У большасці даследаванняў авіфауны гарадоў, дзятлы звычайна атрымліваюць мала ўвагі. Сярод еўрапейскіх відаў дзятлаў (за выключэннем круцігалоўкі), толькі адзін від - сірыйскі (Dendrocopos syriacus) можа лічыцца сапраўды сінантропным, бо насяляе як вясковыя, так і гарадзкія біятопы.
Даследчыкі ў двух гарадах Цэнтральнай Польшчы праверылі выкарыстанне і прыцягальнасць розных відаў дрэваў для сірыйскага і вялікага дзятлаў (D. major). Аказалася, што назіранні сірыйскага пераважаюць на грэцкіх арэхах, пладовых дрэвах і на старых таполях ці вербах (відах з т.зв. мяккай драўнінай). Таксама, сірыйскія дзятлы сустракаліся ў цэнтрах гарадоў вакол невысокіх будынкаў з параўнальна невялікай колькасцю дрэваў.
У супрацьлегласць гэтаму, вялікія дзятлы былі адзначаныя толькі ў месцах з высокай шчыльнасцю дрэваў, якія складаліся пераважана з відаў з т.зв. цвёрдай драўнінай на ўскрайках ці ў лесапарках і невялікіх лясках унутры гарадоў. Як звычайна бывае ў сімпатрычных (якія насяляюць адну і тую тэрыторыю) і блізкіх відаў, яны займаюць розныя нішы ў нашых паселішчах.
Аказалася, што цэнтральнаеўрапейскія гарады - важныя для папуляцыі сірйскага дзятла і рэгулярнае знішчэнне на іх тэрыторыях старых дрэваў з мяккай драўнінай прыводзіць да змяншэння колькасці віду.
Крыніца:
Figarski Т & Ł Kajtoch (2018) Differences in Habitat Requirements between Two Sister Dendrocopos Woodpeckers in Urban Environments: Implication for the Conservation of Syrian Woodpecker. Acta Ornithologica 53(1):23-36. 2018
https://doi.org/10.3161/00016454AO2018.53.1.003
Паводле www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Аляксандра Сербуна
На гэтую тэму:
Самкі сірыйскага дзятла часам бароняць тэрыторыю больш актыўна, чым самцы
Гібрыдызацыя сірыйскага і вялікага дзятлаў у гарадзкіх папуляцыях
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ