Мільёны качак, гусей, лебедзяў і кулікоў цяпер пералятаюць ці ўжо пераляцелі з месцаў гнездавання ў арктычных частках Паўночнай Еўропы, Азіі, Грэнландыі і Канады ў больш лагодныя месцы, ў тым ліку і на ўзбярэжжы Вялікабрытаніі.
Аднак апошняя справаздача The State of the UK’s Birds 2011 report, нядаўна падрыхтаваная RSPB (партнёрам BirdLife у Вялікабрытаніі), ў кааліцыі з іншымі прыродаахоўнымі НДА, паказвае драматычныя змены ў папуляцыях зімуючых на астравах вадаплаўных птушак.
Адзін з самых нечаканых вынікаў атрыманы для качак-крыжанак. У месцы, дзе раней зімавала самая вялікая іх колькасць, іх цяпер найменш у параўнанні з іншымі месцамі. Ў параўнанні з дадзенымі 1998 году, калі пачаліся падобныя ўлікі, значныя адмоўныя змены колькасці зарэгістраваныя для нырка-сівака (-46%); вялікага кіркуна (-39%); малога грыцука (-29%); і вялікага зуйка (-26%).
Наадварот, лебедзь-клікун, які прылятае на зімоўку з Ісландыі, дасягнуў найбольшага за апошнія 10 год узроўню – яго колькасць павялічылася да 122%. Яшчэ дзве гісторыі поспеху адзначаны для шыладзюбкі і караткадзюбай гуменніцы, папуляцыі якіх дасягнулі ўзроўню адпаведна на 95% і 27% большага за 1998 год.
Прычыны зменаў не зусім зразумелыя, аднак дадзеныя ўлікаў вадаплаўных птушак з іншых частак Еўропы паказваюць, што часткова гэта можна растлумачыць больш лагоднымі зімамі. Дзякуючы гэтаму некаторыя птушкі не ляцяць так далёка на зімоўку, як раней.
Марцін Хэрпэр (Martin Harper), дырэктар RSPB па прыродаахоўным пытанням, сказаў: “Вялікабрытанія мае адныя з найлепшых месцаў для птушак балот. І гук, і выгляд дзесяткаў тысяч птушак, якія прылятаюць на гэтыя балоты – адно з найлепшых дасведчанняў прыроды, якое могуць прапанаваць нашы астравы. І хаця іх колькасць можа флуктуіраваць у розныя гады, такія месцы вельмі важныя для птушак і патрабуюць аховы.”
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак шыладзюбкі Дзьмітрыя Вінчэўскага
На гэтую тэму:
Балтыйскія качкі ў глыбокім піке Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ