Сірыйскі дзяцел (Dendrocopos syriacus) – самы сінантропны від сярод усіх еўрапейскіх дзятлаў і выглядае на тое, што ён актыўна карыстаецца з дзейнасці чалавека і створаных намі месцапражыванняў. З-за таго, што сірыйскі дзяцел – блізкі від з вялікім дзятлам (Dendrocopos major), магчымыя ўзаемадзеянні паміж імі павінны быць прадугледжаныя перад тым, як пачынаць даследаванні ў месцах іх сімпатрычнага (сумеснага) пражывання.
У трох гарадах Польшчы збіраліся, аналізаваліся і параўноўваліся рэакцыі вялікага і сірыйскага дзятлаў на прайграванне голасу апошняга на працягу ўсяго году. Ва ўсіх трох гарадах абодва віды сустракаюцца сімпатрычна і яны адказвалі на прайграванне запісаў. Аднак сірыйскі дзяцел не толькі больш ахвотна адказваў на іх, але, як аказалася, самкі гэтага віду ўдзельнічалі ў тэрытарыяльных паводзінах больш актыўна, чым іх самцы!
Гэта першае даследаванне, дзе атрымалася паказаць для дзятлаў адваротныя ролі (sex-role reversed), якія выконвалі самцы і самкі ў абароне гнездавой тэрыторыі на працягу ўсяго году.
Сірыйскі дзяцел- рэдкі для Еўропы від птушак, які ахоўваецца ў краінах Еўразвязу паводле Дырэктывы аб дзікіх птушках (Birds Directive of the European Union (2009/147/EC)) і лічыцца важным відам- індыкатарам стану гарадзкіх тэрыторый. Таму правільная інтэрпрэтацыя яго паводзін вельмі важная пры правядзенні ўлікаў і менэджмэнта тэрыторыямі, дзе ён распаўсюджаны.
Крыніца:
Tomasz Figarski (2017) Contrasting seasonal reactions of two sibling woodpeckers to playback stimulation in urban areas — implications for inventory and monitoring of the Syrian woodpecker. Behaviour October 2017 DOI: 10.1163/1568539X-00003452
Паводле www.booksandjournals.brillonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца сірыйскага дзятла Аляксандра Сербуна
На гэтую тэму:
ГІБРЫДЫЗАЦЫЯ СІРЫЙСКАГА І ВЯЛІКАГА ДЗЯТЛАЎ У ГАРАДЗКІХ ПАПУЛЯЦЫЯХ
Вялікі дзяцел каланізуе Ірландыю
Інвазійны жук-пілільшчык дапамог амерыканскім дзятлам
Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ