На шляху ў Слонім + VIDEO

         Які раз ужо ўпэўніваюся ў тым, што самыя цікавыя прыгоды пачынаюцца пасля слоў: “я ведаю самы кароткі шлях!” І у нашым выпадку ўсё выйшла амаль так. Толькі гэтыя словы нікому не прыйшлося сказаць, бо залішне ўпэўнены мы былі ў правільнасці сваіх дзеянняў. Што нас і падвяло... 

         Напярэдадні ўсяго мне патэлефанаваў Яўген Сліж і прапанаваў разам з’ездзіць у Слонім, каб забраць здымкі фотавыставы нашага аддзялення. Я згадзіўся і на наступны дзень мы адправіліся здавалася б ў звычайную паездку. З самай раніцы сыпаў дробны снег, які з часам то ўзмацняўся, то слабеў. Дарогу час ад часу перамяталі невялікія завеі, а бачнасць была такой, што здавалася наперадзе неба злучаецца з белай ад снегу зямлёй у адзінае непарыўнае цэлае.

І канешне не ў нашых планах было рабіць маршрут прамым. Спачатку мы наведаліся ў вёску Малькавічы. Вядома яна тым, што тут знаходзіцца вуліца, дзе амаль на кожным слупе ЛЭП размешчаны бусліныя гнёзды. Не так даўно Мастоўскія энергетыкі для бяспекі людзей і птушак пачалі скідваць іх і ўсталявалі на некаторых слупах спецыяльныя металічныя платформы для гнездавання птушак. Па ўсёй вёсцы мы налічылі 12 такіх платформаў. Пры чым цікава, што канструкцыя ўсіх платформаў хоць і падобная, аднак таксама не зусім аднатыпная.

 

Што ж, паглядзім як аднясуцца самі буслы да такіх зменаў.

          А мы едзем далей. І занесла нас дарога ў Ліпічанскую пушчу. Справа ў тым, што напрыканцы кастрычніка мінулага году мы змайстравалі і павесілі тут на вяршыні зломанай сасны невялікую скрыню для шэрай кугакаўкі.

                                                                                                                                  здымкі ад 28.10.2012г.

 І цяпер прыехалі сюды, каб паглядзець, ці ёсць каля скрыні які-небудзь рух. З самага пачатку мы здалёк заўважылі пер’е і пух на летку скрыні. Магчыма хтосьці яе ужо заняў. Таму саму скрыню мы не чапалі. Час і будучыя праверкі пакажуць. Ва ўсялякім выпадку, нават калі скрыня і не занятая, то нехта яўна праяўляў да яе цікавасць. 

                                                                                                                                                     цяпер    

         Выязжаючы з Ліпічанскай пушчы вырашылі крыху скараціць шлях рухаючыся па не зусім расчышчанай лясной дарозе. Вось тут нас наша самаўпэўненнасць і падвяла… Праехаўшы пару соцень метраў мазда “села” ў снег. Не наперад, не ў зад! Падкапаўшы і падклаўшы пад калёсы тоўстыя сухія галіны мы неяк зрухаліся з месца, але не надоўга, бо ў галаву нам прыйшла другая хворая ідэя – развярнуцца. Мы зноў “селі” ў снег…

Ішла другая гадзіна. У …наццаты раз (збіўся з ліку) мы робім падкопы і падклады. Мы нават амаль развярнуліся, але далёка крануцца з месца не маглі. Але на шчасце ў апошні момант праз сілу ўдалося крануцца наперад і заднім ходам усё ж выехаць на расчышчаную дарогу. Упэўніўшыся, што з машынай усё добра, мы рушылі на Слонім. На выездзе з пушчы сустрэлі вялікую чародку амялушак на высокіх дрэвах.

         У Слонім мы канешне даехалі. Вырашыўшы там свае справы, павярнулі назад у Гродна. Па дарозе часта трапляліся канюхі, чародкі палявых вераб’ёў і звычайных стрынатак. Апошні наш прыпынак мы зрабілі на Грайна. І не дарма. Яўген заўважыў 9 шэрых жураўлёў, якія панура стаялі пад падаючым снегам на замерзлым балотцы.

Пэўна столькі праляцелі і не чакалі такога ад надвор’я. Шкада канешне. Не менш цікава было глянуць і на знешні выгляд мазды. За час паездкі са Слоніма (дзякуючы снегу і ветру) яна паспела крыху “абрасці” ледзяшамі. Вось такі нечаканы “цюнінг”.

         

         Вось такія нечаканыя прыгоды з нечаканым для нас урокам і нечаканым фіналам.

Каментары

Шэрыя кугакаўкі не кідаюць сваіх гнездаў, калі патурбаваныя. Можна было паскрасці па ствалу проста. Калі птушка ўнутры, яна абавязкова выгляне, каб пабачыць, хто яе турбуе. Вось, напрыклад, фота з гэтай зімы з-пад Маларыты.