Поплаўныя луні і кладка перапёлкі :: Montagu`s harriers and clutch of Quail

Убачыць пару поплаўных лунёў (Circus pygargus) побач адно з адным на адкрытым поле скошанай люцэрны - само па сабе ўдача. Таму мы прыпыніліся і сталі назіраць за імі - што яны там робяць? 

птушкі

Доўга чакаць, каб зразумець што адбываецца, не прыйшлося. Хутка самец падняў у дзюбе ... невялікае яйка!

птушкі

Стала зразумела - луні знайшлі кінутае пасля сенакосу гняздо нейкай наземнагняздуючай птушкі, але здалёк я не мог зразумець - чыё яно? Праглынуць яйка ў самца  не атрымалася, таму гэта яўна не былі яйкі палявога жаўрука ці іншай, падобнай памерамі, вераб'інай птушкі - справа ў тым, што я знайходзіў не толькі ператворанае ў дробненькія кавалачкі шкарлупінне праглочаных яек жаўрукоў у выплюйках поплаўных лунёў, але час ад часу і цэлыя, праглочаныя, але чамусьці не раздаўленыя ў страўніку яйкі гэтых птушак. Так, цэлымі, трошкі аблепленымі неператлраўленай поўсцю грызуноў, іх і выплёўлівалі луні.  Знаходзіў у выплюйках таксама і шкарлупінне ад яек шэрых курапатак - але наколькі я памятаў, яйкі ў гэтага віду аднастайна-шэраватыя, без вялікіх цёмных плямаў. Таму толькі дома, разглядаючы здабычу лунёў на вялікім маніторы я зразумеў - птушкі знайшлі кладку перапёлак (C. coturnix).

Самец з яйкам у дзюбе, пачаў паволі аддаляцца ад самкі - і ад гнязда перапёлак з яйкамі і час ад часу кідаў яйка на зямлю. Яно не разбівалася, ён яго падымаў і спрабаваў разбіць яйка далей. 

https://youtu.be/o7YwLZo4GQA

Пасля некалькіх спробаў, ён нарэшце стаў і пачаў памалу "піць" змесціва яйка, апускаючы ў яго дзюбу:

https://youtu.be/4ET4R2v1O2k

Самка яўна не была галоднай - пра гэта сведчыла добра бачнае і набітае ежай валлё:

птушка

Але і ўпускаць халяўную ежу, якую не трэба лавіць і забіваць, было б глупа.

Таму пасля таго, як са "сваім" яйкам справіўся самец,

птушка

свае спробы праглынуць адно з іх пачала і самка:

https://youtu.be/KABl0cAh_P8

Гэта ў яе не атрымалася таксама, як і раней у самца. Таму гэта і наступнае яйка перапёлкі самка, пэўна прабіўшы і ўскрыўшы дзюбай, паволі "выпіла":

https://youtu.be/usUdiTyh0bk

Нічога падобнага я дагэтуль не бачыў, ні для поплаўных лунёў, ні для іншыхдрапежных птушак. Хаця вывучаю гэты від з 1993 году і ведаю, што яйкі птушак для гэтых лунёў могуць быць параўнальна важнай катэгорыяй здабычы: у перыяд заляцання і стварэння пары - нават да 7,2% у складзе харчавання, але потым іх доля ўвесь час змяншаецца. У перыяд інкубацыі сваёй кладкі гэта ўжо 4,3%, пад час выкармлівання птушанят - 1,0% і пасля вылету іх з гнязда - толькі 0,3% ад усіх здабычаў.

Зразумела, што з цягам сезону гнездавання нават фізічна колькасць гнёздаў іншых відаў птушак, у якіх яшчэ яйкі, паступова змяншаецца. Таму і знайсці іх луням усё цяжэй - нават калі б яны былі нацэлены на гэта. Але замест яек, навокал усё больш птушанят і злёткаў, якіх злавіць таксама параўнальна нескладана і драпежныя птушкі, канешне, карыстаюцца з гэтага рэсурсу і для сябе, і для сваіх птушанят. 

птушкі

Самец хутка адляцеў пасля таго, як "выпіў" пры нас адно яйка (магчыма, што іх было больш да нашага прыезду?), самка ж пасля двух яек перапёлкі больш іх не хацела - а магчыма іх больш і не было?

 

Кропка назірання

Поплаўныя луні і кладка перапёлкі :: Montagu`s harriers and clutch of Quail

Каментары

Дзякуй! Я пасля гэтага выпадку думаю, што доля з'едзеных (а хутчэй - "выпітых") лунямі яек можа быць і большай. Бо шкарлупінне ад іх тады ў выплюйкі не трапляе.