Міграцыйныя паводзіны белых буслоў звычайна змяняюцца толькі да часу дараслення

белы бусел

Змены ў навакольным асяроддзі, якія выкліканыя дзейнасцю чалавека, змяняюць і міграцыйныя паводзіны птушак. Некаторыя віды мяняюць тэрміны міграцыі (migration timing), робяць менш працяглымі або выбіраюць іншыя міграцыйныя шляхі і месцы зімоўкі, або ўвогуле перастаюць адлятаць на зімоўку. Хаця глыбінныя прычыны зменаў міграцыйных паводзін добра вядомыя, аднак механізмы, якія ляжаць у аснове адаптацый птушак да зменаў у асяроддзі, застаюцца невядомымі.

Каманда партугальскіх навукоўцаў вывучала механізмы, якія прывялі да нядаўняга і маштабнага знікнення міграцыйных паводзін у белых буслоў (Ciconia ciconia) з Іберыйскага паўвострава, доўгажывучага віда птушак, які раней цалкам адлятаў на зімоўку ў Афрыку. Для гэтага арнітолагі выкарысталі дадзеныя з улікаў віду за апошнія 25 гадоў і дадзеныя пра перамяшчэнні 213 асобін (80 дарослых і 133 маладых птушак першага каляндарнага году жыцця), атрыманыя дзякуючы GPS‐перадатчыкам (для некаторых птушак нават на працягу 7 гадоў). Для гэтага буслоў адлаўлівалі з 2016 па 2022 г. уключна на поўдні Партугаліі. Акрамя гэтага, навукоўцы зрабілі поўнагеномнае секвенаванне каб зразумець ці ў аснове зменаў да страты міграцыйных паводзін ляжыць фенатыпічная гнуткасць, ці адрозненні ў геноме, абумоўленыя онтагенетычнай пластычнасцю або мікраэвалюцыяй у выніку натуральнага адбору.

Паміж 1995 і 2020-м гг. доля белых буслоў, якія больш не мігруюць і застаюцца  ў Паўднёвай Еўропе круглы год, павялічылася з 18% да 68–83%. Аказалася, што гэтыя змены ў паводзінах птушак можна растлумачыць пластычнасцю развіцця (developmental plasticity). Тады як сярод буслоў першага году жыцця 98% пералятаюць Гібралтарскі праліў і ляцяць далей на зімоўку на поўдзень у Марока ці далей за Сахару, з узростам гэта змяняецца на карысць аселасці. І такім чынам доля мігрантаў змяншаецца да 67 і 33% адпаведна сярод птушак другога і трэцяга году жыцця. Сярод дарослых буслоў гэта доля яшчэ меншая і толькі 19% з тых птушак, што мелі спадарожнікавыя перадатчыкі, адляталі на зімоўку ў Афрыку.

Навукоўцы не знайшлі сведчанняў фенатыпічнай гнуткасці і дарослыя птушкі ўжо не змянялі свае міграцыйныя паводзіны з цягам часу - толькі 3 з іх зрабілі іначай са 113 прасочаных з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў птушка-сезонаў. Таксама не было знойдзена і адбору па генетычных адрозненнях, таму што геномы дарослых як мігрантаў, так і аселых буслоў збольшага былі вельмі падобныя. Атрыманыя даследчыкамі вынікі сведчылі на карысць менавіта пластычнасці развіцця птушак: тыя важныя паводзіны, якія маглі - і змяняліся - пад час спецыфічнага часовага вакна ў развіцці, з узростам фіксаваліся і далей заставаліся нязменнымі.

Такім чынам, міжузроставая змена долі мігрантаў і аселых сярод маладых буслоў з’яўляецца механізмам, які змяняе міграцыйныя паводзіны ў папуляцыі.  

Крыніца: Andrade, P., Franco, A. M. A., Acácio, M., Afonso, S., Marques, C. I., Moreira, F., Carneiro, M., & Catry, I. (2025). Mechanisms underlying the loss of migratory behaviour in a long-lived bird. J of Animal Ecology, 94, 1061–1075.   https://doi.org/10.1111/1365-2656.70035

Паводле https://besjournals.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара aka arktous

 

На гэтую тэму:

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Асінхронная міграцыя белых буслоў увосень: раней ляцець лягчэй, чым пазней

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Шэрая валасяніца далучылася да відаў, якія пачалі зімаваць у Еўропе