Дакументацыйныя здымкі
Пазаўчора, калі я з самай раніцы з вакна на кухне назіраў за неверагодна прыгожым і яркім усходам сонца, раптам зусім недалёка прызямлілася шэрая варона (Corvus (corone) cornix) і стала перабіраць тонкія галінкі, якія валяліся пасля зімы пад старой алычой. Брала адну, кідала, шла да другой, падымала і зноў кідала. Пакуль я хадзіў за камерай каб зняць гэта, варона ўжо перамясцілася і не адна, а ўдвух з партнёрам ці партнёркай, сядзела насупраць вакна ў іншым пакоі. Аказалася, што нічога для будовы гнязда яны не выбралі і адляцелі.
А ўжо ўчора зранку пара (гэтых жа?) шэрых варон выпрабоўвала сваё старое гняздо на вяршаліне каштана як раз праз дарогу ад нашага дома. Птушкі па чарзе няспешна сядалі ў гняздо і правяралі ці зручна будзе ў ім сядзець і пад час адкладкі яек, і потым пад час інкубацыі і гадавання птушанят. Працягвалася гэта нядоўга і хутка спачатку адна, а потым і другая варона адляцела. Ці то шукаць матэрыял каб паправіць гняздо, ці то пашукаць ежу ў пачатку дня.
13і 14-03-2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ