Загадка гілёў і шпакі

Двойчы на дзень я спускаюся з нашым сабачкам да Нёмана і гуляю па набярэжнай. Спуск ідзе паўз невялікі, амаль засыпаны яр. З аднаго боку ад яго - невялікі скверык з зусім нестарымі дрэвамі, з другога - спачатку будынак пачатковай школы, які абсаджаны дрэвамі розных відаў, узросту і вышыні, а ніжэй - будынкі ОСВОДа, таксама з разнастайнай дравеснай расліннасцю.

Апошнія 5-6 дзён  калі я праходжу там, то амаль кожны раз чую голас гілёў: "Гіль? Гіль!", прычым ідзе ён з рознай адлегласці і з розных дрэваў, але гілёў пасля непрацяглага агляду на іх не было. А замест іх былі заўсёды шпакі - і асобныя птушкі, і невялікія групкі, якія амаль увесь час нешта спяваюць, імітуючы часам авяльгу ці канюха-мышалова, а зрэдку і чаромашніка.

Шпакі добра вядомыя сваімі здольнасцямі да імітацыі гукаў, якія ім чамусьці спадабаліся. І штораз я думаў, што чую насамрэч шпака ці шпакоў, якія засвоілі голас гіля. Голас звонкі, своеасаблівы і гучны - то чаму б і не імітаваць яго?

Часам усё ж сумнеў усплываў наноў - я яўна чуў гіля, аднак зноў яго там не бачыў і шпакі ізноў выклікалі здзіўленне настолькі выдатнай імітацыяй.

Так было ажно да сённяшняга вечару. Я ізноў пачуў гілёў недзе з вяршалін высокіх дрэваў ля школы, агледзеў іх - гілёў там не было. Затое былі шпакі. Аднак праз некалькі секунд галасы гілёў зверху сталі набліжацца ў мой бок, я падняў галаву і ўбачыў у вечаровым сонейку невялікую групку ярка-чырвоных знізу самцоў і цёмна-карычневых знізу самак.

Гілі!  Гэта ўвесь час былі яны, а не шпакі! Пэўна аб'ядалі пупышкі на дрэвах навокал.

Вось так мая вера ў здольнасці шпакоў да імітацыі іншых птушак пашатнулася. Можа і дарма)

..................................

Гродна, 14-03-2021