Альфрэд Рассэл Уоллэйс (1823 – 1913) атрымаў свой уэб-сайт

 Вялікі натураліст Альфрэд Рассэл Уоллэйс (Alfred Russel Wallace) за год перад сотай гадавінай смерці і 190-й гадавінай нараджэння з’явіўся ў Сеціве ў такой жа якасьці, як і яго сучаснік і калега Чарльз Дарвін.

Абодва гэтыя джэнтэльмены незалежна адзін ад другога сфармулявалі тэорыю эвалюцыі шляхам натуральнага адбору, якую абвесцілі разам у ліпені 1858 году.

Аднак так атрымалася, што практычна ўся слава першаадкрывальніка дасталася потым Дарвіну. Яго працы былі алічбованыя і размешчаныя на адмысловым сайце Darwin Online таксама на пярэдадні юбілею вялікага біёлага яшчэ ў 2006 годзе. Цяпер дайшла чарга да багатай і цікавай спадчыны Уоллэйса.

Вялізарную працу па выкладванню папераў абодвух вялікіх навукоўцаў зрабіў той самы чалавек – гісторык Джон ван Уайх (John van Wyhe).

Цікава, што калі першы праект, прысвечаны пераводу ў лічбавы фармат і размяшчэнню он-лайн спадчыны Дарвіна д-р ван Уайх зрабіў ва ўніверсітэце Кэмбрыджа, то цяпер он працаваў у Нацыянальным універсітэце Сінгапуру.

Справа ў тым, што Ўоллэйс быў вялікім даследчыкам Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

 "На што я спадзяюся, дык гэта на тое, што цяпер значна палепшыцца якасць артыкулаў, прысвечаных Уоллэйсу.” – сказаў складальнік яго лічбавага архіву. "У наступным годзе будзе стагоддзе з даты яго смерці. І так як 2009 год быў Годам Дарвіна, так і 2013 будзе Годам Уоллэйса. І я спадзяюся што пасля таго, як стала даступнай яго спадчына, яго стануць успрымаць па іншаму.”

"

Малюнак новагвінейскага голуба Ptilonopus humeralis з Wallace, A. R. (1862) On some new and rare birds from New Guinea. Proceedings of the Zoological Society of London 1862 (10 June): 164-166, pls. 19-21.

 

Упершыню ў адным месцы сабраныя навуковыя працы Уоллэйса: ў выглядзе файлаў .pdf можна спампаваць 1048 друкаваных прац эвалюцыяніста, 1730 манускрыптаў, асобна прадстаўлены друкаваныя працы з апісаннем новых відаў, а таксама шматлікія ілюстрацыі да яго кніг і артыкулаў, арыгінальныя мапы яго падарожжаў.

Усяго на сайце змешчаны 28 тысяч старонак тэксту і 22 тысячы малюнкаў і іншых ілюстрацый. Сярод самых цікавых дакументаў можна паглядзець і анонс тэорыі эвалюцыі, які прывёз для свайго выступу ў Лондане вялікі натураліст 154 гады таму.

Гісторыя пра тое, як Уоллэйс пагадзіўся прадстаўляць незалежна сфармуляваную ім тэорыю эвалюцыі разам з Дарвінам застаецца ўнікальнай у гісторыі навукі. Аднак тое, што ён ніколі не дасягнуў узроўня славы і вядомасці Дарвіна, не павінна ўспрымацца як следства меншага таленту або горшых дасягненняў, лічыць д-р ван Уайх.

Прадстаўленыя на сайце Wallace Online дакуманты сведчаць як раз пра гэта. Як і Дарвін, Уоллэйс быў вялікім падарожнікам, які правёў некалькі год у Бразіліі (1848-1853) і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (1854-1862), сабраў велізарную калекцыю – каля 125 тысяч насякомых і птушак.

 

"Уоллэйс быў фактычна піянерам у даследаванні прыроды гэтай часткі нашай планеты. Ён правёў тут восем год жыцця, а Сінгапур быў яго базай. Яго галоўныя адкрыцці – сотні новых відаў, якіх ён збіраў там, дзе ніколі не быў ніводны натураліст да яго. Ну і, канешне, Лінія Ўоллэйса” – кажа д-р ван Уайх.

Лінія Ўоллэйса (Wallace Line) – тэрмін, які выкарыстоўваюць і сёння ў адносінах да рэзкага падзелу тыпаў жывёл у Аўстраліі і на архіпелагах Азіі. Менавіта Ўоллэйс першым звярнуў на гэта ўвагу і апісаў яго, аднак не змог растлумачыць яго прычынаў, ды і не меў на гэта шанцаў.

Толькі ў ХХ стагоддзі стала вядомай і пацвердзілася гіпотэза пра тэктанічныя пліты і навукоўцы змаглі апісаць, як Аўстралія з яе унікальнай флорай і фаунай была адарваная ад суперкантыненту і апынулася ля Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Нарэшце, Уоллэйс – выдатны прыклад чалавека без багацця, сувязяў і прывілегій, які выбраў свой уласны своеасаблівы шлях у свеце і адкрыў шмат цікавага – не толькі эвалюцыю. Таму для многіх людзей ён застаецца фігурай, якая дасягнула ўсяго цяжкай працай і незалежным мысленнем.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Фота Ўоллэйса з 1862г. і малюнак з яго кнігі  з www.wallace-online.org