Палявому луню шкодзяць авечкі?

Будучыня палявога луня (Circus cyaneus) ў Вялікабрытаніі стаіць пад вялікім знакам запытання. У Англіі сёлета паспяхова гнездавала толькі 7 пар гэтага прыгожага драпежніка., асноўнай праблемай якога амаль па ўсёй краіне застаецца нелегальны адстрэл уладальнікамі паляўнічых гаспадарак.


Акрамя гэтага – напрыклад, у Шатландыі, - разараюцца гнёзды і турбуюцца птушкі у сезон размнажэння, што памяншае магчымасці віду да ўзнаўлення сваёй нармальнай колькасці. Таму любыя новыя навуковыя дадзеныя, якія могуць палепшыць становішча лунёў, толькі вітаюцца. 
Цікавыя вынікі, апублікаваныя ў часопісе Journal of Applied Ecology, паказваюць, што правільныя рэжымы выпасу быдла ў горных далінах могуць прыносіць вялікую карысць для дзікай прыроды. Рознаўзроўневыя даплаты за адпаведныя аграсхемы і іншыя фактары прыязнага дзікім жывёлам вядзення фермерскіх гаспадарак згодна з Агульнай сельскагаспадарчай палітыкай Еўразвязу (Common Agricultural Policy (CAP)), могуць іграць ў гэтым галоўную ролю. 
Востраў Orkney збольшага вольны ад пераследаванняў драпежных птушак людзьмі, і з 1975 году менавіта тут праводзіцца дэталёвы маніторынг папуляцыі палявога луня. Паміж пачаткам 1980-х і сярэдзінай 1990-х гг. на востраве падвоілася колькасць авечак галоўным чынам з-за субсідый з фондаў CAP. Гэта драматычна адбілася на колькасці палявых лунёў: са 100 гняздуючых самак у сярэдзіне 1970-х да 3 паспяховых гнёзд у 1993 г. Адпаведна з гэтай заканамернасцю, калі субсідыі на ўтрыманне авечак пасля рэформы САР зменшыліся, зменшылася і іх колькасць. А папуляцыя палявых луней павялічылася. 
Дзякуючы дакладным дадзеным за апошнія 33 гады як па колькасці быдла на востраве, так і рэпрадуктыўным паказчыкам лунёў, навукоўцы знайшлі, што эфектыўнасць размнажэння птушак непасрэдна залежыць ад шчыльнасці авечак на галоўных гнездавых тэрыторыях і месцах паляванняў лунёў. Як толькі шчыльнасць быдла на пашах памяншалася, адрастала расліннасць і хутка павялічвалася колькасць палёвак – асноўнай здабычы лунёў на востраве, якія ў асноўным палююць над гэтым тыпам біятопаў.
Д-р Арджан Амар (Dr Arjun Amar), старэйшы навуковы супрацоўнік RSPB Scotland, які кіраваў даследаваннямі, сказаў: "Цяпер мы разумеем галоўныя чыннікі, якія патрэбны для аховы віду. Нелегальнае турбаванне і забойства птушак у многіх месцах Вялікабрытаніі, на жаль, застаюцца галоўным фактарамі смяротнасці гэтых драпежных птушак. Аднак нават там, дзе гэтых адмоўных фактараў няма, трэба праводзіць жыццёва важны мэнеджмэнт выпасу быдла ў месцах палявання і гнездавання палявых лунёў. Ад гэтага выйграюць і іншыя птушкі: пустальга, сіпуха і балотная сава.”
 

Падтрыманне неабходнага балансу паміж адпаведным узроўнем выпасу і недапушчэннем перавыпасу быдла застаецца галоўнай задачай, якой прысвецяць сваю ўвагу навукоўцы і фермеры на востраве.
 

Паводле www.rspb.org.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by