Пасля таго, як два два дроны селі на тэрыторыі гнездавой калоніі элегантных крычак (Thalasseus elegans) у прыродным рэзерваце Bolsa Chica пад Лос Анджэлесам (ЗША), усе тамтэйшыя птушкі, якіх было больш за тысячу, кінулі свае кладкі на рознай стадыі наседжвання.
Гэты від гняздуе ў шчыльных калоніях, часта гнёзды знаходзяцца на адлегласці толькі 10-30 см адно ад аднаго на забалочаных узбярэжжах. Пасля таго, як спачатку два дроны пад час палёту над калоніяй напалохалі птушак, якія яшчэ адкладвалі яйкі, магчыма, яны яшчэ маглі вярнуцца на свае гнёзды. Але калі дроны па нейкіх прычынах селі ці ўпалі паміж гнёздамі крычак, а іх уладальнікі прыйшлі іх забраць, птушкі ўжо не вярнуліся на кладкі. Усяго крычкі кінулі каля трох тысяч яек, якія, такім чынам, загінулі.
"За ўсю маю прафесійную кар’еру я не бачыла падобнай катастрофы – на гэта немагчыма глядзець” – сказала Melissa Loebl з каліфарнійскага аддзелу службы рыбалоўства і дзікай прыроды (US Fish and Wildlife service).
Негледзячы на тое, што выкарыстанне дронаў у рэзерваце забароненае, аднак іх выкарыстанне не толькі не спыненае, але ў апошні час павялічылася. Акрамя гэтага, узрасла і колькасць наведвальнікаў, якія збочваюць з пракладзеных адмыслова для іх сцежак і адпускаюць сабак пагуляць без смычы.
Пандэмія COVID-19 зменшыла колькасць людзей, якія гуляюць у рэзерваце да 60 тысяч ў 2019 годзе, аднак у мінулым годзе іх стала ўжо каля 100 тысяч.
Для параўнальна невялікага, плошчай усяго 500 га, апошняга захаванага ў натуральным стане салёнаводнага балота ў Каліфорніі, з мэтай захавання якога і быў створаны рэзерват Bolsa Chica, гэта яўна завялікая нагрузка, якую трэба адпаведна змяншаць і рэгуляваць у гнездавы сезон. Рэзерват з’яўляецца міжнародна значнай тэрыторыяй, важнай для птушак і іншых жывёл і падобныя катастрофы з элегантнымі крычкамі не павінны больш здарыцца.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак www.bolsachica.org
На гэтую тэму:
Фламінга ў Францыі "паўдзельнічалі" у здымках фільму - ёсць шматлікія ахвяры
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ