Шыладзюбкі ў Польшчы: агляд рэгістрацый і гнездавання

шыладзюбка

З 1945 да 1977 г. было зроблена 10 рэгістрацый шыладзюбак у Польшчы. Пасля гэтага від рэгістраваўся ў краіне ўжо штогод, а гнездаванне адбывалася ўсё часцей. Самыя раннія рэгістрацыі віда адбываліся на прыканцы сакавіка, самыя познія – у сярэдзіне лістапада. Двойчы пацверджана зімоўка. Найбольшая колькасць птушак адзначалася ў 2019 (179) i 2020 (175) гг. Яўна дамінавалі назіранні адзінкавых кулікоў (43,6%) і асобных пар (31,4%). Найбольшая група (у 1994–2020 гг) налічвала 15 шыладзюбак.  

Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – адзіны прадстаўнік роду, адзначаны ў Польшчы. Від распрошана гняздуе ў многіх краінах Еўропы, праз паўднёвую і Цэнтральную Азію да Сібіры і Кітая, таксама распаўсюджаны ў Афрыцы, на Аравійскім паўвостраве і на паўночным захадзе Індыі. Большасць гэтых кулікоў у паўночна-заходняй Еўропе гняздуе ў прыморскіх раёнах, асабліва ў Германіі і Нідэрландах. Аднак у некаторых краінах – напрыклад, у Польшчы, від займае і нізіны ў глыбі кантыненту. За апошнія два дзесяцігоддзі шыладзюбкі значна павялічылі свой гнездавы арэал. Найбольшая экспансія віда адзначана на Іберыйскім паўвостраве, у Вялікабрытаніі і ў паўднёва-усходняй Еўропе. Хутчэй за ўсё, выпадкі гнездавання віда ў Польшчы звязаны менавіта з гэтым.

графікі

У 1945-2020 гг. у Польшчы адбылася 681 рэгістрацыя віда, прычым агулам за гэты час было адзначана прыкладна 1500 птушак. У 1945-1993 гг. было зроблена 149 рэгістрацый агулам 275 птушак, а ў 1994-2020 гг ужо 532 рэгістрацыі агулам больш 1200 асобін шыладзюбкі. Аднак колькасць рэгістрацый віда хаця і значна павялічылася ў апошнія дзесяцігоддзі, аднак гэтае павелічэнне адбываецца не лінейна штогод, а з флуктуацыямі колькасці. Тым не менш, з 2012 г. і пазней колькасць адзначаных птушак на працягу году не была меншай за 38 асобін.

га

Першы выпадак гнездавання шыладзюбкі адбыўся ў 1994 г. у даліне Нарві ў мясцовасці Wiznа, дзе збудавалі гнёзды 3 пары гэтых кулікоў, аднак да сярэдзіны чэрвеня для ўсіх птушак спроба скончылася непаспяхова. Магчыма, што адна з гэтых пар пазней і паблізу ўсё ж загнездавала паўторна і паспяхова выгадавала 4 птушанят.

Усе дагэтуль вядомыя выпадкі гнездавання віда ў Польшчы адбываліся ў глыбі кантыненту і былі адзначаныя ў 11 ваяводзтвах. Усяго гнёзды птушкі будавалі ў 16 месцах (мін 31 пара) і ў 20 выпадках гнездаванне не было паспяховым, але праўдападобна, што 4 з пачаткова непаспяховых пар загнездавалі паўторна і паспяхова ў тым жа сезоне. Найбольш частай прычынай няўдач было затапленне гнёзд з-за падняцця ўзроўню вады ў месцы гнездавання птушак.

гра

Да 2000 г. шыладзюбкі гнездавалі толькі на поўначы краіны (там было адзначана 4 пары), з 2001 да 2010 гездаванне віду адбывалася ў паўднёва-усходняй частцы, а ў 2011-2020 гг гняздуючыя птушкі былі распрошаныя па ўсёй Польшчы. Усяго гэтыя кулікі выгадавалі 44 птушаняці, з якіх 28 атрымалася закальцаваць.

За ўвесь час назіранняў (уключна з 2021 г.), шыладзюбкі паўторна гнездавалі ў тым самым месцы на наступны год ці праз нейкі, больш працяглы адрэзак часу пасля першага выпадку гнездавання толькі 3 разы. Таму месцы гнездавання віду ў Польшчы нельга лічыць пастаяннымі.

Крыніца: Adrianna Muszyńska, Występowanie szablodzioba Recurvirostra avosetta w Polsce. Occurrence of the Pied Avocet Recurvirostra avosetta in Poland // Ornis Polonica 2022, 63: 12–28

У Беларусі першая рэгістрацыя шыладзюбкі адбылася ў 1994 г., паступова колькасць назіранняў віда, хаця і з флуктуацыямі, павялічваецца. Першы выпадак гнездавання шыладзюбкі адзначаны ў нас у 2018 годзе.

Паводле Ornis Polonica і www.researchgate.net падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

У фауне Беларусі з’явіўся новы гняздуючы від птушак – шыладзюбка!

Сенсацыя – першае гнездаванне шыладзюбак у Беларусі ?

Паспяховы гнездавы сезон шыладзюбак у Польшчы + VIDEO