Як чайка і варона рыбу дзялілі + VIDEO

 Кажуць, што нахабнасць - другое шчасце. Але бывае варта задумацца пра цану нахабнасці...

        З раніцы вырашыў заглянуць на Нёман. Жыццё канешне тут не спынялася. Здавалася ўсё як заўсёды ў гэтую вясну: ныраюць у пошуках здабычы гогалі і вялікія савукі, таўпяцца пад берагам крыжанкі, побач з імі трымаецца пара лебедзеў-шыпуноў. Але раптам маю ўвагу прыцягнула чайка-клыгун, якую я заўважыў яшчэ здалёк. Яна мірна адпачывала на міні-астраўку пасярод хуткай ракі. Здавалася ёй адной сярод гэтага птаства ні да чаго няма справы.

       Так яна сядзела даволі доўга, але потым узнялася ў паветра і пачала кружыцца над больш буйным востравам ракі. Я заўважыў, што яна то прысядае, то зноў ўзлятае з аднаго і таго ж месца - ускраіны вострава.

         Што магло прыцягнуць яе ўвагу? Адказ я атрымаў крыху пазней, калі птушка прызямлілася туды пасля працяглых манеўраў. На ўскраіне вострава ляжала даволі вялікая і ўжо раздзёўбаная рыбіна. Як яна там аказалася, хто яе злавіў, не ведаю. Але менавіта яна стала прычынай такіх паводзін птушкі. Чайка адразу пачала распраўляцца з рыбінай. Усё б добра, калі б не нахлебнікі - шэрыя вароны.

       Спачатку іх было дзве, але адна з іх пэўна вырашыла што шанцаў атрымаць хоць які кавалак ня шмат, таму адляцела адразу. Другая была больш смелай і нахабнай. Час да часу чайка адыходзіла ў бок ад здабычы, каб аглядзецца, выцерсці аб снег сваю дзюбу. І ў гэты момант наступаў "зорны час для вароны". Яна адразу накідвалася на рыбіну і старалася як мага хутчэй хоць што-небудзь урваць.

        Але вельмі хутка вяртаўся "гаспадар". І варона з такой жа хуткасцю адступала. Але "голад не цётка!" І варона вырашае зрабіць смелы крок: вырваць хоць які кавалак з пад самага носу чайкі.

        Часткова гэта ёй удалося. Але гэта было яўна не ў планах чайкі...

        Варона зноў адступае і ходзіць кругамі.

        Хутка і яна разумее, што лепш пакуль адляцець, каб не атрымаць ад "вялікага брата". Нарэшце чайка застаецца адна са здабычай.

         А не так далёка ад месца падзей, літаральна каля самага берагу ракі ўвесь час нырала ў пошуках здабычы вялікая коўра. 

 

 

Каментары

Дзякуй, Сяргей! Цікавае назіраньне, ды яшчэ выдатна ўдакуметаванае. Ну і першыя сёлетнія рэгістрацыі двух відаў для Гарадзеншчыны. А рыбіну такую магла б забіць ды выцягнуць на бераг, напэўна, толькі выдра. Потым ёй нешта перашкодзіла да яе вярнуцца і даесьць.