Параўнальна невялікая гняздуючая ў Шатландыі папуляцыя палявых луней (Circus cyaneus), дзякуючы сучасным метадам вывучэння дапамагла сёлета ўбачыць незвычайныя і раней невядомыя падзеі. Партнёрства ў абарону знікаючых на Брытанскіх астравах палявых луней пад назвай Heads Up for Harriers, разам з праектам Дзеянняў супраць злачынстваў прыродзе (Action Against Wildlife Crime (PAW)) Scotland), выкарыстоўвала на некалькіх гнёздах віду спецыяльныя фота-лавушкі, якія і зарэгістравалі не толькі цікавыя паводзіны аднаго з самцоў, але і паляванне на птушанят луней ажно двух відаў соваў.
На адным з гнёздаў самец двойчы стаяў каля самага гнязда больш, чым паўгадзіны пасля таго, як самка са здабычай адляцела на прысаду ашчыпаць яе і пад’есці. Такім чынам, самец яўна ахоўваў птушанят ад магчымага нападу драпежнікаў на зямлі, хаця звычайна яны гэта робяць пад час адсутнасці на гняздзе самкі толькі з паветра.
На іншым гняздзе палявога луня, якое знаходзілася на поўдні Шатландыі, камера запісала шакуючыя кадры таго, як вушатая сава забіла вывадак з 5 птушанят. Перад тым, як вушатая сава ўначы атакавала птушанят, самаму старэйшаму з якіх было 8 дзён, ліса спалохала самку з гнязда і яна адляцела з яго. Пад час яе начной адсутнасці, неабаронены вывадак першай знайшла іншая, - балотная сава, але не забіла іх, як і ліса.
Прафесар Дэс Томпсан (рrof. Des Thompson), старшыня групы PAW Scotland у партнёрстве Heads Up for Harriers, сказаў: “Упершыню мы змаглі адзначыць падобныя паводзіны самца луня на гняздзе, як і паляванне двух відаў соваў на вывадак луней. Як наземнагняздуючы від, палявы лунь мае і так шмат небяспекаў пад час гнездавання. Таму дадатковае пераследаванне віда чалавекам павінна быць безумоўна спынена”.
Фота-пасткі, усталяваныя на гнёздах луней, дапамагаюць вызначыць розныя фактары, якія уздзейнічаюць на поспех гнездавання віду. Паводле атрыманых такім чынам дадзеных, на 27 высокагорных маёнтках з верасовымі пусташамі, на якіх знаходзіліся гнёзды з фота-пасткамі, сёлета паспяхова выляцелі 30 птушанят палявога луня.
Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымкі з фота-пастак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Палявы лунь знікае ў Англіі
Палявому луню шкодзяць авечкі?
Аўдзіт англійскай прыроды – прапалі 500 відаў!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ