10-04-2009 Ліпічанская пушча (Мастоўшчына): Дубы й Удод

Кавалак заказьніка Ліпічанская пушча ў вусьця Шчары. Разам са здымачнай групай праграмы Гарадзенскага ТБ “У аб’ектыве натураліста” Віталем Гуменным і апэратарам Андрэем, а таксама службовымі асобамі з заказьніка. З ранку да абеду, потым навакольле Жалудка і Орлі. Пахмурна, каля +10С у абед

Я быў запрошаны далучыцца да гэтага выезду загадзя, аднак ледзьве не праспаў, бо з невядомых прычын будзільнік у патрэбны час не зазваніў. У пушчы я быў упершыню, таму запомніліся акрамя птушак яшчэ некаторыя рэчы: па-першае, шмат дзіўных соснаў сталага веку, якія растуць падвоеным або патроеным ствалом амаль ад зямлі. Нідзе да таго я столькі падобных дрэваў не бачыў. Сасьнякі амаль выключна пасьляваенныя або нават пазьнейшыя пасадкі, таму нічога цікавага мы там не ўбачылі. Аднак каля Шчары ў балотцы такаваў бакасік, а на затоцы я амаль выпадкова праў трубу на супрацьлеглым залітым вольсе ўбачыў самца жоўтаголавага дзятла. Пакуль я клікаў Віталя, ён некуды пераляцеў, аднак праз хвілін пяць я знайшоў яго троху далей. На гэты раз яго не толькі ўбачылі ўсе, хто быў з намі, але я нават пасьпеў зрабіць хоць і здалёк, але фільмік гэтага новага для мяне на відэа віда. Ў Віталя гэта быў увогуле новы від, і ён быў сапраўды шчасьлівы. Мы пераехалі на абрывісты бераг Нёмана, які ўвесь час падмываецца вадой, і дрэвы падаюць туды, сосны стаяць як ратавальныя палкі ў басэйне, больш дробныя дрэвы як пашанцуе – адныя сплываюць, іншыя пакуль працягваюць расьці, аднак ужо ў вадзе. Тут мы адзначылі 4 бакланы (потым у іншым месцы іх праляцела 13) і групку такуючых гагалей: 4 самцы і 2 самкі. Далей мы выехалі ў сапраўды дзівосную пойменную дубраву на беразе Шчары, якая працягваецца і ўздоўж Нёмана. Ніколі раней я такога хараства не бачыў! Нешта падобнае, але са значна меншай колькасьцю дубоў ёсьць на Котры і на Ўбарці, але не ў такіх маштабах! Часам нізкаватыя і каржакавата-раскідзістыя дубы выглядалі як стары сад, які цягнецца далёка ўдзоўж ракі. Тут Віталь пачуў удода (Upupa epops), а потым убачыў яго наперадзе машыны. Мы не толькі змаглі зьняць яго мітусьлівае харчаваньне мурашамі ўздоўж дарогі, але і прыгледзецца да гэтай прыгожай птушкі зблізку. Гэта быў найлепшы сюрпрыз! Потым з іншага берагу мы чулі як мінімум яшчэ адну птушку (ПГГ). Па Шчары ад нас ціхенька сплыла пара вялікіх савукоў. Больш нічога адметнага мы не заўважылі. На адваротным шляху каля Орлі на вялікай калужыне сярод поля сядзелі каля 50 шызых чаек, а з іншага боку дарогі ўзьняліся і над намі праляцелі 11 чаек-чорнакрылак (Larus fuscus) – яшчэ адзін новы від для Віталя! На жаль, гэтых апошніх зьняць не атрымалася, ды ўжо быў час рушыць дадому.   Абавязкова трэба прыехаць сюды летам (або нават прыплыць) – у мяне ўзьнікла вялікае падазрэньне, што тут мусяць жыць сівагракі. На здымках: зьверху ўдод Жоўтагаловы дзяцел (самец) Бакланы на Нёмане Дубы Нашы прыгоды ў пушчы
Фотаздымкі

Каментары

Стараюся... Дзякуй за дзякуй!

Цемнавата было для пэйзажных здымкаў, але што змагу - пакажу пры нагодзе. Без сумненьняў трэба наведаць гэтыя мясьціны летам, найлепш на байдзе каб мець магчымасьць прыпыніцца амаль паўсюль.

Дарэчы, сёньня пытаў пра падвойныя сосны нашага батаніка Алега С. Дык ён сказаў, што раней была такая тэхналёгія пасадкі - садзілі па два саджанцы ў адну ямку, таму некаторыя дрэвы і выглядаюць цяпер гэтак дзіўна.