Не памылюся, калі скажу, што ў любым лесе можа знайсці цікавыя і прыгожыя мясціны, якія могуць нечым здзівіць. Часам да іх цяжка дабрацца і знаходзяцца яны ў самых непрадказальных месцах. Але тым яны яшчэ больш каштоўныя і прыцягальныя.
Адправімся з вамі ў адно з такіх мясцін. А знаходзіцца яно ў лясным масіве Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Котра» (Гродзенская вобл., Шчучынскі р-н)….
Рушым у глыб лесу. Па дарозе спыняемся на вось гэтым мосціку.
Дарэчы мясцовыя называюць яго «белым мастом».
Гэта мост праз невялікую рачулку Скарбянку, якая з'яўляецца прытокам Котры. Зараз рачулка моцна абмялела і парасла расліннасцю. Сярод іх варта падзівіцца на жоўтых гарлачыкаў (Nuphar lutea) ды стрэлкалістаў звычайных (Sagittaria sagittifolia).
Ну і канешне на мясцовых прыгажунь стракоз…
Падзівіліся, рухаемся далей…
Ага, прыемная нечаканасць! А вы думалі дарога будзе лёгкай? :)
Адразу хачу рашчараваць тых, хто любіць вандраваць на машыне…. Пакінуць машыну і ісці пешшу таксама не варыянт. Паркавацца тут забаронена, акрамя спецыяльна адведзеных для гэтага месцаў. Таму лепш перамяшчацца пехам, а яшчэ лепш на ровары…
Ну, нас такія перашкоды не спыняюць! Таму яшчэ некалькі кіламетраў па дарозе і нарэшце бачым ГЭТА:
Чую ўжо вашую незадаволенасць… І што? Дзеля гэтага сюды ехалі? Гэта не сур'ёзна! Падстава! І ўсё ў такім жа стыле…
Крышку цярпення. Сапраўды пакуль не зразумела. Але адышоўшы ўбок адкрываюцца пейзажы зусім іншых маштабаў…
Гэта стары мілерацыйны канал, які цалкам закіданы паваленымі дрэвамі.
Але мала ад чаго дрэвы падаюць у лесе – скажаце вы. І толькі зблізку становіцца яснай сапраўдная прычына гэтай з'явы тут.
Бабры…
Як высветлілася, гэта яшчэ далёка не ўвесь маштаб іх шматгадовай працы. Заглянем у ельнік побач з каналам і бачым наступнае…
Мы папалі з вамі на сапраўдную бабрыную дзялянку… Хвойныя дрэвы яны канешне не чапаюць, із-за іх смалістасці, але лісцевыя пакладзены тут абсалютна ўсе!
Ёсць як старыя, так і новыя пагрызы…
Канешне не ўсе дрэвы тут "ахвяры" баброў. Ёсць доля і тых, што ўпалі па натуральных прычынах. Але такіх мала…
А ад бабрынай дзейнасці застаюцца толькі вось такія пні…
Праўда і яны кое-каму вельмі да спадобы…
А мы з вамі рушым назад да канала. Толькі на гэты раз спусцімся ў месцы, дзе вады ўжо амаль няма. І правальваемся на 350 млн. год назад…
Тут уладанне папарацяў. Чым не каменнавугальны перыяд?
Але выбіраемся з канала і зноў вяртаемся ў наш час. А тут нас сустракаюць насякомыя:
Чорна-бурае вочка (Aphantopus hyperantus)
Шашачніца Феба (Melitaea phoebe)
Крушынніца (Gonepteryx phamni)
Таўстагалоўка (сям. Hesperiidae)
Ахвотна пазіруюць стракозы:
Стрэлка-дзяўчына (Coenagrion puella)
Страказа крывава-чырвоная (Sympetrum sanguineum)
А хтосьці спадзяецца не папасціся на вочы. Так як гэта карамысла вялікае (Aeshna grandis)
Вось такое выйшла падарожжа. Фантастыка скажаце. Не, рэчаіснасць! Дзіўнае заўсёды побач. Шукайце і знойдзеце!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 12.07.2016 - 18:56
Сяргей, шыкоўны рэпартаж…
Сяргей, шыкоўны рэпартаж атрымаўся!
Не хапае толькі задаволенай морды бабра зблізку)
Blackbird - 12.07.2016 - 19:19
Ну, морду бабра прыйдзецца…
Ну, морду бабра прыйдзецца ўявіць)
biot - 02.08.2016 - 21:44
In reply to Ну, морду бабра прыйдзецца… by Blackbird
Прыгожыя здымкі! Давай яшчэ…
Прыгожыя здымкі! Давай яшчэ рэпартажы!