Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі

Адзін з самых звычайных відаў драпежных птушак – сокал-пустальга (Falco tinnunculus) – працягвае змяншаць сваю колькасць ў апошнія гады на Брытанскіх астравах. Такія лічбы, між іншага, прадставіў Брытанскі орніталагічны траст (British Trust for Ornithology (ВТО) у сваёй справаздачы пра ўлікі гняздуючых птушак у мінулым годзе: Breeding Bird Survey 2009.

Прычыны апошніх зменаў колькасці пустальгі не зразумелыя.
Паводле даследаванняў ВТО, паміж 1995 і 2008 гг. папуляцыя гэтага сокала ў Вялікабрытаніі зменшылася на 20%, і яшчэ больш – аж на 36% паміж 2008 і 2009 гг. Шуляк-карагольчык (Accipiter nisus) таксама знікае: паміж 1995 і 2008 гг. яго колькасць зменшылася на 7%, з далейшым падзеннем на 18% за апошнія два гады.
Аднак заўважаныя і пазітыўныя трэнды. Так, папуляцыі гняздуючых мясцовых канюхоў-мышаловаў (Buteo buteo) і чырвоных каршуноў (Milvus milvus) працягваюць павялічвацца. Паміж 2008 і 2009 гг. яны выраслі на 57%. За гэты час павялічылася на 21% і папуляцыя сокала-кабца (Falco subbuteo). Колькасць птушак сельскагаспадарчых палеткаў – палявых жаўрукоў (Alauda arvensis), звычайнай (Emberiza citronella) і гуменнай стрынатак (Emberiza calandra) у апошнія два гады заставаліся стабільнымі, а колькасць шэрай курапаткі зменшылася на 20%. 
Колькасць некаторых птушак значна упала паміж 2008 і 2009 гг: так, жоўтагаловых каралькоў (Regulus regulus) стала менш на 56%, а сініц-апалоўнікаў (Aegithalos caudatus) на 12%, чорнагаловых ерчыкаў (Saxicola torquata) на 38%, паўзункоў (Certhia familiaris) на 27%, звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris) на 22%, звычайнай зязюлі (Cuculus canorus) на 21% і зелянушкі (Chloris chloris) на 13%.
Кэйт Райзэлі (Kate Risely), арганізатар улікаў BTO, так пракаментавала лічбы: “Дзякуючы нашым валантэрам мы маем магчымасць параўноўваць лічбы для больш чым сотні відаў брытанскіх птушак, і трэнды іх папуляцый шырока выкарыстоўваюцца для вызначэння прыярытэтаў у ахове нашай прыроды. Без іх адданай працы мы б нашмат менш ведалі пра нашых гняздуючых птушак. І тое, што колькасць пустальгі ў нас змяншаецца, а сокала-кабца, наадварот, павялічваецца – мы ведаем гэта толькі дзякуючы нашым валантэрам”.
Гэта ужо 15я штогадовыя вынікі даследавання стану папуляцый брытанскіх гняздуючых птушак, якія праводзяць разам найбуйнейшыя прыродаахоўныя арганізацыі Вялікабрытаніі: BTO/JNCC/RSPB.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Крах папуляцыі заходняга салаўя ў Вялікабрытаніі

Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе

Нелегальная лоўля птушак павялічваецца ў Вялікабрытаніі