У першы дзень новага году афіцыйна апісаны новы від птушак

балівійскі вірыён

Дакладна ў першы дзень новага, 2026-га году, вельмі цікавае і шырокараспаўсюданае сямейства Вірыёнавыя (Vireonidae), да якога найбліжэйшыя крэўныя з нашых птушак гэта авяльга, афіцыйна павялічылася на 1 від. Дагэтуль там вылучалі 68 відаў невялікіх, надрэўных птушак з параўнальна масіўнымі дзюбамі, якія распаўсюджаны ў абодвух Амерыках і ў Паўднёвай Азіі.

У Паўднёвай Амерыцы да вірыёнавых залічвалі 8 відаў, усе яны адносяцца да роду паўднёваамерыканскіх вірыёнаў Hylophilus. I вось цяпер да іх прапанавана дaлучыць новаапісаны від - балівійскага вірыёна (Hylophilus moxensis).

Гісторыя апісання новага віду пачалася у пачатку студзеня 2024 г., калі ў дэпартаменце Beni (Балівія) былі здабытыя 2 птушкі. Пасля рэвізіі збораў у музеях па ўсяму Свету і аналізу здымкаў, было знойдзена яшчэ 18 асобін.  Балівійскі вірыён мае даўжыню цела 12-13 см, важыць 10,5-13 г і найбольш падобны на два іншыя віды вірыёнаў - бразільскага (H. amaurocephalus) (які распаўсюджаны ва ўсходней частцы Бразіліі) і рудалобага (H. poicilotis) (насяляе паўднёва-усходнюю частку Бразіліі і Парагвай). Тым не менш, балівійскі вірыён адрозніваецца ад іх адсутнасцю цёмных плямак на пер’і над вушнымі адтулінамі - гэта паказала параўнанне яго тушак са 157 тушкамі бразільскага і 200 тушкамі рудалобага вірыёнаў.

Акрамя гэтага, былі знойдзены істотныя адрозненні ў вакалізацыі і генатыпе. Для апошняга былі секвенаваныя 4 гены (1 мітахандрыяльны і 3 з ядра клеткі). Атрымалася, што ўсе тры віды параўнальна блізкія адзін да аднаго, хаця іх дывергенцыя адбылася яшчэ ў позні міяцэн, прыкладна 3,5 млн гадоў таму.

мапа

Мапа сустрэч (распаўсюджання) трох блізкіх відаў вірыёнаў у Паўднёвай Амерыцы. Паводле van Els et al. 2026

Балівійскі вірыён - эндэмік аднайменнай краіны, дзе жыве ў балотнай расліннасці на часова падтопленых саваннах дэпартамента Beni, а ад бліжэйшых месцаўраспаўсюджання двух іншых прадстаўнікоў роду яго аддзяляе прынамсі 2000 км. 

Варта дадаць, што галоўны аўтар артыкулу пра апісанне новага віду - d-r Paul van Els, мой сябар, шмат гадоў працаваў даследчыкам авіфауны розных краін Паўднёвай Амерыкі, а ў апошнія некалькі гадоў займаецца вывучэннем і аховай птушак у родных Нідэрландах. Калі не памыляюся, гэта ўжо другі апісаны ім новы від птушак з Паўднёвай Амерыкі.

Крыніца: van Els, P. et al. 2026. A new species of greenlet from Bolivia in the Hylophilus poicilotis /amaurocephalus group (Vireonidae). Avian Systematics 3 (3): 17–37. www.avespress.com/uploads/downloads/388/file/AS_3_3_PDFA.pdf

Паводле Ornitofrenia PL падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак і мапа з www.avespress.com 

 

На гэтую тэму:

Апісаны новы від зязюлі з Барнэа

Новы від соваў нарэшце апісаны праз 13 гадоў пасля першай сустрэчы і праз 6 пасля першых фота

Новы від танагры з Перу і Балівіі нарэшце апісаны - праз 21 год пасля адкрыцця

У Інданезіі знойдзены тры новыя віды нектарніц