Рэкордны год брытанскіх бёдуотчараў

    Згодна са статыстычнымі дадзенымі, якія толькі цяпер падрыхтавалі тры найбуйнейшыя бёдуотчарскія арганізацыі Вялікабрытаніі, 2008 год стаў рэкордным па колькасці адзначаных у краіне відаў птушак.
Такім чынам, у 2008 годзе тут было зарэгістравана 418 відаў, сярод якіх многія залётныя птушкі з розных рэгіёнаў планеты.

   Аднымі з самых цікавых назіранняў, апублікаваных у справаздачы часопіса British Birds, ёсць чарнабровы альбатрос Diomedea melanophris  з акіянаў Паўднёвага паўшар’я, заўважаны ў Argyll; чорнагаловая амерыканская леска Dendroica striata з Паўночнай Амерыкі, якую зарэгістравалі ў Pembrokeshire; шэракрылая чайка Larus glaucescens з Паўночнай часткі Ціхага акіяну, заўважаная ў Cleveland; сокал Элеаноры Falco eleonorae з Міжземнамор’я, адзначаны ў Essex; і чорны жаўрук Melanocorypha yeltoniensis з Цэнтральнай Азіі, які заляцеў у Norfolk.
Да канца 2009 году фауністычнай камісіяй былі пацверджаны назіранні 407 відаў у 2008 годзе, яшчэ 11 чакаюць зацверджання. Сярод іх – міжземнаморскі буравеснік (Puffinus yelkouan) і лімонны юрок (Serinus citrinella) з Альпаў. Калі рэгістрацыі пацвердзяцца, гэта будуць новыя віды для Вялікабрытаніі
Пасля параўнання ўсіх рэгістрацый, у пазамінулым годзе Англія аказалася найлепшым рэгіёнам па колькасці адзначаных тут рэдкіх відаў – такіх аказалася 76, за ёй ідзе Шатландыя - 61 рэдкі від. Сярод невялікіх тэрыторый лідзіруюць Шэтландзкія і Знешнія Гібрыдзкія астравы (Shetland, Outer Hebrides), дзе бёдуотчары заўважылі 27 і 21 рэдкі від адпаведна. 
     Грэхэм Мэдж (Grahame Madge), які адсочвае ў RSPB віды птушак, адзначаныя ў Вялікабрытаніі ў гэтым тысячагоддзі, сказаў “Размешчаныя на ўскрайку Паўночна-Заходняй Еўропы, Брытанскія астравы - зручнае месца для пралётных птушак з усіх кірункаў стрэлкі компасу. Аднак гэта не значыць, што ў нас сустракаюцца толькі рэдкія і залётныя птушкі. Мы маем разнастайныя біятопы: горы, марскія скалы, верасовыя пустэчы, балоты і лясы. Таму каля 300 відаў птушак рэгулярна  сустракаюцца ў нас хаця б пад час гнездавання, міграцыі або зімоўкі і могуць быць адзнaчаны любым бёдуотчарам на працягу году.”
     Брытанскі камітэт па птушыным рэдкасцям (British Birds Rarities Committee (BBRC) з 1958 году штогод правярае і пацверджвае факты цікавых назіранняў птушак, пры чым свае справаздачы публікуе ў часопісе British Birds.
Эдэм Роўлэндс (Adam Rowlands), старшыня BBRC, сказаў: “Пад час святквання 50 гадавіны з пачатку нашай працы вельмі прыемна адзнaчаць таксама рэкордны год па колькасці зарэгістраваных відаў птушак.”
Цікава, што ў 2009 годзе паводле справаздач бёдуотчараў, яны азначылі ўжо каля 450 відаў птушак. Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што мінулы год не стане рэкордным з-за таго, што многія назіранні не маюць добрых доказаў і былі вельмі кароткачасовымі каб іх павярхоўнае апісанне было зацверджана BBRC.
Фіона Бэрклэй (Fiona Barclay), бёдуотчарскі гід, так пракаментавала навіну: “Параўноўваючы нават з канцом 1980-х – пачаткам 1990гг, цяпер мы маем нашмат больш шанцаў убачыць рэдкі від. На працягу лічаных хвілін інфармацыя аб цікавым назіранні дасягае /ўсіх ахвотных/, і многія маюць адпаведны рыштунак каб сфатаграфаваць, а потым правільна вызначыць убачанае.”
    Роджэр Рыдынгтан (Roger Riddington), рэдактар British Birds, сказаў: “Наш часопіс дакументуе назіранні брытанскіх бёдуотчараў з 1907 году. На той час менш чым 400 відаў было адзначана на Брытанскіх астравах, а цяпер штогод мы назіраем большую лічбу. Я ўпэўнены, што гэтыя змены звязаны больш з падвышэннем якасці назіральнікаў і колькасцю часу, які траціцца на задавальненне, якое мы атрымліваем ад назіранняў за птушкамі”.
 

На здымку з www.birdwatch.co.uk – шэракрылая чайка ў Кліўлендзе ў 2008 годзе.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:

Апошнія змены ў складзе авіфауны Польшчы

Малы баклан крочыць па Еўропе

Гішпанскія рэдкасці афіцыйна зацвердзілі