Малодшае птушанё найбольш цікаўнае?

Многія цікавыя факты сямейнага жыцця птушак сталі вядомыя дзякуючы назіранням за зебравымі амадынамі (Taeniopygia guttata), якіх трымаюць у вальерах. Апошняе адкрыццё, якое атрымалася зрабіць дзякуючы гэтым невялікім птушкам – малодшыя птушаняты з рознаўзроставых вывадкаў зебравых амадын у дарослым жыцці аказаліся нашмат больш цікаўнымі, чым іх старэйшыя сіблінгі. Вынікі былі апублікаваныя ў часопісе Animal Behaviour.

Даследчыкі з універсітэту Ланкастэра (Вялікабрытанія) правяралі, як паводзіны птушак у дарослым жыцці залежаць ад таго, як за імі даглядалі бацькі калі яны былі птушанятамі.

Пад назіранні трапілі вывадкі, якія наседжваліся самкай з адкладкі першага яйка і, такім чынам, птушаняты ў якіх вылупляліся не адначасова. Падобная стратэгія называецца “асінхроннай інкубацыяй”. Ўсяго назіралі за сотняй птушанят, для якіх быў вядомы парадак вылуплення. З-за таго, што птушаняты амадын вылупляюцца з розніцай паміж першым і апошнім нават у 4 дні, канкурэнцыя сярод іх за ежу часта няроўназначная.

Самыя малодшыя птушаняты ў вывадках звычайна маюць найменшыя памеры па наступных прычынах: яны вылупіліся пазней старэйшых сіблінгаў і таму старэйшыя птушаняты большых памераў больш актыўна і заўважна выпрашваюць ежу ў бацькоў і атрымліваюць яе ў першую чаргу.

"Асінхронная інкубацыя мае нашмат даўжэйшы эфект на птушанят, чым толькі розны час вылуплення і розныя шансы на вылет з гнязда” – сказаў адзін з даследчыкаў, д-р Іэн Хэртлі (Dr Hartley). “Гэта не так, што калі яны пакінуць гняздо, то становяцца раўнымі і аднолькавымі”.

Назіранні паказалі, што паводзіны амадын, якіх выпускалі ў незанёмае ім асяроддзе, залежалі ад таго, якімі яны вылупіліся ў гняздзе. Самыя малодшыя птушаняты з розных вывадкаў былі самымі цікаўнымі і даследчымі ў параўнанні са старэйшымі сіблінгамі са свайго вывадку ці з іншых вывадкаў нават калі апошнія вылупіліся у той самы час з імі, але ў сваім вывадку былі старэйшымі.

Для таго, каб параўнаць колькасныя адрозненні ў паводзінах, навукоўцы падлічвалі як часта птушкі наведваюць кармушкі, размешчаныя ў новых вальерах. Атрымалася, што нават на працягу паўгадзінных адрэзкаў часу былі атрыманыя статыстычна даставерныя адрозненні.

 Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by   

Здымак з  www.treknature.com   

 

На гэтую тэму:

Незвычайнае адкрыццё: птушаняты вучаць пароль, каб іх кармілі бацькі

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў