Самцы і самкі жоўтагаловых дзятлаў харчуюцца на розных па дыяметру частках дрэваў

жоўтагаловы дзяцел

Арнітолагі з універсітэту Siedlce (Польшча) змаглі знайсці істотныя адрозненні паміж месцамі харчавання самцоў і самак жоўтагаловага дзятла (Picoides tridactylus) у польскай частцы Белавескай пушчы. Гэтыя адрозненні яўна дапамагаюць прадстаўнікам рознага полу менш канкураваць за тыя самыя харчовыя рэсурсы на той самай тэрыторыі.

 Хаця пад час правядзення даследаванняў жоўтагаловыя дзятлы выкарыстоўвалі для харчавання ўсяго 7 відаў дрэваў, і самцы, і самкі аддавалі значную перавагу елкам (Picea abies) - адпаведна ў 83% і 90% выбару птушак. Акрамя гэтага было знойдзена, што дзятлы абодвух палоў найбольш часта выбіралі для пошуку насякомых і іх лічынак мёртвыя елкі, але самкі часам таксама шукалі ежу і на яшчэ жывых.

Цікава, што выбраныя для харчавання дзятламі елкі звычайна былі ў сярэднім у два разы з большым дыяметрам ствала, чым тыя, якія раслі навокал. І аказалася, што гэта было важна пад час выбару і ўжо мёртвых, і яшчэ жывых дрэваў.

Адзіным значным адрозненнем у выбары самцоў і самак, знойдзеным даследчыкамі, аказаўся розны дыяметр той часткі дрэва, на якой пераважна харчаваліся самцы, і той, на якой пераважна шукалі ежу самкі. Такім чынам атрымалася знайсці частковы падзел харчовых нішаў паміж асобнамі жоўтагаловага дзятла рознага полу.

Акрамя гэтага даследаванне ясна паказала, што нават у даволі разнастайным на розныя віды мёртвай драўніны Белавежскім нацпарку (Białowieża National Park), тоўстыя і мёртвыя яліны з’яўляюцца крытычна важнай крыніцай ежы для жоўтагаловых дзятлаў.

Крыніца: Czeszczewik, D., Stański, T. 2024 Foraging sites of the Eurasian Three-toed Woodpecker (Picoides tridactylus) in relation to sex in primeval forest stands of the Białowieża National Park. J Ornithol. https://doi.org/10.1007/s10336-024-02161-4 

Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Пекача

 

На гэтую тэму:

Істотныя адрозненні ў выбары месцапражыванняў паміж вялікім і сірыйскім дзятламі знойдзены ў Польшчы

Вялікія дзятлы пазнаюць адзін аднаго па тэрытарыяльнаму дробату