Нават непералётныя птушкі выкарыстоўваюць магнітны компас для арыентацыі

Не толькі тыя віды птушак, якія мігрыруюць на вялікія адлегласці, маюць унутраны магнітны компас каб арыентавацца ў прасторы. Новае даследаванне, зробленае навукоўцамі з універсітэту Лунда (Швецыя) паказала, што непералётныя птушкі таксама могуць выкарыстоўваць магнітныя палі Зямлі для арыентацыі.

Для правядзення доследаў выкарыстоўвалася група зебравых амадзін (Taeniopygia guttata)- папулярнага для ўтрымання і развядзення ў няволі віда вераб’іных птушак, якія вядомыя як пераважна аселыя ў прыродзе. Дзікія зебравыя амадзіны распаўсюджаны ў Інданезіі і Аўстраліі, дзе яны робіць пералёты на невялікія адлегласці ў пошуках ежы.

Птушкі могуць выкарыстоўваць залежны ад святла магнітны компас, які забяспечвае іх інфармацыяй пра размяшчэнне геамагнітных палёў. Існуюць гіпотэзы, што такі компас змешчаны ў сетчатай абалонцы вачэй (рэціне) птушак і працуе на аснове зменаў у рэцэптарных малекулах вока з удзелам святла і крыптахромаў, які лічыцца асноўным вядомым магнітарэцэптарам не толькі ў птушак.

Каб праверыць адрозненні ў паводзінах птушак пад уздзеяннем святла рознага спектру, правяоаліся спектральныя магчымасці магнітнага компаса ў амадзін. Для гэтага птушкі трэніраваліся змяняць сваё месцазнаходжанне ў адказ на святло рознага спектру з падмацаваннем-узнагародай у выглядзе ежы ў штучна створаным магнітным поле.

“Атрыманыя вынікі сведчаць, што падобны механізм арыентацыіз дапамогай магнітнага компаса ёсць ва ўсіх птушак- як тых, якія перамяшчаюцца пад час рэгулярных міграцый на вялікія дыстанцыі, так і аселых. Апошнія могуць выкарыстоўваць яго для арыентацыі ў сваёй лакальнай мясцовасці” – сказаў Аццікус Пінзон-Радрыгес (Atticus Pinzón-Rodríguez), аспірант і адзін з аўтараў работы.

Хаця пра магнітны компас у птушак вядома параўнальна даўно, як дакладна ён працуе ўсё яшчэ вядома вельмі мала. Аднак тое, што ён ёсць ва ўсіх птушак і хутчэй за ўсё працуе аднолькава, ужо важны крок наперад у справе зразумення іх арыентацыі.

Крыніца:

Atticus Pinzon-Rodriguez et al (2017). Zebra finches have a light-dependent magnetic compass similar to migratory birds, The Journal of Experimental Biology DOI: 10.1242/jeb.148098

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.carnivoraforum.com

 

 

На гэтую тэму:

АРНІТАЛОГІЯ ЎЖО НІКОЛІ НЕ БУДЗЕ РАНЕЙШАЙ?

АДРОЗНЕННІ Ў ГЕНАХ ПЯЧУРАВАК З РОЗНЫХ ПАПУЛЯЦЫЙ ПРЫМУШАЮЦЬ ІХ ЗІМАВАЦЬ У РОЗНЫХ МЕСЦАХ

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый

У мазгу галубоў знойдзены GPS?