Колькасць на гнездаванні, яе змены і трэнды для некаторых рэдкіх птушак Польшчы ў 2021 годзе

сіваграк

Апублікованая ў апошнім нумары часопіса Ornis Polonica справаздача падсумоўвае дадзеныя, атрыманыя Картатэкай рэдкіх птушак (Kartoteka Rzadkich Ptaków) пра некаторыя параметры гнездавых папуляцый 32 рэдкіх у Польшчы таксонаў (30 відаў і 2 падвідаў) птушак у 2021 годзе.

Рэкордная колькасць была адзначана для лебедзя-клікуна (Cygnus cygnus) (308 пар), нільскай гусі (Alopochen aegyptiaca) (віда-інтрадуцэнта, 36 пар), крыўка (Haematopus ostralegus) (40 пар), хадулачніка (Himantopus himantopus) (10 пар), чаплі-кваквы (Nycticorax nycticorax) (1315 пар), вялікай белай чаплі (Ardea alba) (845 пар), а таксама сокала-падарожніка (Falco peregrinus) (68 пар).

Павелічэнне колькасці на гнездаванні адбылося і ў чырвонаносага нырка (Netta rufina) (44 пары), качкі-мандарынкі (Aix galericulata) (від-інтрадуцэнт, 88 пар) i барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa) (11 пар).

Негатыўны трэнд колькасці быў адзначаны для вялікага зуйка (Charadrius hiaticula) (179 пар), вялікага грыцука (Limosa limosa) (381 пар), дубальта (Gallinago media) (486 самцоў), чорнагаловай чайкі (Ichthyaetus melanocephalus) (68 пар), скапы (Pandion haliaetus) (30 пар), арла-вужаеда (Circaetus gallicus) (4 пары), сіняга сіваграка (Coracias garrulus) (16 пар), сценалаза (Tichodroma muraria) (мін 1 пара) i дразда-белабровіка (Turdus iliacus) (максімум 2 пары).

Гняздуючыя папуляцыі белавокага нырка (Aythya nyroca) (102 пары), вялікага арляца (Clanga clanga) (18 пар), арла-маркута (Aquila chrysaetos) (30 пар) i вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola) (4724 самца) утрымаліся на тым самым узроўні.

Флуктуацыі або незразумелыя трэнды колькасці былі знойдзены для пярэстай качкі (Tadorna tadorna) (118 пар), вялікага кулёна (Numenius arquata) (193 пары), пярэстаносай крычкі (Thalasseus sandvicensis) (77 пар), белакрылай рыбачкі (Chlidonias leucopterus) (4127 пар), жоўтагаловай пліскі (Motacilla citreola) (30 пар па-за далінай ракі Бебжа), а таксама таксонаў, колькасць якіх не перакрочыла 10 пар: шыладзюбкі (Recurvirostra avosetta) (2 пары), „стэпавага’ вялікага грычуна (Lanius excubitor homeyeri) (1 пара), чорнай вароны (Corvus corone) (4 пары) i „тундравай” жоўтай пліскі (M. flava thunbergi) (3 пары).

У 2021 годзе не знойдзены на гнездаванні ў Польшчы два віды-інтрадуцэнты: канадзкая казарка (Branta canadensis) і папугай Крамера (Psittacula krameri), а таксама балотная сава (Asio flammeus) i зялёная пячураўка (Phylloscopus trochiloides).

Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сіняга сіваграка Уладзіміра Янушэвіча

 

На гэтую тэму:

АГЛЯД РЭГІСТРАЦЫЙ РЭДКІХ НЕГНЯЗДУЮЧЫХ ВІДАЎ ПТУШАК У ПОЛЬШЧЫ Ў 2021 ГОДЗЕ

СПІС АРНІТАФАУНЫ ПОЛЬШЧЫ АФІЦЫЙНА ПАВЯЛІЧЫЎСЯ НА 6 ВІДАЎ

КОЛЬКАСЦЬ І ЯЕ ТРЭНДЫ ДЛЯ САМЫХ РЭДКІХ НА ГНЕЗДАВАННІ ВІДАЎ ПТУШАК ПОЛЬШЧЫ

Спіс арнітафауны Польшчы афіцыйна павялічыўся на 5 відаў

Шыладзюбкі ў Польшчы: агляд рэгістрацый і гнездавання

У Польшчы стала на адзін гняздуючы від больш