Некалі даўно, яшчэ ў савецкі час, у старэйшых класах я вучыўся ў завочнай біялагічнай школе пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Нам рэгулярна прысылалі цікавыя пытанні і мы павінны былі пісаць на іх разгорнутыя адказы, самастойна шукаючы інфармацыю з розных галін біялогіі. Многае - амаль усё - забылася. Але адно з пытанняў - на якое я тады не змог адказаць, сёння ўспомнілася.
Гучаола яно прыкладна так: "Чаму ў многіх відаў птушак захоўваюцца небяспечныя для іх паводзіны, калі, напрыклад, адна з птушак з чарады гучна паведамляе пра прыбліжэнне драпежніка да ўсіх?"
-------------------------...
Я стаяў у вусця Гараднічанкі і чакаў на прылёт зімародкаў, нара якіх знаходзіцца недзе вышэй па плыні. Зімародкі не прыляталі. І я ўжо збіраўся сыходзіць, як збоку раздаліся кароткія і гучныя крыкі вясковых ластавак.
Некалькі качак-крыжанак адразу і дружна спрыгнулі з краю касы ў воду.
Збоку спакойна выглядаючы здабычу, выляцела самка шуляка-карагольчыка. Зразумела, што шанцы некага злавіць у яе рэзка зменшыліся і яна паднялася і паляцела на другі бераг.
Такім чынам, пацвердзілася тэорыя - адказ на пытанне вышэй - чаму птушкі папярэджваюць іншых пра небяспеку. Справа ў тым, што зусім не абавязкова драпежнік зловіць тую птушку, якая трывожна закрычала. А ўсе загадзя папярэджаныя маюць нашмат большыя шанцы выратавацца.
Таму натуральны адбор і падтрымлівае падобныя, на першы погляд, вельмі небяспечныя, паводзіны.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ