Невялікая сава забіла ляніўца

    Hавукоўцы ўпершыню атрымалі доказы, што совы здольныя забіць ляніўца. Яны знайшлі цела трохпалага ляніўца, які меў радыё-ашыйнік і смяротныя пашкоджанні. Апошнія паказалі, што яго забіла акуляравая сава, якая і з’ела частку яго ўнутраных органаў.  Незвычайнае ў гэтым выпадку тое, што акуляравыя совы нашмат меншыя за ляніўцаў. Першыя маюць усяго 45 см даўжыні і важаць каля 1,25 кг, тады як ляніўцы гэтага віду даўжэйшыя мінімум удвая і важаць прыкладна ў 4 разы больш.

    Трэба дадаць, што на зямлі ляніўцы лічацца амаль безабароннымі і камуфляжная афарбоўка і амаль адсутнасць рэзкіх рухаў - іх галоўная абарона.
Дэталі незвычайнага палявання савы апісаныя ў часопісе Edentata.
Каманда навукоўцаў з ЗША і Германіі вывучала ляніўцаў, якія жывуць на востраве Barro Colorado ў Панаме, вывучаючы розныя аспекты іх паводзінаў, асабліва іх цікавіла, як ляніўцы спяць у прыродзе.
Для гэтага частка ляніўцаў была забяспечана радыё-перадатчыкамі. Пад час сачэння за імі, адзін з карычневагорлых трохпалых ляніўцаў (Bradypus variegatus) спусціўся з дрэва ўніз, пасля чаго раптам перастаў перамяшчацца.
Калі даследчыкі дабеглі на месца, адкуль сыходзіў сігнал, лянівец ляжаў нежывы.
Агляд парэшткаў ляніўца ў лабараторыі паказаў серыю праколаў-слядоў ад кіпцюроў, памеры і адлегласць паміж якімі маглі адпавядаць толькі акуляравай саве (Pulsatrix perspicillata).
Гэтае адкрыццё сапраўды здзівіла даследчыкаў.
    "Ляніўцы – параўнальна вялікія жывёлы, і мы думалі, што драпежнікі на іх павінны таксама мець параўнальна вялікія памеры – такія, як арлы-гарпіі або ацелоты” – сказаў Брайсан Войрын (Bryson Voirin) з Інстытута орніталогіі Макса Планка у Radolfzell, Германія.
Не гледзячы на назву і распаўсюджанае меркаванне, ляніўцы спяць не больш 10 гадзін у суткі, а іх марфалогія і паводзіны максімальна прыстасаваныя да жыцця ў кронах дрэваў. Яны стараюцца перасоўвацца як мага павольней, каб заставацца незаўважанымі для драпежнікаў. Аднак прыкладна раз у 7-8 дзён яны спускаюцца, каб “пайсці ў прыбіральню” пад дрэвам або вымушаныя мяняць дрэва на іншае, а для гэтага таксама неабходна спускацца на зямлю. Тут іх і чакаюць шматлікія небяспекі, як аказалася, часам нават нашмат меншага, чым яны, памеру.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments

2Королёк2010

акуляравыя совы нашмат меншыя за ляніўцаў. Першыя маюць усяго 45 см даўжыні і важаць каля 1,25 кг, тады як ляніўцы гэтага віду даўжэйшыя мінімум удвая і важаць прыкладна ў 4 разы больш