У польскім Спісе птушак стала 455 відаў

Пасля апошняга паседжання Фауністычнай камісіі (Komisjа Faunistycznа), якое адбылося 3-5 траўня 2018 г., у асноўны Спіс відаў птушак, адзначаных у Польшчы, дадалася амерыканская чайка-клыгун (Larus smithsonianus), якая і стала ў ім 455-м відам.

Маладая птушка (у першым зімовым уборы) трымалася на Вісле ў горадзе Пулавы (Puławу), Люблінскае ваяводзтва (Паўднёва-Усходняя Польшча) з 16 да 28 студзеня 2018 году і першым яе адзначыў там Лукаш Беднарз (Łukasz Bednarz).

Цікава, што амерыканская чайка-клыгун у Еўропе лічыцца асобным відам - Larus smithsonianus - пасля публікацыі падрабязнага артыкула пра генетычную адасобленасць амерыканскіх чаек ад еўрапейскай чайкі-клыгуна і адпаведнага рашэння Еўрапейскай асацыяцыі авіфауністычных камітэтаў (Association of European Rarities Committees) і Брытанскага звязу арнітолагаў (British Ornithologists' Union), аднак у Амерыцы – гэта падвід чайкі-клыгуна Larus argentatus smithsonianus, бо Амерыканскі звяз арнітолагаў American Ornithologists' Union застаўся пры сваім меркаванні.

Гнездавы арэал гэтай амерыканскай чайкі працягваецца праз усю паўночную частку Паўночнай Амерыкі: ад Аляскі да Вялікіх азёр амаль па ўсёй Канадзе і ад паўночна-ўсходняга ўзябрэжжа ЗША ад штата Мэн на поўдзень да штата Паўночная Караліна. 

Некаторыя птушкі застаюцца на зімоўку ў месцах гнездавання, аднак большасць праводзіць зіму на поўдзень ад гнездаваога арэалу ажно да Мексікі. У невялікай колькасці далятае нават да Венесуэлы, Калумбіі і Перу.

Першая рэгістрацыя амерыканскай чайкі-клыгуна для Заходняй Палеарктыкі адбылася яшчэ ў 1937 годзе, калі аднагадовая птушка з канадзкім кальцом была злапаная на гішпанскім караблі  амаль у 480 км ад ўзбярэжжа Гішпаніі. 

Пасля амаль пяцідзесяцігадовага перапынку, у 1986 у Ірландыі адзначана ізноў, а ў 1990 на працягу году таксама ў Ірландыі назіралі ажно 10 маладых першагадовых птушак! З таго часу на гэтым востраве амерыканская чайка-клыгун адзначаецца амаль штогод, прычым да 2002 г. там было ўжо 42 рэгістрацыі гэтых птушак!

Акрамя Ірландыі, амерыканская чайка адзначана таксама за апошнія два дзесяцігоддзі ў Вялікабрытаніі, Ісландыі, Нідэрландах, Гішпаніі, Францыі. 

Паводле вельмі падрабязнага артыкула Pat’а Lonargan’а & Killian’а Mullarney ў Dutch Birding пра гісторыю назіранняў і магчымасці правільнага вызначэння амерыканскай чайкі-клыгуна, па меры дасягнення птушкамі дарослага апярэння (4 гады), магчымасці адрозніць птушак ад еўрапейскага віду рэзка змяншаюцца. А нечаканы ўсплёск назіранняў амерыканскіх чаек-клыгуноў у Еўропе аўтары артыкула звязваюць хутчэй з рэзкім павелічэннем цікавасці бёдуотчараў да вялікіх чаек, чым з іх сапраўдным пачаткам залётаў у Заходнюю Палеарктыку.

 

Акрамя гэтага, да іншых вельмі цікавых і зацверджаных Камісіяй назіранняў можна аднесці другую рэгістрацыю (тут і далей - для Польшчы) гарбаносага свірка амерыканскага падвіду Melanitta deglandi stejnegeri, другую і трэцюю рэгістрацыі т.зв. сібірскага падвіду чайкі-чарнакрылкі Larus fuscus heuglini, восьмую рэгістрацыю азіяцкай залацістай сеўкі Pluvialis fulva, першае пасля 2011 г. назіранне гагі-грабянушкі Somateria spectabilis, а таксама невялікі налёт апошняй зімой яловых крыжадзюбаў Loxia pytyopsittacus.

Паводле http://komisjafaunistyczna.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак амерыканскай чайкі-клыгуна ў Пулавах з Clanga.com

 

 

На гэтую тэму:

Выйшла кніга “Rzadkie ptaki Polski” – кампедыюм назіранняў рэдкіх відаў у суседзяў

У Спісе птушак Польшчы па-ранейшаму 450 відаў 

Апошнія змены ў складзе авіфауны Польшчы

Першая шпорцавая кнігаўка ў Польшчы: як гэта было

Потенциальные новые виды птиц для Беларуси: кто они?

Новы від птушак для Літвы адкрыты …двойчы !

СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА

Брытанскі Спіс птушак дасягнуў 600 відаў!