Спакайнейшыя птушкі маюць больш блізкіх “сяброў”

Самцы вялікіх сініц (Parus major) з больш спакойнымі паводзінамі маюць менш “сяброў”, аднак іх сувязі з такімі птушкамі больш моцныя. Навукоўцы вывучалі птушак у Oxfordshire на працягу больш 10 год і аналіз назіранняў дазволіў вызначыць як персанальныя якасці ўздзейнічаюць на паводзіны птушак.

Каб ведаць і зразумець сацыяльные ўзаемадзеянні, перамяшчэнні птушак адсочвалі з дапамогай мініятурных прыладаў. Больш спакойныя птушкі назіраліся ў практычна тых самых групах сініц, тады як больш “баявыя” птушкі пераляталі з адной групы ў другую. 

Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Ecology Letters. Папуляцыя вялікіх сініц з больш чым 1000 птушак з 1947 году назіралася ў лесе Wytham.

"Вялікія сініцы - адзін з найлепш вывучаных відаў птушак у свеце і Оксфард добра прычыніўся да здабыцця гэтых ведаў” – сказала Люсі Альпін (Lucy Aplin) з універсітэту Оксфарду і Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэту, адна з сааўтараў публікацыі. 

"Звычайна на працягу гнездавога сезону правяраюцца поспех гнездавання і іншыя параметры размнажэння. Аднак у апошнія 10 год мы сталі здольныя назіраць за зімовымі паводзінамі нашых птушак”. 

Сініцы атрымалі індывідуальныя пазнакі PIT – падобныя выкарыстоўваюцца для індывідуальнай ідэнтыфікацыі хатніх жывёл. Яны выглядаюць як мікраскапічныя мікрасхемы, ўсталяваныя ўнутры металічнага кальца на назе птушак.

Персанальныя якасці птушак былі вызначаныя дзякуючы папярэдняму эксперыменту “З новым атачэннем”, які патрабуе адлавіць птушак і на 10 хвілін запусціць іх у пакой з серыяй прысадаў, якіх яны не бачылі раней.  Тыя з сініц, якія даследавалі незнаёмы пакой павольней за іншых, былі залічаны ў “спакойныя” ("shy"), а больш актыўныя даследчыкі – ў “баявітыя” (“bolder”).

Зразумела, што ўсе птушкі таксама былі акальцаваныя і атрымалі свае РІТы. Пасля гэтага сініцы выпускаліся ў прыроду і навукоўцы адсочвалі іх перамяшчэнні ў лесе праз счытванне дадзеных РІТаў на 65 адмыслова абсталяваных птушыных сталоўках. Акрамя ежы для сініц, на сталоўках былі прылады, якія вызначалі ўсіх пазначаных РІТамі птушак, якія на іх заляталі або знаходзіліся на невялікай адлегласці паблізу.  

"Сацыяльныя паводзіны (ўнутры групы) раней было вельмі цяжка назіраць і вывучаць. Таму гэтая новая тэхналогія сапраўды была рэвалюцыйнай. Мы можам назіраць за перамяшчэннямі розных груп сініц і сініц паміж рознымі групамі ў любы час” – сказала сп-ня Альпін.

Папярэднія даследаванні паказалі, што птушкі ўзімку ўтвараюць непастаянныя па складу групкі, якія збіраюцца і распадаюцца пад час пошукаў ежы. Такім чынам, птушкі павінны падтрымліваць ці ўтвараць новыя сувязі ў такіх групах. Паводле дадзеных з перадатчыкаў атрымалася, што спакойныя птушкі стараюцца трымацца разам. 

Спакайнейшыя сініцы ўтваралі нашмат больш стабільныя групы-асацыяцыі, якія мелі больш пастаянны склад і трымаліся адна адной параўнальна доўга. Аднак такіх груп было не так шмат. У супрацьлегласць ім, баявітыя птушкі выкарыстоўвалі іншую стратэгію: яны харчаваліся ў розных групах і знаходзіліся ў іх складзе той самай параўнальна нядоўга. 

"Самцы паказваюць тэндэнцыю трымацца разам з сініцамі такога ж тыпу паводзін і, вельмі магчыма, што спакойныя птушкі стараюцца пазбягаць таварыства баявітых самцоў” – растлумачыла сп-ня Альпін.  "Мы ведаем, што больш баявітыя птушкі таксама больш агрэсіўныя і самцы больш часу праводзяць у бойках, чым самкі”. 

Даследчыкі будуць працягваць назіранні, каб лепш зразумець што стаіць за рознымі тыпамі паводзін і рознымі асобінамі, распаўсюджаннем карыснай інфармацыі паміж асобінамі і рознымі групамі сініц. 

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак Мікалая Вераб'я

 

На гэтую тэму:

 РАЗУМНЕЙШЫЯ САМЦЫ ПТУШАК МАЮЦЬ БОЛЬШ ШАНЦАЎ У САМАК

 САМКІ НІЗКАГА РАНГУ ВЫБІРАЮЦЬ НІЗКАРАНГАВЫХ САМЦОЎ

ЧЫМ БОЛЬШ ГОЛАЙ СКУРЫ НА ГАЛАВЕ, ТЫМ ВЫШЭЙШЫ СТАТУС ПТУШКІ

 

Comments