Ужо ў 15-ты раз Гродзенскае абласное аддзяленне ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" запрашае гарадзенцаў з любым узроўнем падрыхтоўкі, і асабліва сем’і з дзеткамі і падлеткамі, далучыцца да ПанЕўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі, якія ў апошнія гады адначасова адбываюцца ў 40 краінах нашага кантыненту.
У нядзелю, 2 кастрычніка, адбудзецца палявая экскурсія на р.Нёман і бліжэйшыя да в.Свіслач вадасховішчы (Гродзенскі раён). Там можна будзе назіраць за міграцыяй вераб’іных птушак, а таксама вялікай колькасцю розных качак (свіцьваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак і іншых кулікоў– усяго мы плануем адзначыць каля 50 відаў птушак, паказаць іх і распавесці чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ці падобных відаў.
Каб назіранні адбываліся цікавей і больш карысна, у нас будуць для выкарыстаня пад час экскурсіі трубы і біноклі, а таксама вызначальнікі і дасведчаныя гіды-бёдуотчары.
Пад час абеду, які падвядзе смачную рысу экскурсіі, будзе сумеснае смажанне каўбасак і іншыя палявыя прысмакі. Таму для іх папярэдняга закупу трэба пацвердзіць свой удзел у экскурсіі, магчымасць выкарыстання ўласнага аўтамабіля і колькасць вольных месцаў у ім на маб. тэл. +375 336 887589 (Дзьмітры Вінчэўскі) да 17.00 суботы, 01.10.2016.
Кошт палявога “абеду” аднаго дарослага – 50 тысяч, дзіця ці падлетка – 25 тысяч руб.
Выезд у 9.30 са стаянкі каля будынку малодшых класаў былой школы №1 на вул. Падольная насупраць дому №8 (паміж запраўкай і будынкам БІП). Вяртанне ў горад каля 15.00.
Каб экскурсія прайшла прыемна, не забудзьце ўзяць адзенне, адпаведнае зменліваму кастычніцкаму надвор’ю (звычайна зранку можа быць холадна, а ў абед –сонечна і цёпла), зручны палявы абутак (красоўкі ці невысокія гумовікі для мокрай травы). Тэрмас з гарачым напоем не будзе лішнім.
Як адбывалася экскурсія год таму, можна паглядзець ТУТі ТУТ
Здымкі з мінулагодняй экскурсіі Дзьмітрыя Вінчэўскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ