Шэры дрозд (Тurdus viscivorus) на зімоўцы + VIDEO

             Варта адзначыць, што  мае назіранні за гэтай птушкай пачаліся даволі даўно, яшчэ ў студзені 2011 года. Тады я ўпершыню ўбачыў  шэрага дразда на вялізнай таполі бліз майго дома (Шчучынскі р-н, в. Матылі), пад час зімовых канікулаў. Насамрэч таполі тут дзве, размешчаны на адлегласці каля 20 м адна ад адной. Высачэзныя, тоўстыя, паламаныя моцнымі вятрамі і навальніцамі, пастарэлыя ад часу і густа зарослыя амялой, што пэўна і прыцягнула сюды “майго знаёмага”.

Ён як цар сядзеў у гордай адзіноце на самай вяршыні адной з таполяў і аглядаўся навокал, уся вёска была перад ім як на далоні. Зручнае месца для зімоўкі, нічого не скажаш…


    Праўда здагадаўся я што гэта шэры дрозд тады не адразу.  Дакладней, тое што гэта дрозд, праз бінокль было бачна добра, але які? Трубу нажаль з сабой не ўзяў, каб лепей разгледзець, або зрабіць здымак, аб чым пашкадаваў (прычым пашкадаваў двойчы, другі раз калі зноў сустрэў яго ўзімку ўжо 2012 года). Але вось падляцела да таполі чародка драздоў-піскуноў. На фоне іх мой дрозд здаваўся сапраўдным гігантам. Значыць не піскун, падумалася мне. Раптам дрозд узняўся і пераляцеў на суседнюю таполю. Пакуль ён пералятаў, я заўважыў, што ніз крылаў светлы. Вось тут стала ўсё ясна… Такой была мая першая сустрэча з гэтай птушкай, мой новы від.
    У наступную зімку я не спадзяваўся зноў убачыць гэтага дразда, але ён з’явіўся. У тым самым месцы, у той самы час… Гэта ноаводзіла на думку, што яму тут спадабалася, а значыць ёсць усе шанцы убачыць яго тут у наступны раз.
    І той самы наступны раз здарыўся напрыканцы лістапада мінулага года. Ідучы каля адной з таполяў я пачуй ярасны ўзбуджаны трэск нейкага дразда, а потым цэлую вялізную (каля 40 штук!) чародку амялушак, якія імкліва ўцякалі ад нейкага пераследніка. Няўжо шуляк? Але раптам “драпежнік” адстаў і сеў на яблыну.

Ну, не цягнеш ты на шуляка, весела падумаў я ўбачыўшы “старога знаёмага”. Стала зразумела: зноў да нас на зімоўку...
    Ну дык вось. Зноў скончылася сесія, зноў з’явіўся свабодны тыдзень каб паехаць і паназіраць за шэрым драздом і не толькі за ім (на гэты раз ужо з трубой!!!). Мінулы тыдзень выдаўся марозным. Яго пачатак вызначаўся нават густамі снегападамі. Холадна было ўсім: і людзям, і майму шэраму дразду, і вераб’ям, якія маларухомымі чародкамі сядзелі на засохлых галінках дрэў і аб нечым спрачаліся паміж сабой.

 Але не гледзячы на холад, я ішоў назіраць.
    Час ад часу побач заўсёды праляталі гілі, сойкі, вялікі і малы дзятлы. Аднойчы нават заўважыў як самка малога дзятла дзёўбала сцёблы засохлага чартапалоху.

     Дразда знайшоў усё на тым жа месцы адразу. Як заўсёды ён быў адзін. Дрозд паводзіў сябе адносна спакойна. Увесь час ціха, быццам бы яго тут няма, сядзеў высока на таполі, пазіраў навокал, час ад часу падлятаў да якой-небудь кубчастай амялы, дзёўбаў спелыя белыя ягады, потым зноў адлятаў на мінулае месца адпачынку і зноў ціха сядзеў у поўнай адзіноце. Але як толькі на гарызонце з’яўлялася хаця б адна(!) амялушка, адразу злятаў і адганяў не шкадуючы сіл няпрошаных гасцей як мага далей ад таполяў, быццам бы таполі былі яго асабістай уласнасцю. Цікава, але да піскуноў і соек дрозд адносіўся хаця і насцярожана, але даволі цярпліва. Можа спадзяваўся, што тыя ня шмат з’ядуць?:)

      Першыя дні назірання былі даволі цёмныя – неба было моцна зацягнута хмарамі, таму і відэа выходзілі цемнаватыя. Увесь час я чакаў сонца. Адзін раз сонца з раніцы ўсё ж выглянула. Я адразу накіраваўся да таполяў, але як толькі раскруціў трубу для назірання, сонца адразу схавалася – надвор’е здзеквалася як магло! Пашанцавала мне толькі пад канец тыдня, асабліва ў пятніцу, калі выдаўся сапраўды сонечны дзень з бязвоблачным небам. Тады толькі ўдалося зняць больш каляровыя відэа.

 

А дрозд усё трымаўся на тым жа месцы, час ад часу пералятаючы з таполі на таполю. Дзень падыходзіў да свайго завяршэння, узмацняўся мароз, а я апошні раз глянуў на дразда і пайшоў да дому грэцца. Спадзяюся, у гэтай гісторыі кропку ставіць пакль што рана...

Каментары

Так, і на многіх мовах гэта дрозд-амялушнік. Напрыклад, па-ангельску Mistle Thrush, па-нямецку Misteldrossel. А ў нас ён параўнальна рэдкі, таму амялушкамі назвалі больш заўважных і масавых птушак, якія таксама часта харчуюцца амялой.