як раз 50 гадоў таму – у 1968 пара паспяхова падняла на крыло 2 птушанят на невялікім востраве ў Needs Ore Point (Hampshire). Цікава, што да 1962 году ўсе назіранні віда на Брытанскіх астравах трэба было пацверджваць у Камітэце па рэдкасцях, аднак колькасць рэгістрацый спачатку паступова, а потым і рэзка павялічвалася.

У 2000-м годзе – калі ў краіне праводзіўся апошні ўлік гняздуючых марскіх птушак, - на Брытанксіх астравах было адзначана 108 пар. Праз 10 гадоў, у 2010, гняздуючая папуляцыя віду паводле ацэнак павялічылася да 600-700 пар – птушкі галоўным чынам займалі паўднёвае і паўднёва-усходняе ўзбярэжжа Англіі.

За мінулыя сем гадоў фенаменальнае павелічэнне колькасці працягвалася. Так, напрыклад, у Langstone Harbour, гняздуючая калонія чорнагаловых чаек з 498 занятых гнёзд у 2012 годзе налічвала ўжо 1736 сёлета. Яўна больш шматлікімі сталі чайкі і ў іншых месцах: летам 2018 г. арнітолагі налічылі 1374 асобіны ў Hemsby (Norfolk), 1230 (уключна з 420 маладымі птушкамі) у Ferrybridge (Dorset), і больш за тысячу (таксама разам з маладымі) у Chesil Cove (Dorset).

У заліве Langstone Harbour чарнагаловыя чайкі гняздуюць у калоніях чаек-рыбачак, утвараючы там свае суб-калоніі. Тамсама да іх прымыкаюць і калоніі чубатых крычак. Менавіта там у апошнія два гады прыкладна 200 маладых чаек атрымалі жоўтыя пластыкавыя кольцы, якія дапамогуць зразумець іх рассяленне і іншыя перамяшчэнні.

Цікава, што драматычнае павелічэнне колькасці і рассяленне віду адзначана і ў іншых краінах Еўропы прыкладна ў той жа час. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя чорнагаловыя чайкі гнездавалі выключна па марскіх узбярэжжах і на астравах Міжземнага і Чорнага мораў. Прыкладна 60 гадоў таму адбылося распаўсюджанне чаек у Венгрыі (дзе від гняздуе з 1953 г. на ўнутрыкантынентальных вадаёмах), потым, у 1960-я гады, від пачаў каланізацыю Германіі і Бельгіі, у 1970-я – Нідэрландаў. Для Паўночнай Ірландыі першы выпадак гнездавання адзначаны ў 1995, а негняздуючыя асобіны ў вялікай колькасці рэгіструюцца штогод на поўначы Брытанскіх астравоў усё часцей.

У Беларусі першая рэгістрацыя на гнездаванні адбылася ў 1988 годзе – пара птушак на гняздзе з птушанём назіралася на Вілейскім вадасховішчы, у 1992 там жа адзначылі самца і двух самак у гнязда з 5 яйкамі і на рыбгасе “Трэмля” у Калінкавіцкім раёне гнездаванне яшчэ адной пары. З 2016 г. колькасць рэгістрацый віду ў нашай краіне ў розныя сезоны рэзка павялічылася, асобныя пары у гнездавы сезон назіраюцца ў калоніях чаек-рыбачак у Мінску.  

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Ірыны Самусенка

 

 

На гэтую тэму:

Вялікабрытанія: выключны гнездавы сезон для паўднёвых відаў

Вялікабрытанія можа страціць свой адзіны эндэмічны від птушак?

Аўдзіт англійскай прыроды – прапалі 500 відаў!

Рэдкім птушкам у Брытаніі лепш, чым звычайным?

Вялікая белая чапля ўпершыню загнездавала ў Вялікабрытаніі

Драматычныя змены ў вадаплаўных птушак Вялікабрытаніі

КАРАТКАХВОСТЫ ПАМОРНІК ЗНІКАЕ Ў ВЯЛІКАБРЫТАНІІ