У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе

 

У заапарку “Парк птушак” (Parque Das Aves), які знаходзіцца ў бразільскім горадзе  Foz do Iguacu каля мяжы з Парагваем і Аргентынай, нядаўна вывялася птушанё алагоаскага курасао Alagoas Curassow (Mitu mitu). Кароткае відэа з авіярыя, прысвечанае гэтай падзеі, можна паглядзець ТУТ.

Алагоаскія курасао – курыныя птушкі, прадстаўнікі сямейства краксавыя. Ў дарослым узросце дасягаюць даўжыні цела ў 83-89 см. Былыя эндэмікі Бразіліі, з сярэдзіны 1970-х гадоў яны не адзначаюцца ў прыродзе і мала што дакладна вядома пра іх лад жыцця.

Від быў апісаны нямецкім натуралістам J. Marcgrave на паўночна-усходнім узбярэжжы Бразіліі яшчэ ў 1648 годзе. Аднак пазней асобны відавы статус ставіўся пад сумнеў, бо акрамя арыгінальнага малюнка і апісання, ніякіх іншых звестак пра існаванне птушак не было да пераадкрыцця віду ў 1951 годзе, калі ў прыбярэжных лясах штату Alagoas, - у той самай часткі Бразіліі, дзе птушак бачыў нямецкі даследчык у XVII стагоддзі – была здабытая дарослая самка.

Арыгінальны малюнак з кнігі XVII стагоддзя.

Нідзе больш па-за межамі штату від не сустракалі. З-за інтэнсіўнага знішчэння мясцовых лясоў пад сельскагаспадарчыя палі, від знік у дзікай прыродзе і з 1977 году дзве асобныя папуляцыі ўтрымліваюцца і разводзяцца выключна ў няволі ў двух авіярыях-заапарках, дзе ў 2000 годзе атрымалася павялічыць колькасць птушак да 44 асобін. У 2008 годзе там жа ўтрымлівалі ўжо 130 птушак, аднак каля 35% з іх былі гібрыды з вострадзюбым курасао razor-billed curassow M.tuberosum.

На другую палову гэтага году налічваюць 230 алагоаскіх курасао і навукоўцы падрыхтавалі план рэінтрадукцыі віду ў дзікую прыроду. Аднак нават калі паспяховае павелічэнне колькасці птушак у авіярыях будзе працягвацца, сёння няма адпаведнага памеру тэрыторый з патрэбнымі віду некранутымі прыбярэжнымі атлантычнымі лясамі. Таму не так даўно адно з захаваных у прыдатным стане лясных мясцін было даследавана і рэкамендавана як магчымае для рэінтрадукцыі курасао ў будучыні. Цяпер там прымаюцца меры па спыненні ўсялякага браканьерства, без чаго рэінтрадукцыя не будзе мець сэнсу.

Паводле www.themalaymailonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Тэхналагічны прарыў – знікаючая птушка вылупілася з яйка курыцы

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Крызіс знікненняў паглыбляецца

НА ЗЯМЛІ АФІЦЫЙНА ЗНІКЛІ ЯШЧЭ 13 ВІДАЎ ПТУШАК

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?