Првысвячаецца Салаўкам, майму сябру Юрке і Аляксандру Чаранкову (нашаму незалежнаму эксперту і дапаможцу)
Cалавецкі архіпелаг – гэта месца гістарычнае! Месца былой ссылкі людзей, зараз Салаўкі адносяцца да асабліва ахоўваемай тэрыторыі - Федэральнай дзяржаўнай установы «Салавецкі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік». Менавіта на гэтыя астравы мы вырашылі накіравацца для бёрдвотчынга. Архіпелаг уключае ў сябе 6 крупных астравоў: Вялікі Салавецкі, Анзерскі, Вялікая і Малая Муксалма, Вялікі і Малы Заяцкія астравы, і мноства дробных.
Астравы размешчаны ў палярных шыротах і амыты Белым морам, што па-рознаму ўплывае на іх клімат. Зіма можа быць даволі мяккай, а лета сонечнае ды халаднаватае з налятаючым з мора пранізлівым ветрам. Здараюцца і ўвогуле дужа цёплыя дні, асабліва далей ад мора.
Яшчэ адзін цуд Салаўкоў - гэта белыя ночы. У чэрвені тут сонца амаль не пакідае неба, а ў снежні каля 30 дзен можа не паказвацца з-за гарызонта. Самы доўгі дзень цягнецца 21 гадзіну 56 хвілін – столькі ж цягнецца ў снежні самая доўгая ноч. На архіпелагу шмат азер, аб’яднаных паміж сабой штуннымі каналамі.
Расліннасць тут багатая і разнастайная, сустракаюцца розныя прыродныя комплексы: тундра, лесатундра, таёжныя лясы і балоты. Можна доўга яшчэ распавядаць, аднак перайдзем да птушак, да нашай галоўнай цікаўнасці.
Усяго на Салаўках было адзначана 233 віды, за нашу вандроўку мы адзначылі 102 віды – добры вынік. Канешне, найбольш нас цікавілі віды, не характэрныя ці рэдкія для Беларусі. Свой паўночны birdwatching мы пачалі на вакзале горада Кемі, дзе пабачылі шызыю чайку, аднак сапраўды каштоўныя для нас віды чакалі наперадзе.
З чаек адной з самых цікавых была марская, падобная да чайкі-чорнакрылкі па афарбоўцы, яна большая і мае ружовыя ногі, а не жоўтыя. За ўвесь час на востраве гэты від мы пабачылі ўсяго разы тры. Цікава было зірнуць і на трохпалую чайку, стайка гэтых птушак праляцела міма цеплахода, яшчэ па дарозе на астравы. Бачылі гэты від і пазней, побач з марскім узбярэжжам. На тэрыторыю нашай краіны і марская і трохпалая чайкі залятаюць выпадкова.
Давялося паглядзець і на караткахвостага паморніка. Маладыя птушкі поўнасцю бурага колеру, а вось дарослыя маюць чорную шапачку і жоўтую шчочку, што дае прыгожы кантраст на фоне асноўнага шэрага пер'я. Гэта птушка сапраўдны разбойнік на моры, бачыла я як нападаў паморнік на чаек ды крычак і адбіваў у іх здабычу. Звычайна паморнік і гняздуецца паблізу ад гнездавых калоній гэтых птушак, на якіх паразытуе.
Пакуль плылі на цеплаходзе да выспаў, атрымалася паназіраць за чысцікамі, птушкамі тыпова марскімі. Вызначыць іх лёгка па белым плямам на крылах, якія добра бачны і калі птушка на вадзе, і калі ўздымаецца на крыло. Другая тыпова марская птушка – гагарка, бачылі мы яе ўсяго два разы. Першы раз з таго ж цеплахода, аднак птушка ўзнялася на крыло і добра разглядзець яе не атрымалася – вызначалі па зробленаму фота. Добра бачныя белыя палосы па баках цела – гагарка. Калі ж птушку разгледзіць, то вызначыць нескладана па характэрнай дзюбе і вертыкальнай пасадцы, нагадваючай пінгвіна. На саміх Салаўках гэты від з’яўляецца зрэдку, затое адно з буйнейшых гнездзішчаў знаходзіцца на суседніх з Салаўкамі астравах – Кузавах. Гняздуецца гэта птушка ў расколінах скал.
Вось ужо і выступіў з марава востраў, сталі бачныя купалы царквы ў манастыры і на самым падплыціі мы пабачылі звычайную гагу з вывадкам. Самкі гагі выглядаюць даволі просценька, шэрэнькія стракатыя птушачкі і толькі характэрная форма галавы дазваляе быць ўпэўненым, што перад табою гага. Вось самец у гэтага віду даволі прыгожы: амаль белы з чорнымі канцамі крылаў, зяленай патыліцай, чорнай шапачкай на галаве і белай шчакой. Толькі такіх птушак мы не бачылі, зараз усе гагі распранулі шлюбны нарад. Аднак такую знакамітую птушку ўсе роўна цікава пабачыць (хто не ведае пра пух гагі?).
На востраве мы правялі поўных 8 дзен і безумоўна патрацілі гэты час з сэнсам. Кожны дзень мы ажыццяўлялі вылазкі ў розныя кропкі Салавецкага вастрава і на іншыя вастравы каб паглядзець птушак. Адны з самых цікавых сустрэчаў адбыліся на мысе Бялужы, мысе Печак і возеры Гразным.
На мысе Бялужы нам давялося пабачыць каменешарку, а дакладней адразу трох маладых птушак. Каменешарку пазнаць легка, птушка плотна збітая з чорным фартухам на грудзях ва ўсіх узростах. Пад час міграцыі трымаецца марскіх узбярэжжаў, дзе і шукае сабе корм, падцвяржаючы сваю назву. На гэтым жа месцы нас чакаў яшчэ адзін цікавы від, а менавіта малы грыцук. Ад вялікага грыцука ён адрозніваецца больш чырвонай афарбоўкай і дзюбай крыху ўздзернутай угару. Пасля першай сустрэчы мы бачылі малых грыцукоў яшчэ некалькі разоў і від перастаў быць такой ужо дзіковінкай.
Тут жа на астраўку знаходзілася калонія палярнай крычкі, прыгожай птушкі дужа падобнай на нашу рачную крычку, толькі без чорнага кончыка дзюбы. Калі мы дабраліся да калоніі, крычкі ўзляцелі на абарону свайго дому, з крыкамі і трэскатам яны наляталі на нас зверху, стараліся патрапіць дзюбай у галаву. Сапраўды страшна, хаця здаецца птушка маленькая, а храбрэц. Калі прыгледзецца, сярод камянеў можна было ўбачыць птушанят крычкі, зусім розных узростаў: былі тут ужо лётныя птушкі, а былі і зусім пухавічкі. Як ні сумна, але іх бацькі хутчэй ўсяго не дакормяць, адляцяць у вырай. Гэтая птушка знакаміта сваімі доўгімі пералётамі да месцаў зімовак у берагоў Антарктыды. Каб дабрацца туды, птушкі пераадольваюць па дваццаць тысяч, а некаторыя і па трыдцаць тысяч кіламетраў.
Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, на гэтым мысу (як можна здагадацца з назвы) можна паназіраць за бялухамі. Як раз у вясенне-восеньскі перыяд у іх з’яўляецца патомства і яны трымаюцца прыбрэжных зон. Сама жывела згодна з назвай белая, а вось дзеці родзяцца сінімі і толькі праз год становяцца шэрымі, а праз пяць набываюць белы колер. Трымаюцца яны стаямі, і тут на Бялужым можна было бачыць групы з 30 – 40 жывёл, - то тут, то там выглядвалі з вады белыя спіны.
Мыс Печак прынес ў наш спіс пярэстую качку, прыгожую і ўрачыста апранутую. На вадзе трымалася стая з маладых і дарослых птушак. Маладыя больш карычневыя, а вось дарослыя - прыгажуны з белымі бачкамі і зяленай галавой. У самца над дзюбай чырвоны выраст-упрыгожванне. На астравах мы былі напрацягу першых 9 дзен жніўня, гэта самы пачатак міграцыі, і на берагавой лініі мора з’явіліся стайкі кулічкоў, у асноўным з вялікіх кіркуноў, сяўцоў ды малых і вялікіх зуйкоў. Сярод такіх вось стаек мы і разгледзелі ісландскіх пясочнікаў: ярка афарбованых дарослых птушак з чырвонымі грудзямі, што значна палегчыла іх вызначэнне. На фоне вялікіх кіркуноў ісландскі пясочнік выдзеляўся большымі памерамі.
Аднак гэта апавяданне атрымалася цалкам пра Вялікі Салавецкі востраў, а нам пашчасціла пабываць і на іншых астравах архіпелагу. Напрыклад, на востраве вялікая Муксалма, куды можна трапіць пешшу, паўз дарогу-дамбу. Дамба гэтая моцна ўражвае - пабудованная яна з камянёў, напрацягу 1200 метраў выгінаецца яна мастом паміж дзвума астравамі. І хаця ведаеш, што пабудавалі яе людзі, але ўражанне нейкае дзівоснае, напэўна таму, што няма тут асфальту ды бетона і дамба арганічна ўпісалася ў прыродны пейзаж.
На гэтым востраве ў нас было паляванне за стрынаткамі, якое ў першы дзень скончылася нічым. Затое на зваротнай дарозе на возеры Вялікае Тарфяное мы сустрэлі чырвонаваллёвых гагачоў - шэсць птушак, сярод іх пара з птушанём. Дарэчы, гагачоў на Салаўках шмат, амаль на кожным возеры можна сустрэць чорнаваллёвага, - нярэдка са сваімі гучнымі крыкамі пралятаюць гэтыя птушкі над пасёлкам.
Далей мы трапілі на Заяцкія вастравы, дзякуючы мясцоваму арнітолагу Чаранкову Аляксандру (старэйшаму навуковаму супрацоўніку Салавецкага філіяла Беламорскай Біялагічнай Станцыі). З гэтым знаёмствам нам моцна пашанцавала, бо Аляксандр дапамагаў нам напрацягу ўсяго нашыга жыцця на востраве. Дзякуючы яму мы сплавалі на вастравы Заяцкія і Сенныя луды, ён дапамагаў з вызначэннем відаў, даваў парады пра лепшыя птушыныя месцы і ў нас заўседы быў дом, дзе нас прымалі нязменна з радасцю.
Што тычыцца Заяцкіх вастравоў, то ў плане назірання за птушкамі яны даволі бедныя. Сюды турысты едуць, каб зірнуць на лабірынты на Вялікім Заяцкім востраве, якія археолагі не могуць ні дакладна датаваць, ні растлумачыць іх прызначэнне. Выгляд яны маюць характэрны для лабірынта – круглыя з уваходам, хады ідуць як бы па кругу. Крыху ў баку ад лабірынтаў можна паглядзець іншыя помнікі жыцця нашых продкаў – выкладкі з камянеў нагадваючыя невялікія піраміды, таксама з няведамым для нас сэнсам.
А вось вандроўка на Сенныя луды прынесла нам адны з самых незабыўных эмоцый. Справа ў тым, што менавіта тут мы пабачылі марскога пясочніка і пясчанку. Марскі пясочнік адзін з самых цікавых відаў пабачаных намі за ўсю вандроўку. Від гэты выпадкова залётны для Беларусі, наўвогул малавывучаны і рэдкі ў свеце. Для арнітолага сапраўдны поспех пабачыць гэты від. Пясчанку мы пабачылі побач з марскімі пясочнікамі. У летняй вопратцы пералятала пясчаначка з выступа на выступ, прыгажуня. І пясчанка і марскі пясочнік віды арктычныя, абіраюць для жыцця і гнездавання тундру.
Асобная справа для нашай вандроўкі вераб’іныя, вось віды за якімі прыйшлося сапраўды пабегаць. У нашай скарбонцы з вераб’іных апынулася два віда стрынатак: стрынатка-рэмез і стрынатка-крошка. Як і іншыя стрынаткі гэтыя птушачкі шэранькія, пестранькія. Маладыя птушкі стрынаткі-рэмеза і трысняговай стрынаткі дужа падобныя паміж сабой. Аднак у адрозненні ад трысняговай стрынаткі на крыле ў стрынаткі-рэмеза есць дзве белыя палоскі, за вухам белая кропачка і ніз дзюбы ружовы. Вось і ўсе адрозненні, дэталі мелкія на верткай птушке, якая завіхаецца ў кустах не так і легка ўсе гэта разгледзіць. Пагэтаму можна зрабіць памылку ў вызначэнні, як зрабілі яе мы. Аднак Аляксандр паправіў нас і пачалося паляванне на стрынатак: у падыходзячых біятопах мы прайгравалі запіс галасоў гэтых птушак, у надзеі на адказ. Першым адказаў рэмез, пачулася з кустоў знаемая пазыўка. Сядзела насупраць нас птушка з белымі палоскамі на крылах і плямкай за вушкам. Пазней пабачылі і крошку, гэта стрынатка значна мялчэй астатніх, з рыжай масачкай і рыжай палоскай пасярэдзіне галавы. Сустрэлі мы яе выпадкова, дзве птушкі выскачылі з хмызняку і адна з іх нават крыху папазіравала, атрымалася зрабіць некалькі фота. Вызначаецца крошка даволі лёгка, нават у маладых птушак добра бачны рыжыя палосачкі.
Акрамя стрынатак, з характэрных вераб’іных птушак мы планавалі паглядзець таксама на сіняхвостку і лапландскую гаечку. Сіняхвостка - птушка з даволі нечаканай і незвычайнай афарбоўкай для паўночнага жыхара. У шлюбным уборы самец шэра-блакітны, з рыжымі бакамі і белым колерам грудзей. Аднак восенню ў самцоў блакітны колер застаецца толькі ў плямах на плячах ды хвасце. Самачка ж, як водзіцца ў птушак, афарбована больш сціпла: асноўна колер шэры, таксама з рыжымі бачкамі і сінім хвастом. Увогуле птушка падобна да мухалоўкі. Цікава таксама і тое, што птушкі поўнасцю сіняга колера сустракаюцца рэдка, большасць самцоў падобна да самак і выглядае блекла. Сіняхвостка для жыцця абірае стары, нават старажытныі лес, дзе і сутрэлася нам, а дакладней адгукнулася, бо пабачыць гэту птушку нам так і не давялося. Як і лапландскую гаечку. Спрабавалі мы яе падманіць на голас, аднак вакол можна было назірать толькі звычных нам бурагаловых сінічак. Трэба сказаць, што віды адзін да аднаго падобныя, аднак лапландская гаечка мае больш карычневага колеру у апярэнні. Магчыма, што сярод бурагаловых хаваліся і лапландскія, аднак дакладнага вызначэння не адбылося, хаця від гэта для Салаўкоў звычайны.
Вандроўка атрымалася добрай! У нас атрымалася сустрэцца амаль з усімі цікавымі відамі Салаўкоў. Акрамя гэтага Салаўкі выдатнае месца адпачынку, змораны горадам тут ты набываеш моц і яднаешся з прыродай.
Настасся Кузьмянкова; фота: Юра Янкевіч
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 26.08.2014 - 01:13
Вельмі падрабязны і цікавы
Вельмі падрабязны і цікавы расповед! І фоткі файныя - вялікі дзякуй!
Apus - 26.08.2014 - 11:16
Цікавае падарожжа атрымалася,
AV - 26.08.2014 - 14:54
супер, вельмі цікава,
супер, вельмі цікава, дзякуй!