Пярэстая валасяніца далучылася да відаў, якія пачалі зімаваць у Еўропе

пярэстая валасяніца

Міграцыя птушак - эвалюцыйная адаптацыя для таго, каб знайсці тэрыторыі з дастатковай колькасцю даступных рэсурсаў падчас сезону “негнездавання” і ў выніку павысіць выжывальнасць найбольш прыстасаваных асобін. Стратэгіі міграцыі (напрыклад, кірунак, час, адлегласць, а таксама прыпынкі), пачатак міграцыі і фізіялагічная адаптацыі да яе маюць генетычную аснову, а таксама засвойваюцца праз навучанне маладых птушак у больш дасведчаных асобін.

Аднак змены ў навакольным асяроддзі могуць уплываць на праявы гэтай генетычнай базы, прыводзячы да таго, што пэўны від будзе мадыфікаваць свае міграцыйныя паводзіны згодна з наяўнымі ўмовамі. Такая гнуткасць дазваляе па-рознаму рэагаваць на ўмовы, а гэта ў канчатковым выніку станоўча сказваецца на захаванні папуляцыі - асабліва калі змены ў навакольным асяроддзі адбываюцца ў кароткі прамежак часу. Асобіны маюць два віды механізмаў кароткатэрміновай рэакцыі на навакольнае асяроддзе: мікраэвалюцыйная рэакцыя на натуральны адбор (рыса, якая не змяняецца і застаецца стабільнай цягам жыцця асобіны) і фенатыпічная пластычнасць (рыса, якая можа змяняцца шматразова, каб птушка адаптавалася да новых умоваў асяроддзя). Гэтыя змены ў наш час уплываюць на арэал распаўсюджвання некаторых відаў, а таксама на міграцыйныя паводзіны з-за зменаў, якія былі выкліканыя кліматам.

У апошні час павялічылася колькасць фіксацый зімовак далёкадыстанцыйных мігрантаў у Заходняй Палеарктыцы і гэта можа быць звязана з больш мяккімі зімамі ў выніку кліматычных зменаў. Пярэстая валасяніца (Muscicapa striata), якая звычайна мігруе праз Сахару далей у Афрыку, не так даўно пачала рэгістравацца ўзімку на Пірэнейскім паўвостраве. Даследаванне каманды гішпанскіх навукоўцаў засяроджвалася на вывучэнні зімовага статусу відаў Заходняй Палеарктыкі і вызначэнні зімовых тэрыторый, якія падыходзяць кліматычна і яшчэ незанятыя. Для гэтага яны прааналізавалі фіксацыі зімовак пярэстай валасяніцы з 2000 па 2024 го, выкарыстоўваючы дадзеныя з платформы eBird.

У апошнія 10 гадоў з 42 зімовых рэгістрацый віда ў межах Заходняй Палеарктыкі 80% рэгістрацый віда прыходзіцца на Пірэнейскі паўвостраў і Балеарскія астравы. Гэта супадае з станоўчымі тэмпературнымі анамаліямі ў Еўропе ў перыяд з 2014 па 2023 годы. Арнітолагі лічаць, што прыдатныя для зімоўкі тэрыторыі ўключаюць вялікую частку басейна Міжземнага мора і вялікія астравы Міжземнамор’я.

Міграцыя — гэта частка гадавога цыклу з найвышэйшым узроўнем смяротнасці, асабліва у птушак, якія мігруюць на далёкія адлегласці, якія часта мусяць пераадольваць складаныя экалагічныя бар’еры. Карацейшая адлегласць міграцыі можа быць станоўчай для асобінаў і павялічвае іх выжывальнасць, а таксама дазваляе раней прыляцець у месцы гнездавання, раней заняць там тэрыторыю ці палепшыць свой фізічны стан да наступнага сезона размнажэння. Такім чынам, далёкадыстанцыйныя мігранты з часам могуць стаць кароткадыстанцыйнымі.

За апошнія некалькі дэкадаў тэмпература вырасла, і зімы сталі больш мяккімі ў Еўропе і Афрыцы. Калі спрыяльныя ўмовы для птушак, якія мігруюць на вялікую адлегласць, захаваюцца цягам восені і зімы, некаторыя віды могуць адкласці адлёт і нават адмовіцца ад міграцыі ды застацца ў межах Заходняй Палеарктыкі. Усё большая колькасць фіксацый паказвае, што далёкадыстанцыйныя мігранты з Еўропы ў апошнія дзесяцігоддзі зімуюць на Пірэнейскім паўвостраве. Сярод іх белы бусел (Ciconia ciconia), вясковая ластаўка (Hirundo rustica), трысняговая чаротаўка (Acrocephalus scirpaceus), удод (Upupa epops), круцігалоўка (Jynx torquilla) і жоўтая пліска (Motacilla flava). На поўдні Пірэнейскага паўвострава склаліся новыя кліматычныя ўмовы і тэрыторыі для зімоўкі дастаткова прыдатныя, каб пэўныя віды скарацілі адлегласць міграцыі. Да таго ж, такія змены тэмпературы спрыяюць экспансіі афрыканскіх відаў на поўнач і як мінімум некаторыя з іх каланізавалі Паўднёвую Еўропу за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

Крыніца: López-Ramírez, S., García-Carrasco, JM., Real, R. et al. Climate-driven shifts in trans-Saharan bird migration illustrated by the spotted flycatcher (Muscicapa striata). Sci Rep 15, 35201 (2025). https://doi.org/10.1038/s41598-025-19138-9 

Паводле www.nature.com падрыхтавала Марыя Кліменцьева

Здымак пярэстай валасяніцы Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Як і якія афрыканскія віды каланізуюць Іберыйскі паўвостраў

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?