Змены ў авіфауне вакол нас адбываюцца пастаянна, але найбольш важныя яны, канешне, для гняздуючых у краіне відаў. У Польшчы з 1800 да 2016 г вядома пра гнездаванне 254 відаў птушак (Stawarczyk et al. 2017), як мінімум некаторыя з іх па розных прычынах не гняздуюць у краіне дзесяцігоддзі ці некалькі апошніх гадоў. Аднак адбываюцца і супрацьлеглыя змены - так, з пачатку гэтага стагоддзя у спіс гняздуючых дадаліся качка-мандарынка (2001), малая белая чапля (2003), канадзкая казарка (2004), нільская гусь (2007), барадатая кугакаўка (2010) і садовая чаротаўка (2011). На мінулым тыдні атрымалася даказаць першы выпадак гнездавання іберыйскай пячураўкі (Phylloscopus ibericus) у Польшчы.
На прыканцы красавіка Кароль Драб (Karol Drab) знайшоў і сабраў доказы рэгістрацыі спяваючага самца іберыйскай пячураўкі - у выпадку зацверджання Фауністычнай камісіяй гэта будзе чацвёртая рэгістрацыя для Польшчы (першая адбылася ў 2005 г.). Іберыйская пячураўка - блізкі від "нашай" пячураўкі-ценькаўкі (Ph. collybita) і яшчэ не так даўно іх лічылі адным відам. Аднак птушкі добра адрозніваюцца ў палявых умовах па песне.
Пазней аказалася, што гэтага ж самца несвядома закальцавалі ў той самы дзень на пункце кальцавання птушак Akcji Bałtyckiej. Рэдкі госць недалёка заняў сваю тэрыторыю і спяваў тут больш за месяц. Дзякуючы гэтаму, яго змаглі паслухаць і ўбачыць многія бёрдэры з усёй Польшчы. І вось некаторым з назіральнікаў у мінулую пятніцу атрымалася ўбачыць, што гэты самец не тольуі капуліруе з самкай ценькаўкі, але і ... носіць ежу на гняздо птушанятам!
Такім чынам першы выпадак гнездавання іберыйскай пячураўкі ў Польшчы стаў фактам. У суботу тая ж каманда назіральнікаў знайшла гняздо, у якім сядзелі чацвёра добра апераных птушанят. пасля згоды прадстаўнікоў Фауністычнай камісіі і Цэнтру кальцавання, птушаняты былі закальцаваныя і вярнутыя ў гняздо, а бацькі працягвалі прыносіць ім корм.
Іберыйскія пячураўкі гняздуюць у Гішпаніі і Партугаліі, а таксама на ўзбярэжжах паўночна-заходняй Афрыкі (у Марока, Алжыры і Тунісе). Выпадкі гнездавання па-за гэтым арэалам вельмі рэдкія - вядомы, напрыклад, адзін у Вялікабрытаніі. Цяпер, пасля кальцавання самца і яго патомства ў нас ёсць шанцы больш даведацца пра далейшы лёс птушак.
Паводле Samuel Sosnowski (частка тэксту і фота) і Stawarczyk et al. 2017 "Rzadkie ptaki Polski" падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
У ПОЛЬСКІМ СПІСЕ ПТУШАК СТАЛА 455 ВІДАЎ
Барадатая кугакаўка ўпершыню загнездавала ў Польшчы
Садовая чаротаўка – новы гняздуючы від для Польшчы
Выйшла кніга “Rzadkie ptaki Polski” – кампедыюм назіранняў рэдкіх відаў у суседзяў
Першая шпорцавая кнігаўка ў Польшчы: як гэта было
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ