У мінулыя выходныя амаль 70 чалавек рознага ўзросту (ад 6 да 70 год) і статусу (ад першакласніка да доктара навук) прынялі ўдзел у канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Сябраў АПБ з усіх абласцей Беларусі і гасцей з Польшчы на два дні гасцінна прыняла гімназія №1 імя акадэміка Я.Карскага.
Пачалася канферэнцыя не зусім звычайна. Справа ў тым, што выступленні гасцей з Польшчы былі пастаўлены першымі, а яны забыліся пераставіць гадзіннікі на наш час. Канферэнцыя ўжо павінна была пачынацца, а яны ў гатэлі думалі, што ў іх яшчэ гадзіна часу ў запасе… Аднак дзякуючы паразуменню з усімі выступоўцамі, пад час канферэнцыі атрымалася нагнаць страчаны на пачатку час.
Пра свае ўражанні ад птушак і прыроды Паўднёва-Усходняга Алтаю распавёў д.б.н. Васіль Грычык з Мінску. Яго цікавыя здымкі і параўнанні алтайскай прыроды, краявідаў і птушак не заставілі абыякавымі нікога і выклікалі разнастайныя пытанні.
Пасля яго з вялікай колькасцю фактаў пра жыццё і значнае павелічэнне колькасці арлана-белахвоста ў Польшчы дзякуючы эфектыўнай ахове выступіла д-р Дарота Завадзка, якая прадстаўляла Камітэт аховы арлоў (KOO). Шматлікія пытанні дапамаглі лепш зразумець прадстаўленыя дыяграмы.
Выключна дэталёвай была прэзентацыя Міраслава Жэнпалы (Прыродаахоўнае таварыства “Bocian”). Шматлікія прыклады вырабу і размяшчэння гнездавых скрынь для сокала-пустальгі, які абраны ў Беларусі Птушкай 2010 году, былі заснаваныя на ўласным шматгадовым досведзе і паспяховых ды няўдачных прыкладах дзеянняў польскіх прыродаахоўных арганізацый. Таму гэта прэзентацыя мае шанец стаць самай карыснай для сябраў АПБ у гэтым годзе. Мы плануем яе размяшчэнне ў раздзеле, прысвечаным пустальзе.
Пад час афіцыйнай часткі была адзінагалосна адобрана справаздача аб дзейнасці аддзялення ў мінулым годзе, а таксама справаздача Рэвізійнай камісіі. На вядомасць аб тым, што трэці год запар наша аддзяленне стала лепшым у конкурсе рэгіянальных аддзяленняў АПБ, з залі прагучалі заахвочвальныя водгукі. А пад час узнагароджання прызёраў і пераможцаў абласнога этапу конкурсу выяўленчых прац “Шэрая гусь – птушка 2009 году” школьнікам Гродна і Слоніма апладзіравалі ўсе.
Нечаканую праблему для птушак (і людзей) падняў у сваім выступе Аляксандр Вінчэўскі з Мінску. Калі прымяніць ацэначныя разлікі заходне-еўрапейскіх орнітолагаў да беларускіх рэаліяў, атрымліваецца, што ў выніку сутыкненняў з шыбамі розных будынкаў у Беларусі гіне штогод каля 1,5 мільёна птушак розных відаў! Што можна зрабіць, каб значна зменшыць колькасць ахвяраў гэтых ненаўмысных забойстваў і была прысвечана другая частка прэзентацыі.
Пасля абеду быў праведзены конкурс на веданне птушак сярод падлеткаў. Але нават вызначальнікі не дапамаглі спаборнікам правільна вызначыць хаця б палову відаў, прадстаўленых на фільміках. Таму выснова адна – вучыцца трэба найперш у полі!
Перад пачаткам канферэнцыі ў холе гімназіі была адкрытая ўжо традыцыйная, пятая, фотавыстава “Нашы птушкі”, якая сёлета складаецца з больш чым 40 здымкаў шасці фатографаў з Гарадзеншчыны. Таксама традыцыйна лепшыя здымкі выбіралі ўсе ўдзельнікі канферэнцыі. Ў пяты раз (!) пераможцам быў абраны Мікалай Гулінскі за серыю фотаздымкаў вусатых сініц. На другім месцы апынуўся Леанід Шчаглоў – гэты прафесійны фатограф удзельнічаў у нашай фотавыставе ўпершыню, аднак пакарыў сваім здымкам амялушкі многіх гледачоў. Не гледзячы на стабільна выдатныя фотаработы, толькі трэцяе месца атрымаў здымак Дзьмітрыя Якубовіча, на якім шэрая чапля ляціць сярод заснежанага трыснягу. Шматлікія выдатныя здымкі першага і апошняга аўтараў можна паглядзець у нашай Галерэі.
Таксама ўсімі прысутнымі быў абраны лепшы артыкул у абласным бюлетэні “Кабец”. Найбольш балаў атрымаў комікс “Прыгоды жураўля Сымона” (які ў электронным выглядзе можна спампаваць тут: ), і адна з яго аўтарак – Юлія Патоцкая з Баранавіч - атрымала каштоўны падарунак.
Па біноклю і дыплому атрымалі самыя актыўныя клубы “Крылаты дазор”: Новадворскай СШ (кіраўнічка – Марыя Панотчык) і СШ № 35 г.Гродна (кіраўнічка – Ала Аленнікава).
За асабісты ўклад у прапаганду вывучэння і аховы птушак палявым вызначальнікам “Птушкі Еўропы” і дыпломам быў узнагароджаны фотакарэспандэнт БелТА Леанід Шчаглоў.
Гісторыю значнага змяншэння колькасці трох відаў цецяруковых птушак і пра яе магчымыя прычыны на тэрыторыі Белавескай пушчы распавёў к.б.н. Мікалай Чэркас з Брэста. Яго высновы выклікалі шматлікія пытанні прысутных.
А потым пачалася самая каляровая частка канферэнцыі. Спачатку свае і здымкі брата Гжэгажа прадставіў у выглядзе слайд-шоў “Птушкі Аўгустоўскай пушчы” Станіслаў Завадзкі, а пасля на прыкладзе сваіх самых выдатных кадраў паказаў слайд-шоў “Птушкі Гарадзеншчыны” Дзьмітры Якубовіч з Гродна. Абедзве прэзентацыі выклікалі гучныя станоўчыя апладысменты ўдзельнікаў канферэнцыі.
Рэдактар штотыднёвай праграмы “Ў аб’ектыве натураліста” абласнога Гарадзенскага тэлебачання Віталь Гуменны (разам са сваёй камандай ён быў узнагароджаны дыпломам за асабісты ўклад у прапаганду аховы птушак Беларусі) прадставіў самыя цікавыя моманты свайго трохдзённага падарожжа па Белавескай пушчы.
Мадэратар нашага сайту Яўген Сліж нагадаў асноўныя моманты і статыстыку першага году жыцця Birdwatch.by і заклікаў усіх сваімі фотаздымкамі, назіраннямі і каментарамі-заўвагамі далучацца да яго паляпшэння.
На пры канцы папярэднія вынікі ўлікаў вяртлявай чаротаўкі на ТВП “Гарадзенская Свіслач” і выяўленыя праблемы ў ахове гэтай каштоўнай прыроднай тэрыторыі прадставіў Дзьмітры Вінчэўскі.
Ён жа, разам з Віталем Гуменным распавёў пра асноўныя планы дзейнасці аддзялення ў 2010 годзе.
На наступны дзень для студэнтаў – сябраў АПБ з Віцебску, Брэста, Баранавіч, Гродна, Горак і Мінска адбыўся семінар. Пасля тэарэтычнай часткі пра правілы фармулёўкі праблем і асноўныя моманты, неабходныя для падрыхтоўкі добрага праекту, атрымалася зрабіць першыя крокі па напісанню заявак на міні-пректы па вывучэнню і ахове птушак, а таксама прыцягненню новых і ўтрыманню “старых” сябраў АПБ. А разам са стваральнікамі нашага сайту, праграмістамі з кампаніі NewMedia.by былі абмеркаваныя асноўныя моманты, неабходныя для паспяховага развіцця Birdwatch.by .
Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддязленне АПБ
на фотаздымку Сябра Савету Гродзенскага аблсанога аддзялення
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Белахвост - 23.02.2010 - 21:50
Цікава вам было! Шкада, што я
Цікава вам было! Шкада, што я не патрапіў, але я не сустрэў бы Філіна, ці сустрэў позна.
АВ (госць) - 23.02.2010 - 23:49
гэта дарэчы першая
Белахвост - 24.02.2010 - 01:31
У мяне двое вельмі добра
У мяне двое вельмі добра вызначаюць. Я іх, нават, часам, адных адпускаю: у сэнсе, што мы падзяляемся на групоўкі. Яны самі шылахвостку вызначылі з стаі крыжанак, якую я не адразу заўважыў, а потым даведаліся хто гэта. Апісалі правільна. Зімовыя віды яны ўжо добра вызначаюць. А летніх яшчэ, пакуль, не ведаюць.
Harrier - 26.02.2010 - 15:17
In reply to У мяне двое вельмі добра by Белахвост
тут можна прачытаць "польскі
тут можна прачытаць "польскі погляд" і паглядзець трохі здымкаў з нашай канферэнцыі:
http://www.bocian.org.pl/aktualnosci-2010/20899-Ornitologiczny-zjazd-w-Grodnie